Гатовы падзяліцца досведам

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Мікалай КУЗЬМІЧ, мастак-ювелір з Брэста
Нехта, можа, думае, што ювелірная справа — надта прыбытковая, што, маўляў, мой прафесіяналізм у спалучэнні з той вядомасцю, якую я здабыў праз узнаўленне Крыжа Ефрасінні Полацкай, дае мне магчымасць не клапаціцца пра заробак. Нібыта грашавітыя замоўцы з ліку прыватных асоб і дзяржаўных устаноў стаяць у чарзе да Мікалая Кузьміча.

/i/content/pi/cult/520/11201/5-1.jpgАднак мушу адзначыць, што я чалавек небагаты, а ў параўнанні з маімі калегамі з блізкага замежжа — Расіі, Балтыі, — лічы, жабрак. Уся мая маёмасць — кватэра ў шэсцьдзясят квадратных метраў. Вось, прыдбаў нядаўна лодачны матор, зрабіўшы вялікі прагал у сямейным бюджэце. Дык мне яго трымаць няма дзе — хіба на балконе. Бадай, увесь мой заробак з’ядае майстэрня: арэнда, аплата камунальных паслуг, сігналізацыя. Адмовіцца ад майстэрні я не магу: не на кухні ж мне працаваць з каштоўнымі металамі… Зайздрошчу тым мастакам, якія акрамя творчай працы яшчэ і нейкі бізнес маюць, хай нават вельмі далёкі ад мастацтва. Быў у Брэсце мастак, што лесапільню трымаў, напрыклад… Шкадую, што ў свой час не пабудаваў сабе ўласную майстэрню, хоць чатыры на чатыры метры. Яшчэ скажу, што, паколькі юрыдычная база праца мастака з каштоўнымі металамі ў нас недасканалая, зарабіць мне прыстойныя грошы даволі праблематычна.

У Брэсце тое, што я раблю, не мае збыту. А між тым тэхніка візантыйскай эмалі, да адраджэння якой у Беларусі я спрычыніўся, магла б стаць не толькі мясцовым, рэгіянальным знакам, але і нацыянальным брэндам. Я з ахвотай вучыў бы іншых таму, да чаго прыйшоў праз уласны досвед. Вось нядаўна з памагатым перарабілі Крыж Ефрасінні. Запытаецеся, чаму і навошта? Справа ў тым, што ў 1993 годзе, калі ўзнаўляўся Крыж, я сам быў вучнем, а цяпер я — майстар. Цяпер лепш разумею Лазара Богшу, больш дасведчаны ў згаданай тэхналогіі. Замянілі мы ўсю ліцавую частку Крыжа.

Я гатовы перадаць свае веды вучням, каб яны не рабілі тых памылак, якія непазбежныя, калі рухаешся навобмацак, як было ў мяне. Каб меўся ў Брэсце ці ў сталіцы нейкі Цэнтр высокатэхналагічных рамёстваў з творчымі майстэрнямі, дык у ім я мог бы працаваць з творчай моладдзю. Ведаеце, у Расіі ёсць такі жарт: “Патрабуюцца мастакі, якія ўмеюць маляваць рукамі”. А калі падумаеш, што сёння і малююць, і лепяць з дапамогай камп’ютара, дык жарт атрымліваецца нясмешным… Няма рукі жывой, няма імпульсу. Камп’ютары і фрэзеры ўжо і ў ювелірнай справе пануюць. Атрымліваецца штамп. А шкада…

Калі-нікалі я думаў пра пераезд у Мінск, бо, да прыкладу, амерыканцы, у якіх можна вучыцца прагматызму, жывуць там, дзе ёсць праца, а не працуюць там, дзе іхняе жытло. Але як уяўлю, што прадам брэсцкую кватэру, каб на гэтыя грошы ў сталіцы ўладкавацца, а потым буду чакаць да смерці майстэрні ад Саюза мастакоў, дык прападае ахвота рызыкаваць тым, што маю… Мне падаецца, у памежных з Беларуссю краінах да творчых здабыткаў, да культурных брэндаў ставяцца больш ашчадна. Летась у верасні мне давялося браць удзел у творчай сустрэчы мастакоў па метале ў Літве. Ад Беларусі там быў адзін я. І запрасілі мяне, каб я ладзіў майстар-клас. Прыбалтыйскія мастакі, з якімі я там скантактаваўся, працуюць на вельмі высокім прафесійным узроўні, у стылістыцы, істотна адрознай ад нашай. У іх большы ўхіл у абстракцыю, яны цудоўна спалучаюць метал ды камень. І галоўнае: такая творчасць, такое мастацтва мае дзяржаўную падтрымку, бо лічыцца нацыянальным здабыткам. Я, шчыра кажучы, пазайздросціў…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"