Ён жыў тэатрам

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

З заслужаным работнікам культуры Беларусі, рэжысёрам Мікалаем Фёдаравічам Варвашэвічам я быў знаёмы шмат гадоў. Не раз пісаў пра яго пастаноўкі і яшчэ тады, калі ён узначальваў Слонімскі народны тэатр, і пра ўсе прэм’еры Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Аднойчы, у 1992-м, ён узяў мяне на гомельскі фэст “Драматычнае мастацтва Беларусі”. “Пакуй чамадан: паедзем на тыдзень у Гомель. Трэба табе дасканала ведаць сённяшнюю тэатральную сітуацыю ў Беларусі. А таксама пазнаёмлю цябе са сваімі сябрамі”, — сказаў Мікалай Фёдаравіч. І мы паехалі.

/i/content/pi/cult/517/11207/14-2.jpgТам, у Гомелі, сярод акцёраў, рэжысёраў ды крытыкаў, я адчуў і ўбачыў, якім аўтарытэтам ды павагай карыстаўся гэты апантаны і ўлюбёны ў сваю справу чалавек.

Бацькоў Мікалай Варвашэвіч не памятаў. Іх забілі немцы ў гады Другой сусветнай. Сіроцкі лёс закінуў яго спачатку ў Целяханскі дзіцячы дом, а потым — да цёткі ў Ленінград. Шмат ён тады зведаў гора ў пасляваенным горадзе на Няве…

У 1957-м Мікалай Варвашэвіч (нарадзіўся ён, дарэчы, у вёсцы Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна) паступіў у Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Пасля заканчэння інстытута маладога рэжысёра накіравалі на працу ў Калінінскі абласны тэатр (цяпер гэта — Цвер). Першай яго самастойнай пастаноўкай быў спектакль “На бойкім месцы” па п’есе Аляксандра Астроўскага. Жывучы ў Калініне, Мікалай Варвашэвіч вельмі хацеў вярнуцца на Бацькаўшчыну. Але такой магчымасці, на жаль, не было. І вось неяк ён сустрэў свайго аднакласніка Эдуарда Усачова, які прапанаваў Мікалаю прыехаць на Беларусь. Прапанова была прынята, і ў 1964-м наш зямляк працаваў ужо дырэктарам Дома культуры ў Горках Магілёўскай вобласці і адначасова ўзначальваў тэатральны калектыў Сельскагаспадарчай акадэміі.

На пачатку 1968 года Мікалай Фёдаравіч прыязджае ў горад над Шчарай і заступае на пасаду кіраўніка Слонімскага народнага тэатра. І тут яго першай самастойнай работай быў таксама спектакль “На бойкім месцы”! Памятаю, неяк спытаўся ў яго наконт любімай пастаноўкі. Ён задумліва і з нейкай настальгіяй адказаў: “Вядома ж, ёсць такія. Гэта, у першую чаргу, “На бойкім месцы”, “Барабаншчыца”, першая пастаноўка “Паўлінкі” Янкі Купалы, “Ганка” Уладзіслава Галубка, “Сабака з залатым зубам” Уладзіміра Саўліча... Ды дзе ж іх усе пералічыш…”

Так, сапраўды, спектакляў у Слоніме рэжысёрам было пастаўлена шмат. Але найчасцей майстар сцэны звяртаўся да беларускай драматургіі. За заслугі перад тэатральным мастацтвам рэспублікі яму ў 1975-м было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

У Варвашэвіча не бракавала задумак, планаў, энергіі. Народны тэатр ён ператварыў у самастойную тэатральную студыю. А ў 1990-м на яе базе быў адкрыты прафесійны Дзяржаўны беларускі драматычны тэатр. Шчыра кажучы, гэта быў беларускі тэатр Мікалая Варвашэвіча.

Мікалай Фёдаравіч стараўся сабраць у калектыў таленавітых людзей Слоніма — найперш тых, хто хоць трохі меў дачыненне да тэатральнага мастацтва, культуры, літаратуры. І людзі да яго ішлі, і ў яго вучыліся. Ён і мяне пастаянна клікаў да сябе, калі я працаваў у рэдакцыі мясцовай газеты. “У тэатры ты будзеш больш вольным, у цябе будзе шмат часу пісаць тое, што хочаш”, — казаў ён мне. Я паслухаў Варвашэвіча і прыйшоў у тэатр на пасаду загадчыка літчасткі. І пра тое не шкадую.

Мы часта з ім размаўлялі пра жыццё, пра тэатр і драматургію. Неяк ён сказаў мне: “Даўно мару ажыццявіць пастаноўку п’есы Лопэ дэ Вэга “Сабака на сене”. Вельмі люблю гэты твор. Таксама хачу паставіць “Рамэа і Джульету”. Хачу паказаць сённяшняму гледачу, як па-сапраўднаму можна кахаць, якія чыстыя і светлыя пачуцці мае чалавек. Праўда, ёсць і ў беларускай літаратуры добрыя драматычныя творы. Але не такія, як, напрыклад, п’есы Шэкспіра, Мальера. Прычынай, відаць, застаецца той савецкі час, калі творы пісаліся амаль па заказе. Таму шмат згублена. Але тое, што напісана Янкам Купалам, Уладзіславам Галубком, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Францішкам Аляхновічам, — наш нацыянальны скарб. І да гэтага скарбу трэба часцей звяртацца. І мы гэта пастаянна будзем рабіць”.

Ён любіў тэатр, ім жыў і шанаваў калектыў. Рэжысёр аддаў трупе трыццаць два найлепшыя творчыя гады. І сёння слонімцы з удзячнасцю успамінаюць імя гэтага паважанага чалавека… Летам 2000-га Мікалай Фёдаравіч звольніўся з тэатра па стане здароўя. А ўвосень наступнага года яго не стала. Пахавалі яго ў Свіслачы, на радзіме жонкі.

Я прыгадаў Мікалая Варвашэвіча з нагоды яго 80-годдзя, якое рэжысёр адзначыў бы 10 кастрычніка ў родным Слонімскім драмтэатры. Тым больш, што калектыў тэатра сёлета пераехаў у новае памяшканне, пра якое ён марыў усё жыццё…

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра

Мікалай Варвашэвіч. / Фота з архіва аўтара