“Вы не ролю сыгралі, а лёс…”

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Амплітуда жыцця Тадэвуша Кокштыса
Гутарыць з гэтым чалавекам надзвычай прыемна і цікава, бо адказ на кожнае з тваіх пытанняў ператвараецца ў маленькі спектакль, у які ён міжволі альбо наўмысна ўцягвае субяседніка… Вобразы, створаныя Майстрам, увайшлі ў скарбонку беларускага сцэнічнага мастацтва. Сярод галоўных здабыткаў акцёра — феерычны Труфальдзіна са “Слугі двух гаспадароў” Карла Гальдоні, камедыйна-буфанадны з падкрэсленай лініяй характару Благае з “Доктара філасофіі” Браніслава Нушыча, сатырычна-гратэскавыя Расплюеў з “Вяселля Крачынскага” Сухава-Кабыліна, Качкароў з “Жаніцьбы” Гогаля, сацыяльна тыпізаваны Жабрак з “Сымона-музыкі” Коласа, псіхалагічна аб’ёмныя, жыццёва-пазнавальныя Шаргаёў з “Парога”, Гастрыт з “Вечара”, Салянік з “Радавых”, Ютка з “Вежы” Дударава, трагічны Блазан з “Караля Ліра” Шэкспіра, па-дзіцячы наіўна-мудры Тарас з “Тараса на Парнасе” паводле Сяргея Кавалёва і многія іншыя… Народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, уладальнік “Крыштальнай Паўлінкі” Тадэвуш КОКШТЫС, якому 31 кастрычніка спаўняецца 80 гадоў, — увасабленне гонару і годнасці старэйшага пакалення коласаўцаў, лепшых традыцый нацыянальнага тэатра, яго вытокаў і каранёў.

/i/content/pi/cult/518/11164/6-1.jpg

Тадэвуш Кокштыс у ролі Зганарэля (спектакль "Лекар мімаволі"). / Фота з архіва тэатра

— Увесь мой шлях у многім парадаксальны. Гэтак адбылося і з выбарам прафесіі. У школьнай самадзейнасці мяне не вельмі задзейнічалі, бо аказаўся я не ўзорам і ў вучобе, і ў паводзінах. Але аднойчы мне вырашылі даручыць ролю Моцкіна ў школьнай пастаноўцы п’есы Андрэя Макаёнка “Выбачайце, калі ласка!”. Памятаю, пасля адной фразы я пачуў рогат глядзельнай залы. Тады я зразумеў, што на мяне неяк асабліва рэагуюць. Але аб акцёрскай прафесіі ніякім чынам не задумваўся. У мяне, хутчэй, была схільнасць да малявання. Бацька ж мой — самадзейны мастак, дый наогул славіўся майстрам на ўсе рукі. Ад яго я многаму навучыўся. У школе ж мяне загрузілі афармленнем сценгазет, розных дыяграм, лозунгаў кшталту “Да здравствует…”. Аднаго разу я нават намаляваў партрэт Якуба Коласа. Магчыма, менавіта таму перад самым выпускам дырэктар школы запрасіў мяне да сябе ў кабінет і паказаў аб’яву аб прыёме ў Тэатральна-мастацкі інстытут: “Паспрабуй!”. Ён меў на ўвазе, вядома, мастацкі факультэт. У Мінску сакратар прыёмнай камісіі ў мяне пытаецца: “Якія работы вы прывезлі, якога фармату, у якой тэхніцы?” Я ніяк не мог уцяміць, аб чымгаворка. “А што вы скончылі?” — “Сярэднюю школу”. — “Малады чалавек, сюды нават пасля мастацкіх вучылішчаў не ўсе трапляюць”. Я быў у такім адчаі, што заплакаў... І тут мой анёл-ахоўнік мне шапнуў: “Паступай на акцёрскі!” І я паслухаўся, трапіўшы на курс знакамітага Дзмітрыя Арлова. А вы пытаецеся, што паўплывала…

— Але ж, мабыць, нешта было закладзена, магчыма, у падсвядомасці: каб не ляжала душа, дык наўрад ці што атрымалася б. Скажам, памятаеце, вы неяк прыгадвалі батлейку як адно з самых вялікіх уражанняў свайго дзяцінства?

— Так. На другі дзень Каляд да нас у хату завітвалі калядоўшчыкі з Казой, Мядзведзем і зоркай, што круцілася ды мільгацела рознакаляровымі агеньчыкамі... Яны славілі нованароджанага Хрыста, спявалі, потым на куце ставілі скрыню з лялькамі — і пачыналася чароўнае дзейства!.. Гэта засталося ў памяці на ўсё жыццё…

— Мне пашчасціла пабываць на вашай малой радзіме — у вёсцы Хоўхлава Маладзечанскага раёна, — бачыў і вашых бацькоў. Памятаю, тэатр у мясцовым Доме культуры прадставіў “Парог”, дзе вы стварылі каларытны вобраз Шаргаёва. А як бацькі паставіліся да вашага выбару? Ці часта прыязджалі ў Віцебск на спектаклі? Як ацэньвалі іх? І ці бываеце вы на радзіме зараз?

— Бацькі паставіліся з разуменнем і павагай да майго выбару. Тым больш, бацька сам быў чалавекам з гумарам — душой любой кампаніі. Калі я ажаніўся — тут, у Віцебску, — мае родныя прыязджалі на вяселле. Дык вось, заўтра вяселле, а сёння — спектакль “Лявоніха”. Іграюць Канапелька, Ільінскі, Гарбук — амаль уся трупа, я скачу па сцэне пеўнікам, прыпеўкі выконваю. Бацька спадзяваўся ўбачыць шыкоўнае відовішча, аперэтку, так бы мовіць, “Мулен-руж”. А тут — Звездачотаў (мой будучы цесць, а ягоны сват) у ролі царскага салдата, з куксай замест нагі, усюды — лапці, сялянскія даматканыя світкі… Вядома, тата быў крыху расчараваны. Вось і “Парог” той жа... Нам казалі ў вёсках: “Што вы нам паказваеце? У нас і сваіх п’яніц хапае…” Усё гэта вельмі складана. Трэба быць сапраўдным тэатралам, каб зразумець некаторыя рэчы… Не стала бацькоў — няма да каго ехаць на сваю малую радзіму… І Хоўхла майго дзяцінства сышла: яна стала Хоўхлавам. Так нібыта лягчэй вымаўляць, асабліва чужым, якія забрудзілі, знішчылі самае святое. Дарэчы, менавіта пра гэта спектакль “Бездань” паводле Рэя Брэдберы, мая апошняя па часе работа.

— Прыгадайце, Тадэвуш Антонавіч, сваю першую ролю. Здаецца, у “Несцерцы” быў нейкі персанаж, якога пазней прыбралі? Яго ігралі часам не вы?..

— Ідзе эпізод з балаганам, дзе скамарохі выводзяць мядзведзя, а больш дакладна — пераапранутага Несцерку. А перад гэтым на сцэну вылятаў чорт, рабіў кульбіты, лавіў свой хвост і знікаў. Дык вось, яго, гэтага “акрабата”, увасабляў я. Але калі касцюм парваўся, ролю скасавалі. Цікава, што праз дзясяткі гадоў у спектаклі Валерыя Маслюка “Кацігарошак” сыграў Бога Мілага. Вось такая амплітуда… Але гэта, хутчэй, эпізод, а першая роля са словамі атрымалася не вельмі ўдалай. У спектаклі “Пачатак жыцця” па п’есе Віннікава я выконваў маладога прайдзісвета, які ездзіць па цаліне ды чытае лекцыі-ўспаміны пра Горкага. Я, напэўна, проста па жыцці ніякі не прайдзісвет, хоць і сыграў Расплюева. Ужо там, падаецца, такі ашуканец, махляр, але ўсё роўна — на самым донцы  — я шукаў у ім “чалавечынку”…

— І мабыць, першая грунтоўная работа, пасля якой прыйшло прызнанне гледача, быў Труфальдзіна? Памятаю, спектакль доўга трымаўся ў рэпертуары…

— Ён вытрымаў каля ста паказаў. Працаваць было цяжка, бо, памятаю, я проста задыхаўся пад час рэпетыцый. Але гэта неабходная школа. Той спектакль — ужо гісторыя. Як і “Доктар філасофіі”. Вядомы тэатразнаўца Барыс Бур’ян, пабачыўшы яго, напісаў: “Калі выходзяць на сцэну такія акцёры, як, скажам, Дубаў ці Кокштыс, мне прыгадваецца незабыўны Аляксандр Ільінскі...”

— Вы заспелі ў росквіце карыфеяў Коласаўскай сцэны. Якія рысы аб’ядноўвалі іх у тое непаўторнае сузор’е?

