Паглыбленне ў тоўшчу бастыёна праз Падказкі Тамаша Макоўскага

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

На старонках “Культуры” мы рэгулярна знаёмім чытачоў з ходам гістарычных даследаванняў і рэстаўрацыйных работ у Нясвіжскім замку Радзівілаў. Па аўторках на гэтым аб’екце, якому надаецца першачарговая дзяржаўная ўвага, збіраецца выязны штаб, у які ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства культуры РБ, спецыялісты “Праектрэстаўрацыі” і “Мінскрэстаўрацыі”, кіраўнікі задзейнічаных будаўнічых арганізацый і іншыя ўдзельнікі адраджэння нашай славутасці, уключанай у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО. 19 лютага, падчас чарговага правядзення выязнога штаба, у Нясвіжскім замку пабывала і карэспандэнт “К”.

 /i/content/pi/cult/151/1117/Bastyjen1.jpg
 

…У замкавым двары выгружалі з мікрааўтобуса бюсты антычных філосафаў. Неўзабаве яны “прапішуцца” ў адноўленай бібліятэцы Радзівілаў, дзе ўжо расстаўлены кніжныя шафы з высакароднага цёмнага дрэва. У гэтыя дні набліжаецца да завяршэння першая чарга рэстаўрацыі. Па другім паверсе з бібліятэкі мы прайшлі ў будучую кавярню са свежараспісанай арнаментам з птушкамі столлю, габеленамі і свяцільнікамі з каванымі радзівілаўскімі арламі. Хочацца спадзявацца, што хутка спрытныя кухцікі будуць разносіць гасцям забытыя стравы са шляхецкага меню.

А на бастыёне, які атачае замак з правага боку, нашу ўвагу прыцягнула свежая кладка з чырвонай цэглы.

Рэстаўрацыя бастыёна выконваецца згодна з вынікамі даследаванняў, якія праводзіць кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй МЯЦЕЛЬСКІ. Ён ласкава згадзіўся правесці для аўтаркі гэтых радкоў “археалагічную экскурсію” вакол замкавых муроў, каб мы маглі пазнаёміць чытачоў газеты з нядаўнімі нясвіжскімі адкрыццямі і знаходкамі.

— Работы 2007 года былі скіраваны пераважна на тое, каб надаць паўднёва-заходняму бастыёну форму, якую ён меў у канцы XVI — пачатку XVII ст.,— патлумачыў Андрэй Анатольевіч. — Мы кіраваліся гравюрай Тамаша Макоўскага, дзе паказаны замак і Нясвіж, прычым добра бачныя абрысы бастыёнаў, а таксама данымі, атрыманымі ў ходзе археалагічных раскопак. Адначасова ў 2007 годзе пачалося аднаўленне мура, які ішоў уздоўж бастыёна і ўсяго замка.

Вось кладка з сучаснай цэглы, а ўнізе прыгледзьцеся — крыху захавалася старая, цёмная. Ад таго мура засталося не болей як пяць ніжніх цаглін. Вышыня адноўленай сцяны — 4 метры, а самай верхняй кропкі землянога ўмацавання — 11 метраў. Адноўлена адна з байніц. Сёлета будаўнікі выкладуць бруствер па кутах, паставяць вежку, якая прасочваецца ў апісанні ўмацаванняў і згодна гравюры Макоўскага. Паабапал уязной брамы стаялі гарматы, і, магчыма, сучасныя людвісары здолеюць адліць іх мадэлі.

 /i/content/pi/cult/151/1117/Bastyjen2.jpg
 
— Якой жа была першасная канструкцыя ўмацаванняў?— Старая, радзівілаўская, кладка муроў паўсюль — з вялізных камянёў, змацаваных вапнавым растворам. Звонку яе абкладваліцэглай. Амаль цалкам захавалася курціна — сцяна паміж бастыёнамі.
— А што гэта за адтуліна чарнее на схіле? Здаецца, яна вядзе ў глыб бастыёна?

— Гэта адзін з двух адкрытых намі падземных хадоў (даўжынёй 42 метры), пракладзены ад замкавага двара. У інвентары 1653 г. ёсць згадкі, што ён служыў ліўневым вадасцёкам. Верагодна, падчас аблогі, калі замкавы калодзеж вычэрпваўся, асаджаныя маглі пад прыкрыццём бастыёна выйсці па ім да замкавага рова набраць вады. Ход высокі, у самым нізкім месцы вышыня столі — каля 160 см, шырыня — 130 см.

