З фольк-хаусам атрымаецца цікава

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Алег ХАМЕНКА, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фалькларыст, музыкант
Ёсць мастакі, якія малююць алеем, хтосьці стварае афорты, працуе ў поп-арце, і гэтак далей. Усё гэта мы называем выяўленчым мастацтвам. Музыка таксама ўтрымлівае падобны набор тэхнік: фолькавая, гітарная, “цяжкая”, класічная, папулярная, электронная... Аднак не факт, што добры графік можа стаць добрым жывапісцам, і наадварот. Дасягнуў вяршыняў у панк-року? Наўрад ці дабярэшся да музычнага Алімпа, выконваючы рэгі.

/i/content/pi/cult/520/11203/3-5.jpgМне вельмі падабаецца электронная музыка. Але казаць пра тое, сур’ёзна я цi несур’ёзна ёю займаюся, будзе няправільным. Музыка “Палаца” — гэта музыка поп-індустрыі, таму яна выкарыстоўвае новыя тэхналогіі, яна не застаецца ў тым, чым задавольваюцца традыцыйныя джаз ці рок. Мы стараемся быць у курсе ўсіх тых навінак, якімі пастаянна папаўняецца сусветны рынак, але пры гэтым гучанне гурта можа і не адпавядаць нейкаму сучаснаму трэнду. Ужо першы наш альбом — 1995 года, — па сутнасці, быў электронны: разам з жывымі інструментамі ў ім прысутнічалі і сэмплы. На нейкім рэлізе мы маглі быць больш гітарнымі, на іншым — менш, але без электроннага саўнду не абыходзілася ні адна пласцінка калектыву.

Сучасная музыка — камерцыйная, папулярная — вяртаецца да гуку “Depeche Mode”. Гэта тыя ж самыя сінтэзатары 15-гадовай даўніны плюс эфекты і гукастваральная, гукаўзмацняльная апаратура, якой карыстаюцца рок-музыканты. Мне хацелася б гэтае мысленне развіваць і ў "Палацы". Не ведаю, наколькі ўдасца, але, як кажуць, на стале ў аўтара гэта ёсць. Я шукаю якраз тую музыку, дзе будуць шырока прадстаўлены гітары, бас-гітары, але яна будзе выкарыстоўваць новыя электронныя магчымасці. Гэты пошук саўнду, сугуччаў прывёў да таго, што я зрабіў аўтарскі ды-джэйскі сэт да юбілею, і гэта было маё асэнсаванне таго, чаго не хапае ў электроннай клубнай музыцы. Стылістычна мне ўяўляецца гэта як этна-хаус. Але сваю музыку называю “фольк-хаус”.

Я падзяляю паняцці “этна” і “фольк”. “Этна” не прывязана да хранатопу, звязана з вялікай тэрыторыяй, але не спалучана з дзяржаўнымі аб’яднаннямі, яно — транснацыянальнае. “Фольк” жа заўсёды прывязаны да пэўнага перыяду і заўсёды нацыянальны. Я застаўся задаволены праграмай, але ўсё роўна разглядаю яе як падрыхтоўчы этап, як пошук новага гуку для нацыянальнай поп-музыкі, гуку, калі хочаце, балта-славянскага.

Тэхналогіі ў электроннай музыцы цяпер значна патаннелі. Сёння столькі камп’ютарных праграм і дэвайсаў для яе стварэння, што вочы разбягаюцца. Але ёсць сябры, якія могуць падказаць. І вынік быў дасягнуты. Пакуль не ведаю, як назаву працяг гэтых праектаў, але яны будуць зроблены па той жа схеме, па якой мы ў 2000-м стварылі рэмікс-праект “Палац” танчыць”. Дарэчы, ён актуальны і цяпер, яго любяць слухаць, даволі часта менавіта гэтую праграму заказваюць на карпаратывы. І я ім ганаруся, хоць асноўная заслуга ў тым, што ён атрымаўся, належыць ды-джэю Андрэю Хвiсевiчу, паколькі я тады не быў гатовы ў поўным аб’ёме ўдзельнічаць у праекце ў якасці электроннага музыканта, не мелася на той час у мяне адпаведных ведаў у галіне камп’ютарных праграм.

Абсалютна ўпэўнены ў тым, што такой электроннай музыкай — фольк-хаусам — можна папулярызаваць і традыцыйную беларускую музыку, нашу культуру наогул. Грыгарыянскі спеў мала хто слухаў масава, пакуль да яго не звярнуліся гурты “Enigma” i “Lesiem”, абнавіўшы цікавасць да традыцыйнай музыкі праз стылістыку этна-хаус, нью-эйдж. Людзі проста накінуліся на афрыканскія запісы пасля таго, як музыку кантынента на свой лад пераасэнсавалі "Deep Forest" — бацькі такога музычнага напрамку, як world music.

Думаю, калі ўзяць і проста запісаць якое-небудзь нашае традыцыйнае свята, тое, як яго адзначаюць, — напрыклад, Сёмуху-Тройцу, — яго рэальныя гукі (гоман бабуль, як вараць напоі, як пякуць хлеб, запальваюць свечкі...), змікшаваць іх з фольк-хаусам, то атрымаецца нешта вельмі цікавае. Мне самому хацелася б штосьці падобнае зрабіць. Баюся, рукі не дойдуць, але ідэю магу падарыць. І такая музыка, безумоўна, здольная зрабіць уплыў на фарміраванне чалавека.

Мы сёння памыляемся, калі кажам, што акрамя камп’ютараў ды сацыяльных сетак усё астатняе праходзіць міма моладзі. Дакладна так казалі ў свой час пра тэлевізар, пра тую ж рок-музыку. Фонавыя падзеі ў культуры, музыцы, асяроддзі сістэмна ўплываюць і на канкрэтных людзей, і на соцыум у цэлым. І сённяшняе пакаленне складаецца з таго, што яго атачала ў дзяцінстве. Як спявалася ў старой дзіцячай песеньцы — са сшыткаў, з мармеладак, батарэек... Нічога не змянілася!

У якім-небудзь 1979-м я не любіў песні Кабзона, але, перакананы, і яны дзесьці ўнутры мяне жывуць, я таксама з іх складаюся, яны на мяне паўплывалі. І калі сёння маладыя людзі быццам бы з абыякавасцю ставяцца да традыцыйнай беларускай песеннай культуры, то блізкая ім клубная музыка (напрыклад, фольк-хаус) аднойчы можа прывесці да таго, што яны пацягнуцца і да першакрыніц. Але было б вялікім перабольшаннем сказаць, што я стаўлю перад сабой такую задачу: прышчапіць цяперашняму пакаленню цікавасць і любоў да традыцыйнай беларускай музыкі. Усё прыйдзе само сабой і ў свой час, абавязкова. А лабавое “Купляй беларускае!” сёння не працуе…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"