Пра Скарыну

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Алесь РАЗАНАЎ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы:
— Вельмі ўзрадаваны выхадам кнігі “Францыск Скарына на мовах свету”, у якой прадмова да кнігі “Бібліі” “Юдзіф” перакладзена на 64 мовы.

/i/content/pi/cult/520/11198/3-1.jpgДа стварэння выдання маю непасрэднае дачыненне. Колькі дзесяцігоддзяў таму я звярнуўся да старажытнай беларускай літаратуры: Скарына, Тураўскі, Цяпінскі, Сматрыцкі… Калі чытаеш іх творы ў арыгінале, закрадваецца думка: гэта чытанне не для шырокай грамадскасці, а для асобных навукоўцаў. Але калі пачынаеш чытаць больш пільна, уважліва, то знаходзіш паэтычны ключ, уласцівы ўсім творам. Дастаткова было толькі скарыстацца гэтым ключом, і творы загаварылі на зразумелай усім мове. Так у мяне ўзнікла “Кніга ўзнаўленняў”.

Прадмовам і пасляслоўям Францыска Скарыны я надаваў найбольшую ўвагу. Вядома, словы нашага асветніка адрасаваліся ягоным сучаснікам, але яго ідэі не замыкаліся ў тым часе, а скіроўваліся ў будучыню. Асэнсаванне сутнасці чалавека, Айчыны, часу — усё гэта ёсць у працах Скарыны. Радзіма, на яго думку, — не толькі тое месца, дзе нарадзіўся чалавек. У паняцце Радзімы наш асветнік уключае чыннік Бога. І прадмова да кнігі “Юдзіф” — найлепшае таму сведчанне. Яна мае ўніверсальны, агульначалавечы змест, а таму, у ідэале, мусіць быць прадстаўлена на ўсіх мовах свету. Гэтыя радкі Скарыны павінны быць перакладзены, у тым ліку, і на класічныя мовы, якія не выкарыстоўваюцца ў побыце, але з якімі наш асветнік меў справу: на латынь, грэчаскую, яўрэйскую.

Прадмова да кнігі “Юдзіф” па форме не з’яўляецца нейкім запаветам, але яна адрасуецца ўсім і кожнаму. І асабліва ў сённяшні час дэманструе базавыя каштоўнасці, а таму павінна стаць нашай візітоўкай у свеце. Хочацца спадзявацца, што і ўся наша старажытная літаратура паступова ўвойдзе ў кантэкст сённяшняга дня…

Фота budzma.org

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"