Генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў даручыў быць правадніком вядучаму спецыялісту па будаўніцтве музея Уладзіміру Петухову. Той павёў у залу, дзе стаіць макет так званага Музейнага квартала — комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага ў прасторы вуліц Маркса, Леніна, Кірава. Будынак колішняга інтэрната на Маркса з’яўляецца чыннікам гэтага комплексу.
Калі яшчэ паўстане тая прыгажосць… А пакуль гмах выглядае сапраўды не надта прэзентабельна. Будоўля — на пачатковым этапе, побач у выкапаны катлаван закладаецца падмурак, — відовішча даволі брутальнае. Не надае яму эстэтыкі і міжсезонне, калі яшчэ ляжыць снег і ўжо ў наяўнасці веснавы бруд. Нездарма ці то прарабу, ці то майстру будоўлі не спадабаўся фотаапарат, якім фіксаваўся рабочы працэс. Ён хацеў прагнаць нас з пляцоўкі, але наш гід Уладзімір Васільевіч заступіўся. А зрэшты — будоўля як будоўля. Колькі я іх бачыў — усе аднолькавыя ў гэты перыяд работ на іх…
Спадар Петухоў патлумачыў нам, што тут працуюць два ўпраўленні Будаўнічага трэста № 7, на чыім рахунку — Нацыянальная бібліятэка, сталічны Чыгуначны вакзал, гасцініца “Еўропа”, аўтавакзал “Маскоўскі” ды шэраг іншых важных для Мінска аб’ектаў. Зараз па музейным комплексе асноўныя работы вядуцца на будынках па Кірава, 25 і Маркса, 22. Умацоўваюцца іх перакрыцці ды сцены, каб унутры гэтых дамоў можна было правесці дэмантаж, прадугледжаны праектам. Калі ж з’явіцца маналітнае перакрыццё, што звяжа паверхі, рыштаванні прыбяруць.
Па Кірава, 25 адсялілі тых, хто ў будынку працаваў. І два паверхі з чатырох, прыбудаваныя пасля вайны, разабралі. А два першыя паверхі — тое, якім дом быў яшчэ “да рэвалюцыі”, — умацоўваюць. Увогуле, слова “ўмацаванне” пад час гэтай экскурсіі мы чулі ад гіда найчасцей за якое іншае. Пытаемся, ці адбілася будаўніцтва на рабоце музея. Так, адказаў спадар Петухоў. Калі ў зямлю на музейным двары пачалі забіваць палі, дык супрацоўнікі музея тое адчулі, пасля чаго тэхналогію змянілі на ашчадную. Спачатку робяць свідравіны, а ўжо ў іх апускаюць палі ды заліваюць бетонам. Дойдзе чарга і да ўмацавання падмуркаў галоўнага будынка, каб не здарылася асадка.
Пытаемся ў спадара Петухова, як адсутнасць даху адбіваецца на захаванасці сцен колішняга інтэрната. Безумоўна, Уладзімір Васільевіч і сам не ў захапленні ад сітуацыі, але тлумачыць, што разабраць дах было неабходна з прычыны небяспекі: ён мог абрынуцца на людзей, якія зараз працуюць унутры. Гэта звычайная практыка, калі дэмантаж вядзецца зверху, ад даху, а будаўніцтва — знізу, ад падмурка. Зараз стадыя дэмантажная. Паставіць дах можна будзе пасля таго, як умацуюць сцены ды ўсталююць новыя перакрыцці. І музей, і будаўнікі зацікаўлены, каб гэта адбылося як мага раней. Але, зноў жа, усё залежыць ад фінансавання, якога пакуль няма. Па гэтай прычыне складана казаць і пра банер, што мог бы прыкрыць будынак без вокнаў...
Калі скончыцца будаўніцтва, сказаць цяжка. Пакуль што работы вядуцца без грошай, так бы мовіць, напавер, бо бюджэт не зацверджаны. У бягучым годзе будаўнікі не здалі яшчэ ніводнага акта зробленых работ. Заказчыкі будаўніцтва — Дырэкцыя аб’ектаў, што будуюцца, Міністэрства культуры. Акрамя рэканструяваных будынкаў, музей узбагаціцца дзвюма новабудоўлямі: гэта сховішча — дэпазітарый — і блок дапаможных памяшканняў. Асаблівасцю дадзенага праекта, у адрозненне, скажам, ад Траццякоўкі (там сховішча — асобна, экспазіцыя — асобна), з’явіцца тое, што экспазіцыя будзе закальцаванай — інакш кажучы, яна ахопіць усю прастору музея.
Праект насамрэч прыгожы. Дзеля ягонай рэалізацыі варта перанесці пэўныя нязручнасці.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