Грошы са… снегу і з фартушкоў

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Дзяржаўная і недзяржаўная этнаграфія: методыка ёсць, а супрацоўніцтва?
Манетызаваць нематэрыяльную культуру накшталт “Valentino”?

/i/content/pi/cult/520/11200/5-1 (2).jpgЗ модай на беларускую мову і “вышыванкі” шмат грамадскіх ды камерцыйных арганізацый, мастацкіх ініцыятыў узяліся рабіць масавай нашу традыцыйную культуру. Так, як яны яе разумеюць. Не будзем тут абмяркоўваць мастацкія якасці “вышымаек” ці маральнасць стрыптызу ў псеўданародных кашулях...

Распавяду пра грамадскую арганізацыю, што займаецца вывучэннем і трансляцыяй беларускай традыцыйнай культуры з 1998 года, распрацавала ўласную методыку апрацоўкі ды захавання назбіранага ў этнаграфічных экспедыцыях матэрыялу і супрацоўнічае з дзяржаўнымі ўстановамі культуры.

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства “вырасла” з экспедыцый, якія ладзіліся групай сяброў — аматараў традыцыйнай культуры. Паступова распрацоўвалася методыка, збіраўся архіў. Да экспедыцыйнай дзейнасці дадаліся гурткі па вырабе строяў, розных рамёствах, спеўныя заняткі. У 2002 годзе арганізацыя атрымала статус рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання, а суполкі СЭТ дзейнічаюць у Мінску, Магілёве, Віцебску, Полацку, Гродне.

За час існавання таварыства правяло больш за 20 этнаграфічных экспедыцый у раёны Беларусі, стварыла навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі. Напрыклад, у экспедыцыі па Горацкім раёне сябры СЭТ запісалі каля 180 гадзін аўдыя і 50 — відэа. А экспедыцый за лета бывае па дзве-тры...

Матэрыялы прадастаўляюцца ўстановам культуры па запыце. І самі раёны, бывае, звяртаюцца ў СЭТ па матэрыялы, сабраныя ў першых экспедыцыях. У такім выпадку, на жаль, не хапае рук, каб гэтыя матэрыялы ў адпаведным выглядзе перадаць. Таму таварыства хацела б наладзіць супрацоўніцтва з мясцовымі ўстановамі, што бралі б “сыры” матэрыял на апрацоўку. Арганізацыя мае дастатковы досвед, каб праводзіць у раёнах семінары для работнікаў культуры, пад час якіх зацікаўленыя могуць навучыцца рабіць этнаграфічныя запісы. Яшчэ жывыя носьбіты традыцыйнай культуры ды супрацоўнікі афіцыйных устаноў маюць магчымасць стварыць уласныя архівы. Бывае, падобныя архівы захоўваюцца на старых гуканосьбітах (бабінах ды касетах). СЭТ можа прапанаваць перавод у лічбавы фармат з вяртаннем носьбітаў інфармацыі разам з копіямі для апісання і апрацоўкі ў раёне.

Стратэгічнай мэтай можна пазначыць збіранне ўсіх этнаграфічных матэрыялаў Беларусі ў адзін вялікі архіў. Практыка паказвае, што тэндэнцыя далучаць меншыя калекцыі да большых досыць моцная. Акрамя СЭТ, вялікія этнаграфічныя архівы захоўваюцца ў Акадэміі навук, БДУ, кансерваторыі, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, некаторых рэгіянальных універсітэтах, а таксама ў Архіве вуснай гісторыі. У апошнія гады даследчыкі часта перадаюць асабістыя палявыя запісы ў буйныя архівы на захаванне. Да ўсяго, раённыя ды абласныя метадцэнтры маюць планы выдавецкай дзейнасці. Хай бы выпускаліся “жывыя” экспедыцыйныя матэрыялы, з мультымедыйнымі дадаткамі.

Акрамя даследчай дзейнасці, СЭТ займаецца навучаннем спевам, танцам ды рамёствам, правядзеннем народных святаў і абрадаў, лекцыямі і семінарамі, стварэннем вучэбна-метадычнай літаратуры, арганізацыяй мастацкіх экспазіцый, папулярызацыяй традыцыйнай народнай культуры. Яшчэ адзін кірунак супрацоўніцтва — выстаўкі. Таксама сябры СЭТ гатовы падтрымаць мерапрыемствы любога маштабу — ад свята вёскі да абласнога фестывалю — пры ўмове, што ў іх бяруць удзел носьбіты аўтэнтычнага фальклору.

У сацыяльнай структуры сучаснага грамадства прынята вылучаць дзяржаўны, камерцыйны і няўрадавы сектары. Акурат да апошняга адносяцца грамадскія арганізацыі. Тут часта нараджаюцца ідэі, якія потым манетарызуюцца ў камерцыйным ці ідэалагізуюцца ў дзяржаўным сектарах. Валанцёрскім арганізацыям, да якіх адносіцца і СЭТ, для паўнавартаснай рэалізацыі сваіх задумак патрэбна грашовая і адміністрацыйная дапамога. Таму супрацоўніцтва выгоднае, як бачыцца, усім бакам.

Алена ЛЯШКЕВІЧ


/i/content/pi/cult/520/11200/4-22 (1).jpgАртыкул нашай сталай аўтаркі прымусіў задумацца. А ўсё праз апошні абзац матэрыялу, дзе гаворыцца пра “нараджэнне ідэй, якія пасля манетызуюцца ў камерцыйным сектары”.

За грошы ўсе харошы

Калі ісці за логікай вышейзгаданага артыкула, пад ідэямі маюцца тыя, што нараджаюцца ў сферы культуры Беларусі. Але тут адразу паўстае шэраг пытанняў: якім чынам манетызаваць тую або іншую “культурную” ідэю? Як яе “раскруціць”? Як з ідэі зрабіць тавар, які пасля набудзе не толькі мясцовы жыхар, а, магчыма, і прыезджы айчынны вандроўнік ці нават замежны турыст?

Да прыкладу, у нядаўна прачытанай мной кнізе Чарльза Лэндры “Развіццё гарадоў праз культуру” сцвярджаецца, што некаторыя навукоўцы сёння ўспрымаюць культуру ў якасці — ні больш ні менш! — “выратавальнага круга”. Справа ў тым, што, на думку аўтара, глабалізацыя і хуткія змены ў грамадстве робяць усё больш важнымі пачуцці лакальнай самабытнасці, якія фарміруюцца менавіта ў мясцовай, рэгіянальнай культуры. А кожны рэгіён свету, натуральна, валодае ўласнымі ўнікальнымі культурнымі рэсурсамі (традыцыямі, абрадамі, архітэктурай і гэтак далей), якія робяць яго непаўторным. Адсюль узнікае магчымасць “раскруткі” сваёй, роднай, мясцовай культуры і, як вынік, — атрымання з гэтага грошай.

У розных культурах адметнасць манетызуюць па-рознаму. Напрыклад, горад Кемі на поўначы Фінляндыі ў выніку эканамічнага крызісу і беспрацоўя пачаў выкарыстоўваць снег, якога там заўжды багата, як свой асноўны рэсурс. Калі ў горадзе пабудавалі вялізныя ледзяныя палацы, дык людзі з усяго свету пачалі з’язджацца сюды, каб паглядзець на гмахі з лёду ды паўдзельнічаць у адмысловых снежных фестывалях. А брытанскі Бірмінгем, раней вядомы толькі як цэнтр аўтамабілебудавання, паступова зрабіўся шыкоўным месцам для здымак фільмаў. Прычым з цягам часу ўсе “кіношныя” памяшканні ўбудавалі ў старыя закінутыя вытворчыя цэхі. Такім чынам, культурны складнік дазволіў асвоіць індустрыяльную зону горада і прывесці да змен у канцэпцыі развіцця самога Бірмінгема. Натуральна, і ў эканамічным плане таксама...

У чаканні прарыву

Што ж, як ні кажы, гэта — толькі замежны досвед. Але хто сказаў, што ў Беларусі яго прымяніць нельга? Напрыклад, тых жа закінутых вытворчых цэхаў у Мінску больш чым дастаткова. Памятаю, яшчэ некалькі гадоў таму абмяркоўвалася ідэя зрабіць у некаторых з гэтых цэхаў выставачныя пляцоўкі, ладзіць там прэзентацыі ды разнастайныя культурныя акцыі… Але, як кажуць, воз і дасюль там…

У рэгіёнах таксама ёсць магчымасць зарабіць “капейчыну” на сваёй культурнай адметнасці ды эксклюзіўнасці. Да слова, бездежскія фартушкі з Драгічынскага раёна — даволі вядомы брэнд Брэстчыны — цалкам здатныя “раскруціць” сябе яшчэ больш. Чаму б, да прыкладу, не правесці ў Мінску ці Брэсце нешта накшталт фестывалю фартушкоў? Або запрасіць дзяўчат з мадэльных агенцтваў і зладзіць дэманстрацыю фартушкоў з Бездзежа для шырокай публікі?

Эфект, магчыма, быў бы такі ж самы, які зрабіў нядаўні паказ калекцыі ад “Valentino” на тыдні высокай моды ў сталіцы Францыі. Нагадаю, што ў Парыжы мадэлі дэфілявалі па подыуме ў сукенках з фальклорнымі славянскімі матывамі! Як патлумачылі крэатыўныя дырэктары “Valentino”, натхненнем пры стварэнні калекцыі ім паслужылі карціны Марка Шагала… Не варта і казаць, што новая калекцыя выклікала захапленне ў гледачоў па ўсім свеце.

Асобна трэба спыніцца і на фестывалях нацыянальнай кухні, якія заўсёды выклікаюць цікавасць у айчынных ды замежных турыстаў. А значыць, даюць магчымасць зарабіць на продажы тых або іншых страў (ці іх рэцэптуры) звонкую манету. Пакуль жа сярод падобных рэгіянальных найбольш вядомы фэст “Мотальскія прысмакі”, што, дарэчы, летась чамусьці на Іванаўшчыне не ладзіўся. А дзе прысмакі чавускія ці браслаўскія, гарадоцкія ці нараўлянскія? Ці там няма сваіх, арыгінальных, рэцэптаў нацыянальных страў? Вельмі ў тым сумняваюся…

Зразумела, пытанняў у справе манетызацыі культуры пакуль куды больш, чым адказаў. Напрыклад, ці магчыма зарабіць грошы на дэманстрацыі абраду “Цары” з вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, унесенага ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO? На мой погляд, наўрад ці. Дый ці патрэбна гэта? Тут варта казаць, хутчэй, пра захаванне як гэтага, так і іншых падобных унікальных ды старадаўніх абрадаў: ад “Цягнуць Каляду на дуба”, што дасюль бытуе на Міншчыне, да “Конікаў” з палескага Давыд-Гарадка… Але ж думаць, разважаць ды спрачацца пра “манетызацыю” як сталічных, так і рэгіянальных культурных адметнасцей, безумоўна, варта. Бо да гэтага нас прымушае сённяшні час... Але ж ці дачакаемся прарыву?

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"