…любові да бліжняга

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

Ганна ХІТРЫК, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, спявачка:
— Мяркую, што перш-наперш культура пачынаецца з бацькоўскага выхавання, але ім не заканчваецца. Хаця я бачыла і іншыя прыклады, дзе ўсё наадварот: тыя, у каго дзяцінства было поўнае магчымасцей, цікавых падзей, добрых прыкладаў, не заўсёды вырастаюць культурнымі людзьмі. А ёсць і тыя, хто сам з сябе зрабіў чалавека, без дапамогі, самастойна. Таму трэба яшчэ людзей любіць, каб яны гэта адчувалі.

/i/content/pi/cult/517/11213/13-2.jpgЯ зараз выхоўваю маленькага сына і дужа хвалююся, каб усё паспець, усё патлумачыць, нічога не празяваць. Вельмі хачу закласці ў яго любоў да людзей. Зараз столькі скандалаў менавіта з дзецьмі звязана, са школьнікамі: яны нешта дзеляць, абзываюцца, сварацца, глядзяць з ацэнкай адно на аднаго… А гэта ж ад бацькоў ідзе, якія не выхавалі правільна ды не навучылі павазе…

Канешне, ад усяго сваё дзіця не зберагчы, асабліва калі яно ўжо ў школу ходзіць. Але мы, бацькі, павінны ператварыцца ў псіхолагаў, каб бачыць яго наскрозь, каб быць яму сябрам, ведаць, што з ім адбываецца, каб ён не быў слабым, але і іншых не крыўдзіў. Трэба патлумачыць, што такое дрэнна, што такое балюча. А яшчэ — зберагчы ад з’яўлення комплексаў, якія можа “прывіць” калектыў. Я, напрыклад, школьныя крыўды памятаю да гэтых часоў і не магу сказаць, што яны не пакінулі адбітка на маёй асобе…

Культуру часта блытаюць з ветлівасцю, але ж апошняя можа быць і напускной. Культура зносін — тое, што сустракаецца ў побыце: як мы глядзім адно на аднаго, ці ўсміхаемся, які тон выкарыстоўваем, якія словы. Вось у Еўропе мы заўсёды атрымліваем усмешку, у любой установе: “Hello!”, “Hola!” І ты адчуваеш сябе чалавекам, не думаеш, як апрануты, як на цябе паглядзяць. Беларусы ж у большасці выпадкаў заходзяць у краму ды выходзяць з яе нібыта ў дрэнным настроі…

А яшчэ культура — гэта калі ты імкнешся жыць, але не выжываць, і тым больш не марнатравіць жыццё. Зараз амаль усе трымаюцца за сваю працу, а ці любяць яе? Такі камяк страху змен у нашых людзях сядзіць. Існуюць, выконваюць свае “пункцікі”: адукацыя, праца, шлюб, дзеці, кватэра, другая кватэра — большая за першую, машына, лецішча… А што далей, калі гэта здзейснена? Калапс. Нашы бацькі праз усё гэта прайшлі і нам прапаноўваюць тую сістэму. А дзе яно, тое жыццё? Вось мая маці сёлета ўпершыню пабачыла замежжа. Прыехала і плакала… Таму трэба цаніць жыццё, любіць сябе, цягнуцца да жывога, да таго, што сагравае. Здзяйсняць свае мары, ажыццяўляць жаданні. Але і ўмець падзяліцца сваім шчасцем. Гэта ж і ёсць культура.

Тыя ж канцэрты “S°unduk”: яны не прыносяць грошай, але мне заўсёды так хочацца падарыць людзям казку, што я працую, маральна і фізічна стамляюся, але ўнутры ўсё квітнее ад думак: гэта — не дарма!.. Я так люблю людзей! Заўсёды назіраю за імі, заўважаю дробязі ды “фішкі”. Стоячы на сцэне, шукаю вочы гледачоў. Нават прашу, каб святло мне выстройвалі так, каб быў кантакт з залай. А які прыгожы культурны чалавек! Ты глядзіш на яго — і захапляешся. Адкуль у яго столькі энергіі, сіл, годнасці? Няўжо ў яго няма праблем? А ён стаіць — шчаслівы, і сваім шчасцем заражае! Так рэдка сёння хочацца сапраўды захапіцца чалавекам…

Патэнцыял ёсць у кожнага. Унутры кожнага з нас ёсць магчымасць быць культурным чалавекам, я ў гэтым упэўнена!

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст