“Харошкі”: дыялог пасля прэм’еры

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Новая праграма “Беларусы” Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” чакалася з нецярплівасцю. Цікавасць гледачоў падтрымлівалася “анонсамі”, калі ў чарговых выступленнях калектыву прэзентаваліся асобныя часткі цыкла, пастаўленыя народнай артысткай Беларусі Валянцінай Гаявой. Нарэшце на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі маштабны праект, праца над якім доўжылася тры гады, быў прадэманстраваны цалкам. Надзвычай высокую ацэнку ўбачанаму і пачутаму даў міністр культуры краіны Уладзімір Матвейчук, які выйшаў на сцэну павіншаваць віноўнікаў урачыстасці пасля таго, як праграма была прагледжана мастацкім саветам. На старонках “К” прэм’еру абмяркоўваюць музыказнаўца Надзея БУНЦЭВІЧ і балетны крытык Святлана УЛАНОЎСКАЯ

 /i/content/pi/cult/151/1120/Haroshki1.jpg
Н.Б.: —”Харошкіўжо больш за 30 гадоў здзіўляюць і заварожваюць усё новымі ідэямі. Не толькі ўласна танцавальнымі, пластычнымі, але і філасофска-гістарычнымі, якія ажыццяўляюцца не выключна ў асобных нумарах, але і ў буйных тэатралізаваных дзеях з дакладна выбудаванай драматургіяй. У свой час ансамбль быў першым, хто відочна паказаў неабсяжную разнастайнасць нацыянальнага фальклору з безліччу рэгіянальных асаблівасцей. ПраграмаПа старонкахПолацкага сшыткадалучыла гледачоў да сапраўдных еўрапейскіх традыцый старадаўніх беларускіх палацаў і прадмесцяў, “Бывай, ХХ стагоддзе!” — да пярэстага сацыяльнага і нацыянальнага складу краіны. УБеларусахя ўбачыла перапляценне ўсіх ранейшых тэндэнцый і адначасоваімкненне да новых філасофскіх глыбінь і этнічна-гістарычнага разгорту.
С.У.: Задумастварыць абагульнены вобраз беларусаў у непарыўнасці з кругабегам пораў годападалася наколькі цікавай і перспектыўнай, настолькі і маштабна-неабдымнай. Міжволі ўзгадваецца балетКругабегУладзіміра Іванова і Юліі Чурко на музыку Алега Залётнева, некалькі гадоў таму ўвасоблены ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Рэспублікі Беларусь.

Падобная задача даволі арганічная для фальклору, бо, як вядома, адзінства чалавека, зямлі, космасу складае аснову светасузірання праз яго прызму. Невыпадкова асноўным вобразна-пластычным матывам “Беларусаў”, вызначальным харэаграфічным малюнкам амаль кожнага з нумароў стала вярчэнне ва ўсёй разнастайнасці сваіх варыянтаў — як сімвал круга, колазвароту прыроды, жыцця чалавека і сусвету.

 /i/content/pi/cult/151/1120/Haroshki2.jpg

Н.Б.: — Кола, круг — адзін з самых шматаблічных знакаў, у тым ліку ў беларускай народнай міфалогіі. Гэта і сонца, і абярэг, і гармонія, “закругленасць”, вечнасць, замкнёнасць. Прачытвалася таксама лічбавая сімволіка: харэаграфічны малюнак у “Кужальку”, “Вяснянках” складалі 7 дзяўчат, у “Валачобніках” адзін за адным выходзілі 12 хлопцаў, кожны — са сваёй харэаграфічнай “разыначкай”-індывідуальнасцю і адначасова ў аднолькавых абагульнена светлых строях. Раней мне ўжо даводзілася гаварыць пра сімволіку зямлі і неба ў вясновым цыкле, пра адвечную “харошкаўскую” накіраванасць рухаў угару, да нябёсаў, што заўважна рамантызуе і прыўзнімае вобразы, бо ў народнай танцавальнай практыцы звычайна выкарыстоўваюцца прытупванні, што калісьці абазначалі сувязь з зямлёй. Тыя ж “Вяснянкі” ўвогуле становяцца “танцам рук”, дзе далоні “багінь вясны” нездарма ўпрыгожаны бліскаўкамі. Ідэя сінтэзу мастацтваў, што ляжыць у аснове абрадавых дзеянняў кожнага народа, рэалізуецца не толькі на ўзроўні спалучэння музыкі, спеваў, заклічак, танцаў і папраўдзе шыкоўных сцэнічных строяў (дзякуй мастакам Аляксею Гаявому, Юрыю Піскуну і асабліва — Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, які аказаў дапамогу ў іх набыцці). Сінтэз выяўляецца і ў тым, што законы аднаго віду мастацтва распаўсюджваюцца на іншыя. У пастаноўцы выкарыстаны прыёмы “паралельнага дзеяння”, візуальнага пашырэння сцэнічнай прасторы, харэаграфічнай “поліфаніі”, “стоп-кадра”, “мантажнай драматургіі”, пры якой адбываецца хуткая і разнастайная змена планаў, фальклорнай гетэрафаніі, калі адначасова гучыць некалькі варыянтаў тэмы і выканаўцы то вядуць адну лінію, то разыходзяцца на кароткія сольныя ўкрапванні-варыяцыі на фоне агульнага руху. Лейтматывам “Дрыготкі” з’явіўся адметны ўзмах хустачкай, якая стала галоўнай “дзейнай асобай” і паказальнікам настрою кожнай з дзяўчат. Пластычны малюнак кампазіцыі “Завеі” ствараўся таксама з дапамогай сцэнічных строяў — доўгіх празрыста-белых стужак-шаляў, што ўзмацнялі эфект кружэння.

