Музейны квартал: працэс, сцены і дах

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Калі хваляванні ад... брутальнага выгляду
Хваля заклапочанасці пракацілася па Інтэрнэце, калі распачалася перабудова колішняга студэнцкага інтэрната БДУ на вуліцы Карла Маркса, перададзенага Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі пад перафарматаванне прылеглай забудовы пад будучы Музейны квартал. Гэты дом, як і большасць пабудоў на згаданай вуліцы, мае статус помніка архітэктуры. Як высветлілася, шмат каму балюча бачыць яго без даху ды вокнаў. Ёсць такія і сярод нашых чытачоў. “К” наведала будаўнічую пляцоўку, каб распавесці грамадзе, што ж там насамрэч адбываецца.

/i/content/pi/cult/521/11215/4-1.jpg

Генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў даручыў быць правадніком вядучаму спецыялісту па будаўніцтве музея Уладзіміру Петухову. Той павёў у залу, дзе стаіць макет так званага Музейнага квартала — комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага ў прасторы вуліц Маркса, Леніна, Кірава. Будынак колішняга інтэрната на Маркса з’яўляецца чыннікам гэтага комплексу.

Калі яшчэ паўстане тая прыгажосць… А пакуль гмах выглядае сапраўды не надта прэзентабельна. Будоўля — на пачатковым этапе, побач у выкапаны катлаван закладаецца падмурак, — відовішча даволі брутальнае. Не надае яму эстэтыкі і міжсезонне, калі яшчэ ляжыць снег і ўжо ў наяўнасці веснавы бруд. Нездарма ці то прарабу, ці то майстру будоўлі не спадабаўся фотаапарат, якім фіксаваўся рабочы працэс. Ён хацеў прагнаць нас з пляцоўкі, але наш гід Уладзімір Васільевіч заступіўся. А зрэшты — будоўля як будоўля. Колькі я іх бачыў — усе аднолькавыя ў гэты перыяд работ на іх…

Спадар Петухоў патлумачыў нам, што тут працуюць два ўпраўленні Будаўнічага трэста № 7, на чыім рахунку — Нацыянальная бібліятэка, сталічны Чыгуначны вакзал, гасцініца “Еўропа”, аўтавакзал “Маскоўскі” ды шэраг іншых важных для Мінска аб’ектаў. Зараз па музейным комплексе асноўныя работы вядуцца на будынках па Кірава, 25 і Маркса, 22. Умацоўваюцца іх перакрыцці ды сцены, каб унутры гэтых дамоў можна было правесці дэмантаж, прадугледжаны праектам. Калі ж з’явіцца маналітнае перакрыццё, што звяжа паверхі, рыштаванні прыбяруць.

Па Кірава, 25 адсялілі тых, хто ў будынку працаваў. І два паверхі з чатырох, прыбудаваныя пасля вайны, разабралі. А два першыя паверхі — тое, якім дом быў яшчэ “да рэвалюцыі”, — умацоўваюць. Увогуле, слова “ўмацаванне” пад час гэтай экскурсіі мы чулі ад гіда найчасцей за якое іншае. Пытаемся, ці адбілася будаўніцтва на рабоце музея. Так, адказаў спадар Петухоў. Калі ў зямлю на музейным двары пачалі забіваць палі, дык супрацоўнікі музея тое адчулі, пасля чаго тэхналогію змянілі на ашчадную. Спачатку робяць свідравіны, а ўжо ў іх апускаюць палі ды заліваюць бетонам. Дойдзе чарга і да ўмацавання падмуркаў галоўнага будынка, каб не здарылася асадка.

Пытаемся ў спадара Петухова, як адсутнасць даху адбіваецца на захаванасці сцен колішняга інтэрната. Безумоўна, Уладзімір Васільевіч і сам не ў захапленні ад сітуацыі, але тлумачыць, што разабраць дах было неабходна з прычыны небяспекі: ён мог абрынуцца на людзей, якія зараз працуюць унутры. Гэта звычайная практыка, калі дэмантаж вядзецца зверху, ад даху, а будаўніцтва — знізу, ад падмурка. Зараз стадыя дэмантажная. Паставіць дах можна будзе пасля таго, як умацуюць сцены ды ўсталююць новыя перакрыцці. І музей, і будаўнікі зацікаўлены, каб гэта адбылося як мага раней. Але, зноў жа, усё залежыць ад фінансавання, якога пакуль няма. Па гэтай прычыне складана казаць і пра банер, што мог бы прыкрыць будынак без вокнаў...

Калі скончыцца будаўніцтва, сказаць цяжка. Пакуль што работы вядуцца без грошай, так бы мовіць, напавер, бо бюджэт не зацверджаны. У бягучым годзе будаўнікі не здалі яшчэ ніводнага акта зробленых работ. Заказчыкі будаўніцтва — Дырэкцыя аб’ектаў, што будуюцца, Міністэрства культуры. Акрамя рэканструяваных будынкаў, музей узбагаціцца дзвюма новабудоўлямі: гэта сховішча — дэпазітарый — і блок дапаможных памяшканняў. Асаблівасцю дадзенага праекта, у адрозненне, скажам, ад Траццякоўкі (там сховішча — асобна, экспазіцыя — асобна), з’явіцца тое, што экспазіцыя будзе закальцаванай — інакш кажучы, яна ахопіць усю прастору музея.

Праект насамрэч прыгожы. Дзеля ягонай рэалізацыі варта перанесці пэўныя нязручнасці.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"