Другі падземны тунэль, значна карацейшы, вёў з дома пушкара, які знаходзіўся ўнутры замка, праз бастыён і дазваляў жаўнерам заняць баявыя пазіцыі. Паводле інвентарных апісанняў, спускі да вады і ўваходы ў замак ахоўвалі гарматы. Былі яшчэ 2 меншыя падземныя хады з вышынёй столі ўсяго 120 сантыметраў. Магчыма, служылі яны для каналізацыйных сцёкаў у роў, які быў праточным. Шлюз з возера Дзікага накіроўваў плынь да вадзянога млына, які скідваў ваду ў Замкавае возера. Равы будуць ачышчаны і запоўнены вадой.

— Ці паспелі вы даследаваць астатнія бастыёны?

— На паўднёвым— вызначалі стан муроў, каб вырашыць, ці аднаўляць іх, ці толькі закансерваваць. Тут, як і на іншых бастыёнах, сцены пабіты варожай артылерыяй. Так яны выглядалі ў ХІХ ст., калі замак ужо страціў значэнне ваеннай крэпасці, такімі дайшлі да нас. Магчыма, іх варта пакінуць у гэткім жа выглядзе як сведчанне суровых выпрабаванняў, якія давялося перажыць помніку.

Ва ўсходнім бастыёне летась удалося закрануць, як мы мяркуем, рэшткі стайні, згаданай у інвентары 1658 г. Ужо на той час яна была засыпана, ад яе засталіся ўсяго дзве сцяны. Сёлета паспрабуем яе даследаваць больш пільна. Яна была не маленькай і, магчыма, займала ўсю плошчу пад бастыёнам. А яшчэ пры замку была другая стайня, урэзаная ў вал, на месцы пазнейшай, канца ХІХ ст., двухпавярховай прыбудовы.

 /i/content/pi/cult/151/1117/Bastyjen3.jpg
 
— Якія знаходкі здараюцца падчас раскопак і будаўнічых работ?

— Фрагменты побытавай керамікі, кафлі. Лад жыцця Радзівілаў можна назваць на сучасны манер “экалагічна чыстым”, прынамсі, смецце пад ногі яны не кідалі. У самім замку культурнага слою амаль няма.

З ірва мы час ад часу даставалі гарматныя ядры. Вось нядаўна пашчасціла з унікальнай знаходкай — гэта гакаўніца з пашкоджаным ствалом, агнястрэльная зброя, якая нагадвае цяжкую стрэльбу або лёгкую гармату, з малой хуткасцю стральбы. Яна зараз захоўваецца ў Нясвіжскім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

— Што яшчэ плануеце на новы археалагічны сезон?

— Ёсць жаданне папрацаваць у Альбе, летняй рэзідэнцыі Радзівілаў. У парку, які стаў падобным да лесу, паспрабаваць прасачыць канструкцыю каналаў. Можа быць, на востраве ўдасца знайсці падмуркі знакамітай некалі альтанкі, вызначыць яе памеры. Пакуль збіраю архіўныя матэрыялы пра Альбу. А на тэрыторыі старога парку ёсць шанцы раскапаць

 /i/content/pi/cult/151/1117/Bastyjen4.jpg
 

падмуркі замка Мікалая Радзівіла Чорнага, які папярэднічаў рэзідэнцыі Сіроткі. Мэтазгодна было б адкрыць для турыстычнага агляду яго рэшткі, закансерваваўшы на ўзроўні зямлі.

— Цікава, адкуль стала вядома пра гэты замак?

— На адной з гравюр Тамаша Макоўскага можна разгледзець велічны комплекс будынкаў з дзвюма высокімі вежамі. Можна меркаваць, што ў свае лепшыя часы той замак быў грознай фартэцыяй. Вядома, што ў 1569 годзе з яго вывозіўся вялізны абоз са зброяй у Чарнаўчыцы пад Брэстам, дзе таксама былі ўладанні Радзівілаў. Верагодна, калі гаспадаром Нясвіжа стаў Сіротка, стары замак ужо прыходзіў у заняпад.

Магчыма і тое, што спадкаемец вырашыў пераўзысці бацьку, пабудаваўшы новае родавае гняздо, а пакуль вялася будоўля — жыў у старых мурах. Так ці інакш, але па гравюры, датаванай 1600 годам, бачна, што тады замак Чорнага яшчэ існаваў. Пазначана яго назва: Domus Capitanus” — “Дом ваяводы”. Але ўжо ў інвентары 1628 г. ён не згадваецца. Старыя будынкі, хутчэй за ўсё, паступова разабралі. Стваральнікам мураванага Нясвіжа быў Радзівіл Сіротка. Амаль усе тагачасныя архітэктурныя дамінанты горада захаваліся дасюль.

 Гутарыла Святлана ІШЧАНКА
Мінск — Нясвіж — Мінск
Фота аўтара і Андрэя МЯЦЕЛЬСКАГА