 /i/content/pi/cult/151/1120/Haroshki3.jpg

С.У.: — Таму “Завеі” атрымаліся вельмі лірычнымі і не столькі “марозілі” халадамі, колькі супакойвалі, закалыхвалі, а ўвесь “зімовы блок” быў надзіва цёплым, уласцівым нашаму нацыянальнаму характару. Ды ўсё ж мне здалося, што вобраз беларусаў мог быць трохі больш разнастайным, чым парадна-святочны ўхіл з пробліскамі лірыкі і плакатна-драматычнай афарбоўкай у “летне-ваенным” эпізодзе.

Н.Б.: — А мне ўяўляецца якраз наадварот! Пошукі максімальнай разнастайнасці і кантрастнасці прывялі да сумяшчэння дзвюх розных праграм у адной. Бо “Зіма — Вясна”, змешчаныя ў першым аддзяленні, утваралі “адзінства і барацьбу супрацьлегласцей”. “Зіма” быццам падкрэслівала, што “ўсё жыццё — тэатр”, “Вясна” ж акцэнтавала позірк у нябёсы. А “Лета — Восень” пераводзяць аповед з этнічна-міфалагічнага, філасофскага кірунку ў гістарычна-сацыяльны. Тут з’яўляецца і мужчынская батрацкая песня, што належыць да другога фальклорнага пласта ХVI — ХVІІІ стагоддзяў, і аўтарская рамансавая лірыка новага музычнага кіраўніка ансамбля Мар’яны Марозавай, выкананая як стылізацыя ХІХ стагоддзя. Ваенная тэматыка пераносіць у ХХ стагоддзе з яго дзвюма сусветнымі войнамі. “Вяселле” з відавочна “гарадскімі” маладымі, “прапіска” якіх падкрэслена і ў касцюмах, і ў танцы, мае непасрэднае дачыненне да некалькіх пасляваенных дзесяцігоддзяў. Нарэшце, “Дажынкі” павінны замкнуць кола, з’яднаўшы традыцыйны каляндарна-абрадавы цыкл і найновую гісторыю.

С.У.: — І ўсё ж два аддзяленні канцэрта ўспрымаліся фрагментамі з розных “опер”. Абагульнення не хапала не толькі самой праграме, але і асобным пластычным рашэнням, якія выглядалі занадта традыцыйнымі, а часам і натуралістычнымі, як касьба ў “Мядуначцы” ці праполка ў “Журавах”.

Н.Б.: — Я ж і кажу: гэта, па сутнасці, дзве праграмы! Калі першае аддзяленне пабудавана па законах “сімфанічнай паэмы”, дык другое заснавана на сюіце, многія нумары якой шыкоўна могуць (і нават павінны!) упрыгожваць канцэрты самага высокага ўзроўню. Кожны мастак павінен мець права на эксперымент. І тое, што Валянціна Гаявая зрабіла нязвыклы для стылістыкі “Харошак” крок да рамансавасці, ваеннай тэматыкі, было прадыктавана шчырай прагай да творчага пошуку. Дык пажадаем ёй не стамляцца пракладаць шляхі ва ўсе бакі!


Фота Юрыя ІВАНОВА