Партрэты і сцены

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Параўноўваючы колішні будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы і новы на праспекце Пераможцаў, мушу адзначыць: стала лепш, чым раней. Відавочна, што ў старых сценах музею было цесна, а пашырацца не было куды. Цяпер і плошчы паболела, і парк Перамогі ўспрымаецца працягам экспазіцыі. А новая экспазіцыя — гэта погляд на гісторыю з гледзішча суверэннай дзяржавы, адлюстраванне ўласна беларускага разумення Другой сусветнай / Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/518/11167/4-11.jpg

Фота Андрэя ЭЗЕРЫНА

/i/content/pi/cult/518/11167/4-28.jpgЯк мінчанін я радуюся, што мой горад узбагаціўся музейным комплексам, які адпавядае сучасным патрабаванням, але адначасова мне шкада старога будынка, што ўжо стаў часткай гісторыі нашай сталіцы і, у нейкім сэнсе, — маёй біяграфіі. Я такі не адзін. Пра гэта разважалі і спецыялісты, якія маюць непасрэднае дачыненне да архітэктуры ды горадабудаўніцтва, і звычайныя жыхары Мінска. Пачуццё страты абвастраецца яшчэ і праз тое, як робіцца гэты дэмантаж…

Днямі ў Сеціве з’явіліся фота, па якіх можна зрабіць выснову, што ў памяшканнях колішняга музейнага будынка сям-там засталіся фрагменты экспазіцыі, якія зараз выносяць адтуль разам са смеццем. На тых здымках бачна, што ў напаўразбураных залах на сценах вісяць фотапартрэты ветэранаў вайны — не іначай як забытыя пры пераездзе. Глядзіш на гэта і думаеш: да тых партрэтаў прыводзілі піянераў ды камсамольцаў, заклікалі іх раўняцца на Подзвіг бацькоў, а зараз выявы герояў — нікому не патрэбнае смецце… Калі для гэтых здымкаў не было прадугледжана месца ў новай экспазіцыі, дык чаму іх не перадалі школьным ці ведамасным музеям, дзе яны маглі б аказацца вельмі дарэчнымі? Адказаць на дадзенае пытанне мы папрасілі дырэктара музея Мікалая Скобелева.

Паводле ягоных слоў, гэта ўсяго толькі выцвілыя фотакопіі, — самі ж арыгіналы здымкаў захоўваюцца ў фондах музея. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не адмаўляўся ад метадычнай ці якой яшчэ дапамогі музеям, створаным пры навучальных ды іншых установах. Такой справай займаюцца супрацоўнікі і зараз. Што да згаданых фотакопій, дык дарыць іх каму-небудзь не мела ніякага сэнсу, бо папросту скончыўся тэрмін іх карыстання.

Пагодзімся, што так яно і ёсць. Мікалая Вітальевіча можна зразумець. Пераезд музея падобнага кшталту і статуса ў новы будынак — гэта, што ні кажы, эпапея. Пры такой вялікай справе цяжка ўсё прадугледзець. Магчымая сітуацыя, што да чаго-небудзь рукі не дойдуць, бо яно ў патрэбны момант на вочы не трапіцца. Вось і аказалася, нібыта драбяза па-за гаспадарскім вокам. Усё разумею, але шкада партрэтаў ветэранаў, “забытых” у будынку пад знос.

Сітуацыя за тыдзень вырашылася. Асадак жа ўсё адно застаўся…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"