Вагончык кранецца! Перон застанецца...

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

Айчынны мадэрн без пёрка Жар- птушкі
IV Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “TэАРТ” — у разгары. Але яго беларуская праграма ўжо завершана — самы час яе абмеркаваць. І саму па сабе, і на фоне ўжо паказаных замежных спектакляў.

/i/content/pi/cult/517/11163/7-1.jpg

/i/content/pi/cult/517/11163/7-2.jpg

Ці на ўзроўні праграма?

Ганарліва заявіць, што мы, маўляў, пераўзышлі ўвесь свет, на жаль, не атрымаецца — нават пры самым вялікім жаданні. Больш за тое: калі не хлусіць самім сабе, дык давядзецца прызнаць, што беларуская праграма аказалася сёлета — пры ўсім яе як ніколі шырокім разгорце (ажно 12 спектакляў!) — даволі слабой, не адпаведнай міжнароднаму ўзроўню. Тым не менш, былі ў ёй і на дзіва прыемныя адкрыцці — сапраўдныя перлінкі.

Усе паказаныя пастаноўкі, розныя па хронаметражы і жанрах, можна падзяліць на тры групы. Адна — абсалютныя прэм’еры: “Шабаны” Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, “Адзін у квадраце” Тэатра танца “Karakuli” і чытка п’есы “Вагон” (“Эшалон”). Другая — спектаклі, створаныя за апошнія гады, але не ўключаныя ў праграмы ранейшых такіх форумаў: “Па імені Спадар” згаданага Цэнтра пры БДАМ, сумесны са славакамі “Стрытвокер”, “Дзяды” Тэатра Ч, “Бі-лінгвы” Цэнтра беларускай драматургіі, “Калі заўтра няма”, перанесены ў РТБД з вучэбнай сцэны БДАМ, “Секунда” Skwo’s Dance Company, а таксама чытка п’есы “Гэта ўсё яна”. Нарэшце, яшчэ адна група — пастаноўкі леташняга “TэАРТа”, паказаныя і на цяперашнім: “Сумны хакеіст” і “Patris”.

Дарэчы, на ранейшых форумах дэманстраваліся і іншыя беларускія спектаклі. Для паўтору, наколькі я разумею, выбіралі нешта з таго, што стваралася менавіта да фэсту і па замове форуму, — так бы мовіць, прадукцыя ўласнай вытворчасці. Бянтэжыць хіба тое, што па-за межамі дадзенага фестывалю гэтыя пастаноўкі больш не паказвалі. У чым жа тады сэнс такой “аднаразовасці”? Маўляў, фестывальны эксклюзіў? Ці справа, найперш, у нажніцах паміж смелымі, цудоўнымі ідэямі ды іх, на жаль, не самым дасканалым увасабленнем? Каб дасягнуць вяршынь, трэба над гэтым працаваць: больш-менш рэгулярна “пракручваць” спектакль, шліфуючы яго драматургію (у тым ліку — відэафрагментаў) ды акцёрскае ўвасабленне. Але для гэтага, пэўна, патрэбна не толькі жаданне, але і дадатковыя грошы.

Пра замкнёнае кола

Уключаючы ў праграму абсалютныя беларускія прэм’еры, “TэАРТ” штогод рызыкуе. Але арганізатары маюць рацыю: без такіх намаганняў не зрушыць з месца наш тэатральны цягнік з мноствам вагончыкаў, набітых праблемамі. Дый само слова “прэм’ера”, тым больш у рамках форуму, прыцягвае дадаковую ўвагу. Аднак, калі прызнацца шчыра, гэтыя імпрэзы шмат у чым расчаравалі. “Шабаны” можна ўхваліць за сам зварот да творчасці сучаснага беларускага празаіка Альгерда Бахарэвіча, да яго нядаўняга рамана “Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення”, за спробу перанясення твора на тэатральную сцэну (па гарачых слядах, да таго ж — упершыню ў свеце). Адным словам — за жаданне папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру. Але пастаноўка Алены Ганум атрымалася няроўнай. Найбольш цікавым аказаўся пачатак, калісьці паказаны на Першай Рэжысёрскай лабараторыі. Там ёсць і пластычнае рашэнне, і пастановачная інтрыга, што прыцягвае ўвагу да далейшага разгорту. Але далей — нічога не адбываецца. Спектакль мадулюе да жанру “гаворачых галоў” з трывіяльным харэаграфічным дадаткам у сцэне кахання, не выходзячы за межы курсавой работы. І асноўным вынікам становіцца думка пра тое, што чытаць раман — куды больш цікава. Але яна можа ўзнікнуць хіба ў тых, хто яго ўжо чытаў! Замкнёнае кола?..

Замест разгорту — эскізы

Чытка п’есы “Вагон” Віктара Красоўскага і Ірыны Гарэц завяршылася яе грамадскім абмеркаваннем. Тое, што “TэАРТ”, як і многія іншыя тэатральныя фестывалі, практыкуе дыскусіі, варта толькі вітаць. Праўда, часцей атрымліваецца проста творчая сустрэча са стваральнікамі, дый, з этычнага пункта гледжання, бывае не надта мэтазгодна выказваць заўвагі адразу пасля прагляду, пакуль эмоцыі абодвух бакоў яшчэ зашкальваюць. Але ў дадзеным выпадку без крытыкі не абышлося. Сапраўды, прытым што былі сабраны лепшыя акцёры многіх тэатраў, што надзвычай спрыяльнай аказалася атмасфера Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура, дзе скульптурныя выявы быццам стваралі адпаведную (і не шараговую!) сцэнаграфію, сама п’еса, так цікава пачынаючыся, дзесьці ў сярэдзіне “забуксоўвала”. Замест далейшага выбуховага разгорту, заяўленага пацыфісцкай тэмай у трагікамічным рашэнні на мяжы фэнтазі і сюра, атрымлівалася “хаджэнне па кругу”, хай і з яркімі, каларытнымі характарамі-тыпажамі.

Аднаактовы спектакль “Адзін у квадраце” Тэатра танца “Karakuli”, безумоўна, стаў бы адной з кульмінацый Адкрытага форуму пластычных і эксперыментальных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа”, дзе традыцыйна ўдзельнічаюць не толькі прызнаныя калектывы, але і пачаткоўцы. Але на фоне далейшай міжнароднай праграмы “TэАРТа” такая кампазіцыя выглядала не больш чым рэпетыцыяй даволі сур’ёзнай заяўкі. Там ёсць ідэя, добрая праца са сцэнічным антуражам — у прыватнасці, надзіманымі матрацамі, іх шматлікія пераўвасабленні. Але асобныя блокі-фрагменты, з якіх і зроблены спектакль, застаюцца адасобленымі, не складаюцца ў непарушную повязь, прыводзячы да стану “ўпакаванай цукерачкі”. Пасля паказу Вольга Лабоўкіна прызналася, што яшчэ не бачыла збоку сваё нованароджанае ў сааўтарстве з артыстамі “стварэнне” (а яна, як заўсёды, не толькі ставіць, але і сама ўдзельнічае ў спектаклі). Так што, пэўна, праз час пастаноўка “даспее”.

З “абкатанага”

Куды лепшымі былі спектаклі, якія ўжо прайшлі нейкую апрабацыю. Звярну ўвагу, найперш, на тыя, што яшчэ не разглядаліся падрабязна на старонках “К”. Найбольшую папярэднюю “абкатку” атрымала пастаноўка “Калі заўтра няма” Аляксандра Гарцуева па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага, якая зараз уключана ў рэпертуар РТБД. Яшчэ як дыпломная работа студэнтаў-акцёраў (і сумесны праект Акадэміі мастацтваў ды Цэнтра беларускай драматургіі) яна атрымала Гран-пры прэстыжнага Міжнароднага фестывалю ў Санкт-Пецярбургу. Псіхалагічна тонкая расстаноўка дэталей, што заўсёды ўласцівая гэтаму рэжысёру, рэалістычнасць пражывання артыстамі сваіх вобразаў цудоўна спалучаецца з умоўнасцю і трапнай сімволікай сцэнаграфіі (дзед у інваліднай калясцы, заматаны, бы скотчам, у плёнку, якой накрываюць мэблю пры рамонце). Сканцэнтраванасць дзеяння ва ўмовах так званага чорнага кабінета, без сцэнаграфічнай грувасткасці, дапамагае засяродзіцца адно на героях, іх думках і пачуццях. Спектакль можна ў поўнай меры назваць сямейным (праўда, для сем’яў з дзецьмі-падлеткамі): ён дапамагае кожнаму з пакаленняў зірнуць на астатнія — і ўглыб самога сябе.

Пастаноўка “Па імені Спадар” завочніцы Акадэміі мастацтваў Наталлі Ляванавай, прэзентаваная ў час Другой Рэжысёрскай лабараторыі, ужо тады пакінула ўражанне абсалютнай завершанасці, гатоўнасці да сцэнічнага пракату. Незвычайная п’еса сучаснага нямецкага драматурга Філіпа Лёле патрабавала такога ж незвычайнага рэжысёрскага падыходу, пошуку найперш самога “ключыка” да яе ўвасаблення, — і гэта ў поўнай меры ўдалося. Пры ўсім мінімуме сцэнаграфіі Аляксандра Правалінскага (крэсла і два перасоўныя банеры, на якіх малююцца-наклейваюцца-сціраюцца ўмоўна-графічныя выявы інтэр’ера), задзейнічанні ўсяго чатырох артыстаў (Дзмітрый Давідовіч, Алена Гіранок, Аляксандр Яфрэмаў, Аляксей Яравенка), пастаноўка прыцягвае неверагоднай разнастайнасцю і адначасова папраўдзе еўрапейскай стыльнасцю. “Густанаселенасць” спектакля дасягаецца за кошт пастаянных акцёрскіх пераўвасабленняў — з дапамогай асобных дэталей сцэнічных строяў. Аўтарскія каментарыі, якія і ствараюць своеасаблівасць драматургіі, “расфарбоўваюцца” тэмбрава ды тэмпава (акрамя звыклай скорагаворкі, выкарыстоўваюцца рэверс, рупар-гучнагаварыцель), а таксама — сцэнічна, суправаджаючыся рухам, зладжанымі пластычнымі дзеяннямі, у тым ліку нават блізкімі мадэрн-харэаграфіі...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"