— Яны былі вельмі прыстойнымі людзьмі ў адносінах да прафесіі, вельмі адказнымі. Калі счапляліся на сходах ці рэпетыцыях, дык толькі ў барацьбе за найлепшы мастацкі вынік. Маглі асадзіць, калі нехта занадта зарываўся. Яны ж, лічыце, стварылі гэты тэатр.

— Тандэм з якім рэжысёрам вам найбольш імпанаваў?

— На маім веку змянілася дзесяткі два рэжысёраў — і галоўных, і чарговых, ад самых бездапаможных па іх магчымасцях ці досведзе да наймагутных, кшталту Эрына. У кожнага я штосьці браў, калі, здавалася, і браць няма чаго. І кожнаму я ўдзячны. Быў у нас спектакль “Шчыт і меч”, пастаўлены яшчэ раней за знакаміты фільм. Мы, маладыя акцёры, выконвалі завербаваных немцамі ваеннапалонных. У перапынку паміж рэпетыцыямі ўбачылі маскоўскага рэжысёра Юрыя Шчарбакова (раней ён працаваў у нас галоўным). Было цікавае ягонае меркаванне. І ён нам раптам адказвае: “Маладыя людзі, у эпізодзе патрэбна ср***й цвікі выдзіраць”. Чым вышэйшы па ўзроўні арганізатар творчага працэсу, тым больш карысна акцёру: бо як ты ні вылузвайся са скуры, “на тэатры” ён галоўны. І трэба разам прыходзіць да згоды, не канфліктаваць, а супольна шукаць ісціну .

— Ці з’яўляецеся вы настаўнікам для маладых акцёраў? І, у звязку з гэтым, яшчэ такое пытанне: як лічыце, ці існуе, ці захавалася сёння Коласаўская акцёрская школа з яе цудоўнымі традыцыямі, пераемнасцю пакаленняў, пэўным спосабам акцёрскага існавання? Ці, можа, гэта ўсё у мінулым?..

— Я неяк зрабіў аднаму маладому артысту (ён ужо не працуе ў тэатры) заўвагу: “Нельга ж ставіць націск на кожным слове: губляецца сэнс”. А ў адказ чую: “Тадэвуш Антонавіч, вам што, заняцца няма чым?” З таго часу я да маладых з парадамі не звяртаюся. А мы ж некалі стаялі за кулісамі і глядзелі, як працуе цудоўны Аляксандр Ільінскі. Зараз такога няма. Праўда, некаторыя маладыя могуць сказаць: “Дык сёння ж і Ільінскага няма”...

— Якая з роляў, сыграных вамі на Коласаўскай сцэне (а была ж яшчэ і плённая праца ў кіно, на тэлебачанні) для вас асабліва дарагая, упадабаная?

— На гэтае пытанне я адказваю так: найдаражэйшая тая, якая цяжка нараджаецца. Памятаю, прапанаваў мне некалі Валерый Мазынскі ролю Мячоткіна з вампілаўскага “Лета ў Чулімску”. Думаю: ну што гэта за роля? Нейкі бухгалтар з глыбінкі. Прыходзіць штодня ў сталоўку, закажа гарбаты — і пайшоў. Яго не заўважаюць. А ён… кахае! Быў я на сцэне ніякім, пакуль не “падклаў” сваё. І тады зрабіўся жывым, бачным, адчувальным для гледача. А вынік стаўся зусім нечаканым. Рэжысёр, памятаю, на праграмцы напісаў: “Усё адбываецца з Вамі, а не з нейкім Мячоткіным. Вы не ролю сыгралі, а чалавечы лёс”. Тое ж самае было і з Жабраком у “Сымоне-музыку”. Аднойчы на рэпетыцыі мяне “панесла”: перад Сымонам я разыграў цэлы спектакль. Так ачмурыў хлапчука, што ён быў гатовы пайсці са мной “у свет”. Мазынскі з залы заўважыў: “Кокштыса сёння трамвай пераехаў”. Прафесар Таццяна Арлова назвала майго Жабрака вясковым Мефістофелем. Такія кампліменты дарагога каштуюць…

— Чым вы парадуеце гледача ў свой юбілейны вечар?

— Спектаклем “Бездань” па творах Рэя Брэдберы, дзе я выконваю ролю Старога. Яна як ніякая іншая — пра сябе. Я хачу гаварыць з гледачом пра дарагія мне ўспаміны, пра тое, што страчана, пра Духоўнасць. Я, стары, хачу, каб людзі задумаліся, куды мы ідзём, што робім і як жывём...

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа