Пансіянат для герояў

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

“Парк савецкага перыяду”: не блытаць будучыню з гісторыяй
Знакаміты “парк савецкага перыяду” ў літоўскай вёсцы Грутас заўсёды падаваўся мне “вясёленькім” камерцыйным аб’ектам з дурасліва-настальгічным прысмакам. І наведаўшы яго цягам сёлетняга велатура па ваколіцах Гродна, я вельмі здзівіўся, бо неспадзеўкі трапіў у сур’ёзны і бадай акадэмічны музей, прысвечаны савецкай манументалістыцы ды культуры ў цэлым. Пра брак яго адпаведніка ў родных пенатах нават казаць залішне: гэта даўно ўжо “притча во языцех”. Але пакуль мы думаем, іншыя робяць. І, між тым, у іх атрымліваецца.

/i/content/pi/cult/517/11208/15-1.jpg

Дабірацца ў Грутас не лягчэй, чым у наша Азярцо. Збочыўшы з трасы Гродна — Вільнюс, ты нейкі час матляеш паміж тыпавымі летнімі дамкамі, катэджамі, азёрамі. І раптам — нібы трапляеш у фільм якога Атара Ёселіяні: на палетках выстаўлены скульптуры правадыроў і герояў, а пасярод іх вольна пасвяцца экзатычныя жывёлы — які, ламы, аслы, вярблюды, — час ад часу ствараючы для гэтай сцэны натуральнае гукавое суправаджэнне. Дадзены шэдэўр канцэптуальнага мастацтва можна спазіраць колькі заўгодна — пагатоў, ён цалкам адкрыты да розных інтэрпрэтацый.

— Да таго ж, і травы нам менш касіць, — пасміхаецца ў адказ на мае кампліменты стваральнік і гаспадар парку, легендарны “балотны мільянер” Вілюмас Малінаўскас.

На балотах, якіх мноства паабапал беларуска-літоўскай мяжы, колішні старшыня калгаса здолеў не толькі зарабіць свой немалы капітал (кажуць, пераважна дзякуючы грыбам ды смаўжам), але і стварыць найпапулярны ў Літве музейны парк. Штогадовая колькасць наведвальнікаў — больш за 120 тысяч, іх геаграфія абмяжоўваецца хіба памерамі зямнога шара. Карацей, самы час згадаць адзін з запаветаў Ільіча: тут ёсць чаму павучыцца.

Парк на балоце

Колкі дрот, вышкі, вузкая дарожка, наўзбоч ад якой месціцца таварны вагон, — у падобных умовах раней “падарожнічалі” ў Сібір… Затым — стылізацыя пад “КПП”, дзе ў турыста, аднак, бяруць не бутафорскія, а сапраўдныя грошы, прычым немалыя. І вось неўзабаве нібы трапляеш у стары добры савецкі санаторый. Сапраўднымі “гаспадарамі жыцця” выглядаюць тут скульптуры агульнасаюзных і чыста літоўскіх герояў, аточаныя гушчарамі дрэў. Такая канцэнтрацыя манументальнай пластыкі ў адным месцы, і спараджае той адмысловы эфект, па які турысты едуць у Грутас. Атмасферныя рэканструкцыі савецкай рэальнасці выконваюць функцыю машыны часу. На ўпрыгожанай цытатай “Leninas’а” сцэне нібыта вось-вось пачнецца нейкае культурнае мерапрыемства. Паміж стэлажоў бібліятэкі прытаіліся “амаль жывыя” піянеры…

Шпацыруючы прысадамі парку, можна назіраць эвалюцыю “савецкага стылю”: вось вам датклівы акадэмізм паваенных гадоў, вось — “мастацкае абагульненне” спелага сацрэалізму 1980-х, а тут — досыць смелыя для свайго часу спробы адмаўлення ад традыцыйнай фігуратыўнасці і нацыянальныя матывы: працяг народных літоўскіх традыцый разьбы па дрэве. Не хапае толькі пазнавальнага аўтарскага почырку (выглядае на тое, што свайго Азгура ў Літве не было).

Нейкім неверагодным чынам заснавальніку парку ўдалося сабраць у калекцыю ці не ўсе найважнейшыя ўзоры манументальнай пластыкі колішняй Літоўскай ССР. У прыватнасці, тут ёсць Леніны з галоўных плошчаў Вільнюса, Каўнаса, Клайпеды… Калі ўлічыць, што парк пачаў стварацца ўсяго пятнаццаць гадоў таму, а “ленінапад” у Літве адбыўся яшчэ на самым пачатку 1990-х, такі каласальны збор проста не можа не ўражваць.

— У 1996-м, калі я ўпершыню звярнуўся ў Міністэрства культуры Літвы з прапановай аб стварэнні такога парку, у спісах было 89 дэмантаваных помнікаў, — распавядае мне Малінаўскас. — Праз тры гады, калі я выйграў абвешчаны Урадам конкурс і ўжо прыступіў да працы, іх лік зменшыўся да 42. Аб’ездзіўшы ўсю Літву, я знайшоў толькі 39: яшчэ некалькі паспелі знікнуць літаральна за лічаныя месяцы…

NB: конкурс быў выйграны выключна з той прычыны, што астатнія прэтэндэнты на “дзяржзаказ” спадзяваліся ўвасобіць яго на дзяржаўныя ж сродкі. І толькі спадар Вілюмас адважыўся ўкласці ўласныя.

— Я вельмі рады, што сёння парк сябе акупляе, але на вяртанне сваіх грошай нават не спадзяюся, — тлумачыць ён. — Гэта больш за два мільёны еўра, прычым сума яшчэ не канчатковая, бо я працягваю набываць экспанаты…

Цяпер скульптур у парку больш за сотню. Падазраю, што многія са “згубленых” помнікаў удалося адшукаць выключна дзякуючы дзелавой хватцы Малінаўскаса. Як у выпадку з “Крыжкальніскай маці”: алегарычная постаць, якую можна лічыць шэдэўрам літоўскай савецкай скульптуры, пры дэмантажы пазбавілася дубовай галінкі. Здавалася, незваротна...

— Я падышоў да кампаніі мясцовай пацанвы і пытаюся: дзе? Па вачах бачу, што ведаюць. Пераходжу да справы: хто пакажа, атрымае 500 літаў, — распавядае ён. — І што б вы думалі? Падлеткі хутка адшукалі галінку вагой у тры цэнтнеры: яна валялася ў зарослым крапівой полі — кіламетраў за пяць ад таго месца…

На стадыі пошуку эпапея не скончылася: многія помнікі давялося літаральна збіраць па частках. Як вядома, іх дэмантаж у большасці выпадкаў быў празмерна эмацыйным ды паспешлівым...

— Натуральна, можна было і з адбітымі насамі пакінуць, — распавядае стваральнік музея. — Але ж гэта — нейкі здзек, таму давялося ўкладацца і ў рэстаўрацыю…

Урэшце, заставалася яшчэ такая “дробязь”, як, уласна, стварэнне парку. Спадар Вілюмас вырашыў зрабіць яго на ўласнай балотнай “латыфундыі”. Мясціны былі мала прыдатныя для музейнай дзейнасці (“Неяк мая жонка тут ледзь у багне не патанула”), але... “Лішняя” вада сышла ў спецыяльна выкапаныя каналы, і цяпер яны абараняюць парк ад несанкцыянаваных наведвальнікаў. Значна складаней было зацягнуць сюды скульптуры, самая масіўная з якіх важыць больш за 110 тон.

— Пакуль яе везлі з Вільнюса, лопнула 28 пакрышак на цягачы, — згадвае спадар Малінаўскас. — А калі ўсталёўвалі тыя помнікі, дык думалі, што пару кранаў таксама давядзецца пакінуць у экспазіцыі: настолькі яны ўгразлі....

