На што попыт у музкаледжы?

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Як установе адукацыі “раскруціць” земляка і зрабіць прафесію працягальнай
Лідскі дзяржаўны музычны каледж згадваўся на старонках “К” неаднойчы. Найперш — у сувязі з чарговымі перамогамі тамтэйшых выхаванцаў на міжнародных фестывалях ды конкурсах. А чым жыве каледж “у вольны ад перамог” час? Ці перажывае ён тыя ж праблемы, як і іншыя музычныя навучальныя ўстановы? І як з імі змагаецца?

/i/content/pi/cult/516/11185/13-1.jpg— Рынак адукацыйных паслуг сёння вялізны, — распавядае дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена СЕРАКОВА. — Колькасць спецыяльнасцей, якія можна набыць, — неабсяжная. І сярод іх, вядома, ёсць куды больш прыцягальныя для моладзі і не такія складаныя, як музыка. Сядзець склаўшы рукі ды чакаць, пакуль на нас абрынецца цэлае сузор’е апантаных, падрыхтаваных ужо самой матухнай-прыродай юных талентаў (маўляў, бяры ды выпускай!), не даводзіцца: дыямент — і той патрабуе агранкі. Ды яшчэ і знайсці яго трэба! Па-першае, імкнёмся падтрымліваць цесную ўзаемасувязь: школа — каледж — ВНУ. Па-другое, цікавасць да спецыяльнасці закладаем і падтрымліваем конкурсна-фестывальным рухам, канцэртнай дзейнасцю, міжкультурнымі абменамі. Па-трэцяе, улічваем індывідуальны падыход — іншымі словамі, “ролю ў гісторыі”, як таму вучыць філасофія. Бо шмат чаго залежыць ні ад дырэктара ці якога іншага начальніка, ні ад мясцовых улад, на якіх, здараецца, любяць “спісваць” вечны недахоп матэрыяльных сродкаў, а ад ініцыятывы і зацікаўленасці кожнага, пачынаючы са сціплай пасады выкладчыка. Ды ніякая яна не сціплая! Бо менавіта ад настаўніка залежыць, ці натхніць ён сваіх выхаванцаў на музіцыраванне, ці падтрымае ў іх творчы агеньчык...

Мастацтва выканальніцтва на духавых інструментах у нашым каледжы калісьці вельмі ўзняў Канстанцін Сцяпанаў. Ніводны каледж не можа пахваліцца такой моцнай, як у нас, музыказнаўчай школай, ля вытокаў якой стаіць Бэла Дзвілянская. Традыцыі добрага выканальніцтва на народных музычных інструментаў заклаў Аляксандр Патапейка. Таму сёння ў нас ёсць два аркестры народных інструментаў, якімі кіруюць Алена Сечка і Галіна Пушкіна, і абодва развіваюцца вельмі плённа.

— Няцяжка заўважыць, што кожны з музычных каледжаў рэспублікі мае сваю “фішку”. Да прыкладу, Маладзечанскі імя Агінскага вядомы ў нас і за мяжой праз свой сімфанічны аркестр на чале з дырэктарам каледжа Рыгорам Сарокам, праз канцэртныя ды оперныя вечары, што ён ладзіць. Лідскі, як мне здаецца, мае іншую базу: народнае выканальніцтва — не толькі інструментальнае, але і вакальна-харавое…

— Так, у заходніх рэгіёнах вельмі папулярны акардэон, цымбалы, народныя харавыя спевы — праблем з наборам на гэтыя спецыяльнасці няма. У маі на базе каледжа будзе праводзіцца VII Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча — па розных спецыяльнасцях, у некалькіх узроставых намінацыях. Гэта таксама папулярызацыя і народнага выканальніцтва, і нашай установы. А вось тыя ж струнныя смычковыя інструменты, навучацца ігры на якіх пажадана з маленства, карыстаюцца, на жаль, меншым попытам (асабліва гэта датычыцца віяланчэлі, кантрабаса). Ладзіцца ў Лідзе і Абласны конкурс імя Канстанціна Горскага — ураджэнца нашага горада, вядомага скрыпача і кампазітара, сябра і выканаўцы твораў Чайкоўскага, аўтара оперы “Маргер”, што ставілася ў Польшчы, больш як сотні рамансаў, музыкі іншых жанраў. Але імя нашага славутага земляка патрабуе далейшай “раскруткі”, у тым ліку з боку СМІ. Дадатковая інфармацыйная нагода — 90-годдзе з дня смерці Горскага і 20-годдзе самога конкурсу, які ладзіцца з 1995-га, чаргуючы розныя намінацыі. Дадам, што наш конкурс адкрыў у свой час такія вядомыя ў рэспубліцы і за яе межамі імёны, як піяністка і кампазітар Дзінара Мазітава, трубач Максім Шкулепа, які грае ў аркестры Вялікага тэатра краіны і выкладае ў Акадэміі музыкі. А конкурс “Ільвяня”! Калісьці гэта быў “Лідскі вянок”, а летась ён атрымаў “павышэнне статусу”, стаўшы Рэспубліканскім фестывалем-конкурсам дзіцячага мастацтва, і быў перайменаваны ў “Ільвяня”, у рускамоўнай версіі якога няцяжка заўважыць гульню слоў з ранейшай назвай. Гэты конкурс ладзіцца на базе Лідскай дзіцячай школы мастацтваў і ахоплівае не толькі розныя музычныя спецыяльнасці, але і харэаграфію. Магчыма, вам будзе цяжка паверыць, але летась ён сабраў каля тысячы салістаў, амаль дзвесце ансамбляў, агульная ж колькасць удзельнікаў (падкрэслю, з якіх куткоў Беларусі) пераваліла далёка за дзве тысячы. Такі разгорт не можа не дацца ў знакі на павышэнні рэйтынгу ды музычных спецыяльнасцей увогуле, і нашага горада, і ўсіх яго культурных устаноў.

