"Мяцеліца" паказала...

№ 7 (1185) 14.02.2015 - 20.02.2015 г

Пад час Конкурсу беларускіх танцаў "Мяцеліца", што адбыўся ў сталіцы 8 лютага, танцавальныя пары з многіх куткоў Беларусі паказалі, на якім узроўні захоўваецца і перадаецца нацыянальная танцавальная культура. Развагі пра тое, як імпрэзе развівацца далей, чытайце ў рэпліцы Алены Ляшкевіч.

Рэфлексіі па фэсце

Пасля Конкурсу традыцыйных танцаў “Мяцеліца”, што прайшоў 8 лютага ў Мінску, атрымалася паразмаўляць з некаторымі арганізатарамі і экспертамі.

/i/content/pi/cult/519/11175/DSC_02.jpg

Старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп сказаў, што такое задавальненне, як у гэты дзень, атрымліваў хіба на “Берагіні”. Тое, што “Мяцеліца” праходзіць у рэчышчы руху “Берагіні”, падкрэслівае аўтар ідэі абедзвюх імпрэз — этнахарэограф Мікола Козенка. Ён прапануе, каб Міністэрства культуры краіны надало статус міжнароднага — фестывалю “Берагіня”, рэспубліканскага — Конкурсу выканаўцаў народнага танца “Мяцеліца”. Для гэтага ёсць падставы: на “Берагіню” прыязджаюць гурты з Украіны ды Расіі, а геаграфія ўдзельнікаў “Мяцеліцы” ўжо другі год ахоплівае вялікую частку Беларусі. Сёлета былі былі ўдзельнікі з Капаткевічаў, Лоева, Полацка, Століна, Гомеля, Слуцка, Буда-Кашалёва, Асіповічаў, шмат пар з Мінска.

/i/content/pi/cult/519/11175/DSC_11.jpg

Мікола Козенка сцвярджае: “Нам патрэбна Дзяржаўная праграма “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”. Прадмет “Беларускі народны танец” павінен быць уведзены ў праграмы агульнаадукацыйных школ, ДШМ, каледжаў культуры і мастацтваў і ВНУ. Як казаў славуты Рыгор Шырма: “Заспявае школа — заспявае народ”. А традыцыйная харэаграфія знітавана з песняй, з інструментальнай музыкай. “Берагіня” на сёння — гэта дасканалая сістэма этнавыхавання дзяцей і падлеткаў. Такі досвед варты пашырэння”.

Кандыдат гістарычных навук Таццяна Кухаронак, сябра журы, — таксама за пашырэнне выкладання традыцыйнага танца. Яна лічыць, што танцаваць можа кожны. Важна даць магчымасць далучыцца да традыцыйнай танцавальнай культуры з дзяцінства. Нароўні з фізічнай, гэта і эмацыйная нагрузка, якая спрыяе развіццю асобы.

/i/content/pi/cult/519/11175/DSC_13.jpg

Думкамі падзяліўся і сябра журы, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага РДК, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” Сяргей Выскварка. Ён лічыць, што даўно наспела патрэба ў вялікім міжнародным фальклорным фестывалі, які праводзіўся б у Мінску, пры падтрымцы Міністэрства культуры. У якасці прыкладу прыводзіць фестываль “Пакроўскія званы” ў Вільнюсе. Выступленні нашых бабуль у вялікіх урачыстых залах — вось што ўзняло б прэстыж традыцыйнай культуры ў грамадстве, адзначыў Сяргей Георгіевіч. З боку гледача-аматара традыцыйнай культуры цяжка не пагадзіцца. Ну гэта ж казка была б: не трэба нікуды ехаць, бабулі з’ехаліся б у Мінск, дый яшчэ і замежныя гурты паглядзець!..

Што да будучыні “Мяцеліцы”, то афіцыйная падтрымка фэсту, канешне, патрэбна. Як паказаў прыклад Летняй школы традыцыйнага танца “Пятровіца” ў Любанскім раёне, ідэі нараджаюцца з ініцыятывы. Але з падтрымкай мясцовай улады, устаноў культуры яны ўдасканальваюцца. Таму застаецца наладжваць кантакты з установамі культуры, што маглі б накіраваць танцораў на наступны конкурс, і спадзявацца на дапамогу з боку Міністэрства культуры.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Больш здымкаў ў нашым фотарэпартажы.

Аўтар: Таццяна МАТУСЕВІЧ
рэдактар інтэрнэт-рэсурса газеты "Культура" kimpress.by
Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"