У асадным становішчы

На стварэнне парку спатрэбілася ўсяго паўгода. “Чым даўжэй ты робіш, тым больш выдаткаў”, — тлумачыць гаспадар. І вось, ужо напярэдадні адкрыцця, стала зразумела, што мінулыя цяжкасці — толькі “кветачкі”...

Вестка пра з’яўленне парку ўскалыхнула грамадскасць. На адрас перакананага капіталіста Малінаўскаса градам пасыпаліся абвінавачванні ў сімпатыі да савецкай улады. Даходзіла нават да прамых пагроз.

— Некаторыя, каб узняць сабе рэйтынг, крычалі: “Мы самі прыедзем туды і ўсё зруйнуем!” — спадар Вілюмас трохі павышае голас. — А скулля! Давайце адразу на верталёце...

Уваход у парк магчымы толькі праз вузенькі масток, і быў час, калі побач з ім дзяжурыў экскаватар: каб у выпадку штурму перарэзаць сухапутныя шляхі камунікацый. Ды, на шчасце, да асады справа не дайшла. Тым больш, гаспадар меў добрую зброю супраць сваіх апанентаў.

— Адзін вядомы літоўскі журналіст і паэт назваў мяне савецкім злачынцам, аднак у 1953 годзе ён сам пісаў: “Ленін не памірае ніколі”, — з саркастычнай іскрынкай у вачах канстатуе спадар Вілюмас. — Адзін жа палітык, які абяцаў спляжыць мой парк, у савецкія часы быў дырэктарам фабрыкі і мог звольніць сваіх супрацоўнікаў, калі тыя не выходзілі на дэманстрацыі…

Самае цікавае ў тым, што ідэйная пазіцыя апанентаў амаль тоесная. Стваральнік парку з горыччу распавядае пра свайго бацьку, сасланага ў Сібір, — як і 360 тысяч літоўцаў. І галоўнай матывацыяй для яго было захаванне памяці пра той перыяд, каб ён не паўтарыўся.

— Забыць, зрабіць выгляд, нібыта нічога і не было, — гэта вельмі лёгка, — перакананы Малінаўскас. І такі варыянт многім сёння падаецца камфортным.

Асабіста мяне найбольш збянтэжылі выкананыя літоўскім Цэнтрам даследавання генацыду і рэпрэсій эксплікацыі, якімі суправаджаюцца экспанаты. Сваёй адназначнасцю яны вельмі нагадваюць савецкі стыль, хіба што з прыстаўкай “анты-”. Прыведзеныя сцвярджэнні могуць выклікаць жаданне паспрачацца ці не ў кожнага, хто хоць трохі ведае гісторыю. Але справа нават не ў гэтым. Як падаецца, тут больш дарэчнымі наогул выглядалі б чыста мастацтвазнаўчыя каментарыі.

Зрэшты, тыя шыльды, мяркуючы па ўсім, — пэўны кампраміс. Дый замяніць іх на больш нейтральныя куды прасцей, чым зацягнуць на балота скульптурную кампазіцыю вагой у 110 тон.

Што ж да прэтэнзій з іншага ідэалагічнага лагера… Як распавядае спадар Вілюмас, неяк да яго звярнулася жанчына па дазвол ускласці кветкі да помніка Леніна (больш як у Грутасе, нідзе ў Літве такой магчымасці няма). Той дазволіў, і ўсе засталіся задаволены. Іншых выпадкаў гаспадар парку не прыгадаў.

Яўным сімтомам змены эпох стаў іншы канфлікт — больш складаны. Справа ў тым, што аўтары некаторых сацрэалістычных манументаў запатрабавалі ад гаспадара парку “роялці” за публічную дэманстрацыю сваіх твораў. Падавалася б, прэтэнзіі даволі абсурдныя: творы аўтарам не належаць, бо даўно былі набыты дзяржавай. Тым не менш, скульптараў не спыніў пройгрыш у судзе, і яны падалі апеляцыю…

З Аўстраліі да Леніна

Увогуле, музейныя зборы на сёння налічваюць каля паўтара мільёна адзінак захоўвання, і таму ў планах гаспадара — стварэнне новых экспазіцыйных плошчаў. Прыкладам, цяпер савецкі жывапіс і графіка дэманструюцца пад адным дахам з прадметамі побыту ды “шырспажывам” той эпохі, а неўзабаве для выяўленчага мастацтва будзе пабудаваны асобны павільён. Пагатоў, спадар Вілюмас ганарыцца тым, што валодае ці не найбольшай у Літве тэматычнай калекцыяй.

…Гутарачы з гаспадаром парку, краем вуха чую за суседнім столікам кавярні нямецкую мову. На сёння большасць наведвальнікаў — менавіта замежнікі, і гэта красамоўна сведчыць пра невынішчальную цікавасць у свеце да феномену савецкай культуры. Як бы мімаходзь спадар Вілюмас згдавае, што неўзабаве чакае дакументалістаў з Аўстраліі, якія прыедуць да яго здымаць фільм. Былі і з Афрыкі надоечы...

Дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што манументалістыку савецкіх часоў у Літве можна ўбачыць не толькі ў грутаўскім парку. Помнікі, прысвечаныя падзеям апошняй вайны, у пераважнай большасці стаяць некранутыя. Стан — розны... Спецыяльна вырашыў спраўдзіць, як выглядае цяпер манумент на брацкай магіле савецкіх воінаў у Друскінінкаі. Высветлілася: таксама дагледжана, як і амаль усё ў гэтым утульным гарадку. Ім, дарэчы, ужо чатырнаццаць гадоў запар кіруе сын гаспадара грутаўскага парку — Рычардас Малінаўскас.

Між іншым, галоўны пляц горада сёння мае на дзіва нейтральную назву — Плошча Забаў. У яе цэнтры цяпер — прыгожы фантан і прыемны тлум. А колішні “галоўны жыхар” пераехаў на іншы адрас — вы можаце здагадацца, куды.

Не блытаць будучыню з мінулым. Такі падыход — па-сялянску разважлівы ды грунтоўны — падаецца ідэальнай залатой сярэдзінай паміж дзвюма крайнасцямі: “ідалапаклонствам” і чарговымі прыступамі вандалізму. Гэта альтэрнатыва і трэцяй пазіцыі, якая сёння, на жаль, дамінуе: поўнай індыферэнтнасці да гісторыі. Бо, як сведчаць вулічныя апытанні, цяперашнім тынэйджарам прынцыпова ўсё адно, хто такі Ленін — грыб або, скажам, беларускі пісьменнік…

Месца для айчыннага адпаведніка Грутасаўскага парку ўжо вызначана. Прычым архітэктары патрапілі ў яблычак: Камсамольскае возера ў Мінску і само па сабе з’яўляецца помнікам той эпохі. Але ні канцэпцыі, ні канкрэтнага алгарытму стварэння гэтага звышперспектыўнага тураб’екта пакуль нават не праглядаецца. Падобна на тое, што галоўная праблема дадзенай ініцыятывы датычыцца менавіта суб’ектнасці: не зразумела, хто яе наогул будзе (і ці будзе?) увасабляць у жыццё, перахапіўшы ў Малінаўскаса “эстафету капіталістычнага будаўніцтва”.

Можна сказаць і прасцей: няма ў нас свайго спадара Вілюмаса. Як засведчыла гэтая вандроўка, насамрэч многае і сапраўды грунтуецца на асобах...

Чарговыя прыклады "ролі асобы ў гісторыі" — у наступных серыях “Гродзенскага трохкутніка”.