— Але ж спадзявацца адно на Лідскую школу мастацтваў, якая забяспечыць вас абітурыентамі, нельга…

— Ды нашы выкладчыкі па ўсім рэгіёне ездзяць! Ва ўсіх райцэнтрах, аграгарадках ладзяць канцэрты, праводзяць кансультацыі, майстар-класы, удзельнічаюць у журы тамтэйшых конкурсаў. Усё гэта і дае плён. Будучых абітурыентаў (ды асабліва іх бацькоў) не можа не вабіць і добры ўзровень падрыхтоўкі, які дае наш каледж (сведчаннем таму — высокі працэнт паступлення ў ВНУ), і стопрацэнтнае ўладкаванне на працу. Каледж  увесь час на вачах, бо нашы калектывы і салісты ўдзельнічаюць ва ўсіх святах ды акцыях гарадскога, раённага, абласнога маштабаў. Часта ўвогуле менавіта на іх і трымаецца канцэртная праграма. Ладзім мы і музычна-тэматычныя вечары ды іншыя мерапрыемствы, якія прыцягваюць увагу грамадскасці. А выезды за мяжу, якія сталі практыкавацца апошнім часам, увогуле робяць фурор! Таму з такой удзячнасцю ставімся да ўсіх, хто нам дапамагае, бо грошы патрэбны не толькі, каб кудысьці выехаць, але і каб было з чым. Агульная для ўсіх музыкантаў праблема — набыццё добрых інструментаў, да прыкладу…

— Маеце спонсараў?

— Ускладаць на плечы дзяржавы абсалютна ўсё — немагчыма. Таму звяртаемся на буйныя прадпрыемствы, у іншыя арганізацыі — ад раённага аддзялення Беларускага фонду міру да Лідскага благачыння. Больш за ўсё магчымасцей у аб’яднання “Лідскае піва”. Дый кіраўніцтва завода добра разумее, што выступленні айчынных калектываў, асабліва ў замежжы, услаўляюць не толькі горад, але і ўсю краіну, нават ускосна садзейнічаюць экспарту беларускай вытворчасці…

 

Хэдлайн рэгіёна

Каледж як цэнтр сусвету?

Музычныя навучальныя ўстановы перажываюць сёння не лепшыя часы. Няма вакол іх таго ажыятажу, што назіраўся ў мінулыя дзесяцігоддзі, калі піяніна ў доме лічылася неабходным элементам дэкору, сведчаннем дабрабыту, як пазней гэта было з дыванамі і крышталём. Дый хлопец з гармонікам ці гітарай у руках цяпер не мяжа дзявочых летуценняў, а якраз наадварот — ніжэйшая “стартавая пазіцыя”…

Але нельга не заўважыць і некаторых станоўчых зрухаў: грамадства паступова вяртаецца да трывалых вечных каштоўнасцей. І заслуга ў гэтым найперш тых навучальных устаноў, якія праз сваіх вучняў выхоўваюць і іх бацькоў, сяброў, родных і блізкіх. А галоўнае — становяцца цэнтрамі культурнага жыцця рэгіёна. Мадэль культурнага асяродка, у аснове якой знаходзіцца профільная навучальная ўстанова (а лепш — некалькі такіх устаноў, разлічаных на розны ўзрост дзяцей і моладзі, што забяспечвае пераемнасць выхаваўчых працэсаў), становіцца сёння адной з самых перспектыўных. Бо на базе музычных каледжаў і школ можна ладзіць самыя розныя творчыя праекты з непасрэдным удзелам выкладчыкаў ды вучняў, не менш прывабныя (і, скажам шчыра, куды больш цікавыя), чым прыезд расійскіх зорак эстрады. Асабліва актуальна гэта для тых мясцовасцей, дзе няма ні свайго тэатра, ні філіяла філармоніі, як у той жа Лідзе. У такіх умовах да навучальных устаноў мастацкага профілю трэба ўвогуле ставіцца, як да цэнтра сусвету! І падтрымліваць іх на ўсіх узроўнях — ад дзяржаўнага да спонсарскага, — што ў Лідзе і робяць…

 

 

 

Кажа эксперт

Вольга ДАДЗІЁМАВА, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Мне неаднойчы даводзілася бываць у Лідскім музычным каледжы з мэтай прафесійнай арыентацыі. Я наведвала некаторыя заняткі, прысутнічала на заліках ды іспытах. Дый сярод студэнтаў Акадэміі музыкі нямала выпускнікоў гэтай навучальнай установы, з якімі сутыкаешся штодня (наколькі ведаю, 70 працэнтаў навучэнцаў каледжа паступае ў розныя ВНУ — гэта вельмі высокі паказчык). Музыкантаў з Ліды вызначае не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і крэатыўнасць мыслення, высокі творчы патэнцыял, які быў раскрыты ў іх удумлівымі ды адданымі сваёй справе выкладчыкамі. Калектыў каледжа ўяўляе з сябе зладжаную суполку, што працуе на адной энергетычнай хвалі...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"