Магчыма ці немагчыма?

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, рэжысёр
Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця тэатральнага сезона Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” (Маладзечна) ласкава прадаставіў сваю сцэну для паказу спектакляў акцёрскай асацыяцыі "Unia Teatr Niemozliwy" калег-лялечнікаў з Варшавы. Афіша, выстаўленая ў фае, паведаміла, што паказ праходзіць у рамках Фестывалю польскага тэатра лялек і анімацыйнага кіно для дарослых "Лялька таксама чалавек".

/i/content/pi/cult/518/11172/5-3.jpgУ адказ на пытанне, зададзенае з мэтай (простая цікавасць) атрымаць якую-небудзь інфармацыю пра гэты калектыў, мая польская калега адказала прыкладна наступнае: тэатр вядомы ў Польшчы вузкаму колу спецыялістаў і ставіць альтэрнатыўныя “рэчы” ў розных жанрах ды формах. Ужо цікава! І яшчэ... Я не прыгадаю выпадку, калі ў Маладзечне гастралявалі тэатральныя калектывы з замежных дзяржаў, акрамя краін СНД. Гэта і падштурхнула мяне да таго, каб паглядзець спектаклі польскіх акцёраў.

Пастаноўка для дзяцей "Пад падлогай" ідзе без слоў, і ў ёй заняты ўсяго два выканаўцы — дзяўчына і хлопец. Дэкарацый, у звыклым разуменні, на сцэне няма. Затое ёсць рэквізіт, які абыгрываецца ў адпаведнасці з рэжысёрскімі задачамі. Асабіста мне гэткая дзея падалася наборам умоўных эцюдаў з элементамі пантамімы і блазнавання — прыкладна так, як у бязмоўным экзамене па сцэнічным руху і акцёрскім майстэрстве ў студэнтаў-першакурснікаў. І скіравана яна на дзіцячае ўспрыманне, уяўленне ды абстрактнае мысленне.

Што казаць пра маленькіх гледачоў, калі я, дарослы чалавек, злавіў сябе на думцы, што з няменшым азартам спрабаваў “расшыфраваць” для сябе чарговы “эцюд”, пасыл выканаўцаў і ў думках адказаць на пытанне “Што б гэта значыла?”. І гэта прытым, што ў спектаклі адсутнічае якая-небудзь гісторыя, сюжэт. Калега з маладзечанскага лялечнага тэатра, які мае вялікі фестывальны досвед, прызнаўся: “Колькі разоў бачыў падобныя спектаклі, заўсёды задаю сабе адно і тое ж пытанне: як яны, акцёры, ва ўсім гэтым існуюць, жывуць? Мы — іншыя. У нас школа іншая. Мы выходзім на сцэну з адрознымі задачамі”.

У памяці ад пастаноўкі засталася самая яркая знаходка. У адным з эцюдаў выканаўцы заслалі ўсю сцэну тонкім цэлафанам. Пагулялі з ім, як з халодным морам. Потым з дапамогай няхітрых прыстасаванняў паднялі яго вертыкальна ўгару. Самі акцёры тым часам леглі на сцэну і, перабіраючы нагамі ў паветры, ледзь дакранаючыся да цэлафану, зымітавалі бег па хвалі...

Вячэрні спектакль для дарослых «Другі пакой” пастаўлены па п’есе Збігнева Герберта. Гэтая абстрактная гісторыя, дарэчы, спецыяльна перакладзеная для гастролей і агучаная на беларускай мове, — эксперымент, у якім рэжысёр спалучыў класічны тэатр ценяў і відэапраекцыю. Апошняя ўяўляе з сябе рухомую анімацыю ці намаляваныя чорна-белыя карцінкі, на фоне якіх на экране з’яўляецца або чалавечая постаць, або прадметы, што надаюць дзеі зачаравальны эфект.

Пасля прагляду засталіся дваістыя пачуцці. Напэўна, разумны глядач шукае ў спектаклі прыхаваныя сэнсы, гісторыю (яна заўсёды знаходзіцца на першым плане). А ўжо тое, у якой форме яе падаць, — задача рэжысёра. Ці могуць падобныя работы з’явіцца ў нашых дзяржаўных тэатрах? І так, і не. Такія пастаноўкі маюць патрэбу ў падрыхтаваным гледачы. Да таго ж рэжысёр і акцёр павінны валодаць цалкам іншым мысленнем. У наш час “паказчыкаў” спектаклі авангарднага плана — костка ў горле касы. А шкада. Вось што думае з нагоды ўбачанага галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў: “Ганаруся беларускімі лялечнікамі, якія знаходзяцца ў авангардзе тэатральнага працэсу. Дастаткова паглядзець “Тарцюфа” альбо “Ладдзю роспачы” сталічнай трупы. Калі казаць пра вячэрнюю пастаноўку польскіх калег, то яе стваральнікі не задумваюцца аб цікавасці з боку аўдыторыі. Гэта зусім іншы свет, тэатр дзеля тэатра: цікавы па форме эксперымент, які таксама мае месца быць”.

Гастролі варшаўскага тэатра па Беларусі адбыліся дзякуючы Культурнай праграме Еўрасаюза. Можа быць, і ў нас калі-небудзь з’явіцца падобная праграма? Для Еўрасаюза.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр