Праекты дзвюх устаноў

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

Якім досведам дзеляцца Бабруйск і Пружаншчына?

Аддалена прагрэсам?

За пяро я ўзялася невыпадкова. Мерапрыемства, на якім нам, спецыялістам Цэнтральнай раённай і Раённай дзіцячай бібліятэк, давялося прысутнічаць і ў пэўнай меры ўдзельнічаць, мы прылічылі да ліку інавацыйных ды карысных. І не толькі для бібліятэкараў. У першую чаргу — для ўсіх бацькоў ды тых, хто працуе з дзецьмі. Яно — інфармацыя для глыбокага роздуму…

Наш народ на генетычным узроўні заўсёды вызначала любоў да кнігі і чытання. На чым жа расці ды развівацца сённяшнім дзецям і падлеткам? Адназначна: на лепшых творах сусветнай і нацыянальнай літаратуры, бо нечытаючыя дзеці і моладзь — гэта будучая бездухоўная нацыя. А навукова-тэхнічны прагрэс можа і павінен стаць сябрам, а не ворагам кнігі. Усё залежыць ад таго, хто і як прывівае любоў да кнігі ды чытання.

Такія высновы зрабілі для сябе ўдзельнікі “круглага стала” “Чытаць па-беларуску — цікава і карысна!”, які арганізавала бібліятэкар Мокраўскай сельскай бібліятэкі Наталля Паўленка ў супрацоўніцтве з дырэктарам тамтэйшага Дома культуры Валянцінай Немцавай. Прыемна, што тэма зацікавіла чытачоў розных сацыяльных груп і ўзростаў. Як заўжды, на мерапрыемства паспяшаліся, каб прыняць у ім удзел, першыя памочнікі ў любой справе — былы дырэктар Дома культуры Марыя Мяшэчка і найстарэйшая чытачка Ала Фёдараўна Бушук. Знайшлі час, каб парадаваць прысутных цудоўнымі беларускімі песнямі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці.

А пачалося ўсё з вучнёўскай сцэнкі “Да чаго давёў прагрэс”. “Уся сям’я ў зборы, а пагаварыць няма з кім”, — такую выснову зрабіла педагог дадатковай адукацыі Алена Бычкоўская, якая выконвала ролю Маці дзяцей-падлеткаў, розум і сэрцы якіх запаланіў камп’ютар. А на пытанне бібліятэкара, хто мае дома камп’ютары ці планшэты, усе вучні без выключэння паднялі рукі. Між тым, да гонару мокраўскіх вучняў, яны не прыніжаюць і ролю кнігі ў сваім жыцці. Многія з’яўляюцца актыўнымі чытачамі, з ахвотай удзельнічаюць у мерапрыемствах, якія ладзяць бібліятэка і Дом культуры. Пры гэтым добра вучацца і, што асабліва каштоўна, любяць чытаць творы на роднай мове. Галоўнае, як адзначыў Аляксей Калюта ды іншыя падлеткі, каб яны былі цікавыя.

Самая актыўная чытачка Жанна Давідчык, прадавец па прафесіі, без кніг не ўяўляе свайго жыцця. Знаходзіла для гэтага час нават тады, калі мелася вялікая падсобная гаспадарка. Чыталі яе бацькі, зараз любіць кнігу ейная дачка Юля, а для маленькай унучкі наведанне бібліятэкі разам з бабуляй ці мамай — найвялікшае свята. Сама яна сярод кніг беларускіх аўтараў знаходзіць сапраўдныя перліны. У шэрагу многіх цікавых вылучыла кнігу Міхася Пянкрата “Не астудзі сваё сэрца”, якую параіла пачытаць кожнаму. А наогул, прачытаных ёю кніг беларускіх пісьменнікаў набралася на цэлую выстаўку, з якой азнаёміліся ўсе прысутныя.

У шматдзетнай сям’і Розыкавых, якую на мерапрыемстве прадстаўлялі маці Таццяна Міхайлаўна, бацька Генадзь Георгіевіч і малодшая з дзяцей Волечка, чытаюць з задавальненнем усе. Бацькі ж сочаць за дзіцячымі навінкамі, чытаюць дзецям услых, абмяркоўваюць прачытанае. І ўпэўнены, што менавіта кніга поруч з добрым прыкладам бацькоў фарміруе духоўны пачатак дзіцяці.

