Ад кірмашу да піяру

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Літаральна праз пару дзён у беларускай сталіцы распачне сваю працу XXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Сотні гасцей з усіх куткоў Беларусі, Еўропы і Азіі, тысячы кніжных навінак ад беларускіх, французскіх, кітайскіх ды многіх іншых выдавецтваў, дзясяткі прэзентацый — усё гэта можна будзе ўбачыць цягам пяці дзён у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭКСПА”. Але ж ці выкарыстоўваецца гэтая маштабная міжнародная пляцоўка напоўніцу?

/i/content/pi/cult/520/11199/4-22.jpgУжо неаднойчы бываючы на кірмашы, раз-пораз сустракаў тут знаёмых бібліятэкараў з рэгіёнаў, якія прыязджаюць, каб пабачыць навінкі кніжнага свету, што называецца, на свае вочы. Але ж, пагадзіцеся, падобнае мерапрыемства — гэта не толькі выдатная магчымасць азнаёміцца з новымі выданнямі, але і шыкоўная пляцоўка для завязвання кантактаў паміж бібліятэкарамі ды выдаўцамі. Да таго ж тут можна павучыцца ў замежных гасцей, як “раскручваць” ды прадаваць такі дарагі сёння тавар — кнігу.

Натуральна, бібліятэкары продажам кніг не займаюцца. Але прэзентацыі яны ладзяць! І менавіта на кірмашы можна зразумець, як іх варта рабіць. Бо прэзентацыя сёння — гэта не толькі невялікі расповед пра выданне з выкарыстаннем праектара ды паказам слайдаў, а сапраўдная навука і праўдзівае майстэрства, дзе разнастайныя маркетынгавыя хады будуць цалкам дарэчы. Напрыклад, чаму б не зладзіць пад час прэзентацыі сустрэчу з аўтарам, конкурс на лепшае пытанне, на лепшае веданне тых часоў, якія апісваюцца ў новай кнізе? Таксама можна спалучыць расповед пра кніжную навінку з музыкай, спевамі, а то і выступленнем “жыўцом” сапраўднага артыста ці калектыву…

Мяркую, на выстаўцы можна будзе скарыстацца і іншым досведам сучаснага кніжнага рынку. А падобнага вопыту бібліятэкарам сёння якраз не стае, нягледзячы на тое, што ў Беларусі існуе шэраг спецыялізаваных выданняў для апошніх. Хто не верыць, няхай пачытае матэрыял з нагоды сацыялагічнага даследавання, змешчаны ў мінулым нумары “К”, — там прыведзены ўсё лічбы ды факты…

І яшчэ. Не варта і казаць, што падобная выстаўка — гэта выдатная магчымасць як прадставіць ды “раскруціць” свой рэгіянальны бібліятэчны праект, так і пазнаёміцца з патэнцыйным спонсарам ці мецэнатам, нават замежным. Але чамусьці бібліятэкары Беларусі кніжны кірмаш для гэтага амаль не выкарыстоўваюць, засяроджваючы ўвагу толькі на прэзентацыі новых выданняў. Кажу “амаль”, бо ведаю, што супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі актыўна “піяраць” свае навінкі і будучыя праекты. А дзе ж іхнія калегі з рэгіёнаў?

Між тым выкарыстоўваць падобныя міжнародныя культурныя пляцоўкі трэба. Прычым не толькі культурныя. Да прыкладу, летась з падачы намесніка старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуша Стружэцкага пастаўскі Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” быў прадстаўлены ў красавіку на XVII Міжнароднай турыстычнай выстаўцы “Адпачынак-2014”. Пасля, увосень, адбылася прэзентацыя гэтага рэгіянальнага фэсту ў Палацы культуры Трактарнага завода… Прыклад, варты пераймання для ўсіх маштабных рэгіянальных фестываляў краіны…

Зрэшты, чаму толькі для фестываляў? Для бібліятэчных праектаў таксама можа знайсціся месца на Міжнароднай турыстычнай выстаўцы. Варта толькі суаднесці свой праект з турыстычным патэнцыялам таго або іншага рэгіёна, “упісаць” яго ў турыстычныя, напрыклад, “зялёныя” маршруты. Натуральна, для гэтага бібліятэкарам варта не толькі “варыцца” ў сваім культурным асяродку, а цесна супрацоўнічаць са сваімі мясцовымі раённымі аддзеламі адукацыі і турызму. Але карысць ад падобнага супрацоўніцтва — навідавоку.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"