Выказваліся прысутныя і аб тым, якой хацелі б бачыць бібліятэку ў будучым. Пэўна, гэта ў першую чаргу бібліятэка з цікавымі кнігамі на любы густ. Пакуль жа, як адзначылі мясцовыя настаўнікі, поўнага задавальнення ад складу фонду не назіраецца. Часта дзеці не могуць атрымаць нават тое, што пазначана ў спісах для чытання па школьнай праграме, існуе нейкая іх неадпаведнасць з тым, што сёння выдаецца. Затое, што вельмі прыемна, усе прысутныя выказалі добрыя словы на адрас бібліятэкара Наталлі Паўленка. А ў знак падзякі ад чытачоў прагучала яе любімая беларуская песня — “Малітва” на словы Янкі Купалы. Хоць спадарыня Наталля нашай мовы не вывучала і чытанне кніг па-беларуску даецца ёй няпроста, яна добра ведае інтарэсы кожнага наведвальніка ды знаходзіць цікавыя формы папулярызацыі кніг, у тым ліку на роднай мове.

Зладжаны “круглы стол” — адна з іх. А ідэя яго арганізацыі — вынік індывідуальнай работы з кожным чытачом. Сёння задача кожнага дарослага — бацькоў, настаўнікаў, бібліятэкараў — дапамагчы дзецям увайсці ў свет кнігі, тым самым пазбавіўшы іх суму і пустаты ў будучым. І хай лік ідзе на адзінкі, але кожнае дзіця, у якога з’явіцца любоў да кнігі, — наша перамога! Ужо сёння час задумацца над тэрмінам (а прасцей кажучы, дыягназам) “камп’ютарная залежнасць”…

І як выснова: такія мерапрыемствы, як “круглы стол” па папулярызацыі беларускай кнігі ды чытання наогул, — неабходныя. “Я шчаслівая, што дзеці, і ў іх ліку мая дачка, прысутнічалі на падобным мерапрыемстве ды пачулі ўсё тое цікавае і карыснае, што прагучала з вуснаў актыўных чытачоў і бібліятэчных спецыялістаў”, — гэтыя словы ўдзельніцы вечара, педагога Алены Бычкоўскай сталі яго заключным акордам. Такая адзнака, як кажуць, дарагога каштуе. Дадам, што праз два дні бібліятэкар паведаміла нам: вучні не проста зацікавіліся кнігамі беларускіх пісьменнікаў, якія прапанавалі на мерапрыемстве бібліятэкар Раённай дзіцячай бібліятэкі Вольга Кумакова і актыўная чытачка Жанна Давідчык, а некаторыя з іх ужо паспелі і прачытаць!..

Ніна ШАБУНЯ, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пружанскай ЦРБ імя М.Засіма

 

Наша кольца — літаратурнае

Як вы лічыце, ці можна ў Бабруйску прайсці па літаратурных мясцінах? Многія скажуць, што ў нашым горадзе такіх не існуе. Але ж шчодрая талентамі бабруйская зямля падарыла свету многіх вядомых пісьменнікаў. Як сказаў доктар філалогіі Адам Мальдзіс, “…Бабруйск інтэлектуальна ўзбагаціў не толькі сваю зямлю, але і іншыя краіны”.

Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Максіма Горкага распрацавала маршрут экскурсіі “Літаратурнае кольца Бабруйска”. Мы сустракаемся ля будынка нашай установы, цэнтра літаратурнага краязнаўства, і, прайшоўшы па вуліцах, дзе жылі вядомыя пісьменнікі, ізноў вяртаемся на вуліцу Савецкую. Такім чынам і атрымліваецца кольца.

Першы літаратурны аб’ект — помнік-бюст класіку беларускай літаратуры Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, што размясціўся ў Гарадскім парку культуры і адпачынку. Нарадзіўся ж першапачынальнік беларускай драматургіі на бабруйскай зямлі — у фальварку Панюшкавічы 4 лютага (па новым стылі) 1808 года. Са школьнай праграмы нам добра вядомыя такія п’есы беларускага Дудара, як “Ідылія” і “Пінская шляхта”, а вось, скажам, “Шчароўскія дажынкі”, “Яўрэйскі рэкруцкі набор”, “Чарадзейная вада” знаёмы, мабыць, толькі выкладчыкам ды бібліятэкарам…

Найбольш плённымі ягоныя “літаратурныя клопаты” былі пад час жыцця ў маёнтку Люцынка Мінскага павета. Але і ў гэты час пісьменнік не парывае сувязей з родным кутком: бабруйчанам у 1852 годзе Дунін-Марцінкевіч паказвае сваю “Сялянку”...

Наступны прыпынак экскурсіі звязаны з вуліцай Энгельса (Інваліднай), якая стала вядомай дзякуючы кнізе “Легенды Інваліднай вуліцы” Эфраіма Севелы. Дарэчы, сама кніга была напісана ў Парыжы ў 1971 годзе ўсяго за два тыдні. Калі ідзеш па Інваліднай, міжволі згадваеш радкі з яе:
“…На нашай вуліцы заўжды пахла сенам і кропам. Ва ўсіх дварах трымалі кароў і коней, а кроп рос на гародах, сам па сабе, як дзікі, уздоўж платоў. Нават узімку гэты пах не знікаў. Сена везлі кожны дзень на санях, і яго пахучымі ахапкамі быў усеяны снег не толькі на дорозе, але і на ходніку. А кроп? Зімой адкрывалі ў скляпах кадушкі і бочкі з салёнымі гуркамі ды памідорамі, і кропу ў іх было, па меншай меры, палова. Так што пах стаяў такі, што калі на нашай вуліцы з’яўляўся свежы чалавек, то ў яго кружылася галава і ў нагах з’яўлялася слабасць…”

Далей наш шлях праходзіць каля найстарэйшай Гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. Тут працаваў беларускі пісьменнік Барыс Мікуліч. Установа — першая публічная бібліятэка горада — была адкрыта ў 1901-м па ініцыятыве ўнучкі Пушкіна — Наталлі Аляксандраўны (па мужы — Варанцовай-Вельямінавай).
(З 1918 па 1921 гады бібліятэку ўзначальваў Іосіф Сіманоўскі, будучы дырэктар Дзяржбібліятэкі БССР.) Насупраць Пушкінскай кніжніцы знаходзіцца Свята-Мікольскі кафедральны сабор, дзе быў ахрышчаны Барыс Мікуліч. Ён нарадзіўся ў Бабруйску 19 жніўня 1912-га ў сям’і фельчара. У 1929-м скончыў сярэднюю школу і стаў працаваць у рэдакцыі бабруйскай акруговай газеты “Камуніст”, у 1936-м быў рэпрэсіраваны. Апошнія ж гады яго жыцця прайшлі ў сяле Машукоўка Тасееўскага раёна Краснаярскага краю.

Далей праходзім ля Абласнога тэатра драмы і камедыі, які з 1977 года носіць імя Дуніна-Марцінкевіча, і паварочваем на Сацыялістычную. На рагу з вуліцай Карла Лібкнехта знаходзіцца будынак рэдакцыі газеты “Бабруйскае жыццё” (раней — “Камуніст”), што выходзіць з лістапада 1918-га. У першыя савецкія дзесяцігоддзі тут зарадзіўся лiтаратурны рух, які ў 1925-м аформіўся ў філіял аб’яднання “Маладняк” пры газеце на чале з Міхасём Лыньковым.

Дзейнасць бабруйскага філіяла “Маладняка” карысталася вядомасцю ў БССР. Так, Васіль Вітка, стаўшы знакамітым пісьменнікам, згадваў: “Каб быць бліжэй да “Камуніста”, да Лынькова і рэдакцый я з-пад Слуцка пераехаў у Бабруйск і ўладкаваўся на работу на лесакамбінат”. На старонках гэтай газеты быў апублікаваны першы верш Віткі, а ў 1930-м творцу прынялі ў штат…

З Бабруйскам звязана жыццё Пімена Панчанкі і Міколы Аўрамчыка. Панчанка вучыўся тут на педагагічных курсах, з 16 гадоў працаваў на лесакамбінаце станочнікам, потым — настаўнікам у Кіраўскім раёне. Аўрамчык жа нарадзіўся ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна ў 1920-м, пачаў друкавацца на старонках “Камуніста”.

Маршрут экскурсіі завяршаецца шпацырам па вуліцы Бахарава, вядомай многім бабруйчанам як Шасэйная. Тут прайшло дзяцінства заслужанага мастака Расіі Абрама Рабкіна. Яго кніга “Уніз па Шасэйнай” — яшчэ адзін помнік гораду. А карціны Рабкіна з серыі “Горад майго дзяцінства” — сапраўдны даведнік па гісторыі Бабруйска. З гэтай жа вуліцай звязана імя земляка Міхаіла Герчыка. Найбольш значная для бабруйчан — “…Аддаеш назаўжды”. Нягледзячы на тое, што пісьменнік ні разу не назваў у рамане Бабруйск, землякі па ўсім свеце, прачытаўшы твор, пазналі горад свайго дзяцінства… .

Жыхары ганарацца тым, што ў нашым горадзе ёсць крэпасць ды іншыя цікавыя мясціны. Але мы, бібліятэкары, вырашылі ў Год гасціннасці пазнаёміць бабруйчан ды сваіх гасцей з Бабруйскам літаратурным. Спадзяёмся, экскурсія будзе карыснай і прыемнай!..

Валянціна НІКІЦІНА, Таццяна ГОЛУБЕВА, супрацоўнікі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага