Ад сваркі да скваркі не адзін крок

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Імя рэжысёра Мікалая Пінігіна на афішы дастаткова, каб прыцягнуць да прэм’еры ўвагу аматараў тэатра. Але на “Аповесць пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам” асабіста я ішла ўсё ж з некаторай насцярожанасцю і нават недаверам. Бо ўявіць, што гэты зусім не тэатральны твор можна весела і нязмушана ўвасобіць на сцэне, было цяжкавата.

 /i/content/pi/cult/151/1115/Pinigin.jpg
Надта ўжо гогалеўская гэта проза — няспешная, з мноствам эпітэтаў, удакладненняў, лірычных (і не толькі) адступленняў. Увесь яе смак — менавіта ў словах “ад аўтара”, а не ў дэтэктыўнай інтрызе ці хаця б дыялогах. Дый каму сёння цікавыя “разборкі” паміж нейкімі там памешчыкамі з Міргарада? Ажно не! Пастаноўшчыкі здолелі зрабіць спектакль “пра ўсіх і кожнага”, далучыўшы сапраўды гогалеўскую настальгію па… дачных сезонах 1970-ых: чым не “працяг традыцый” старасвецкіх маёнткаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя?

Гэтае “рэдагаванне” вялікага класіка рэжысёр сціпла і не без гумару назваў “сачыненнем на тэму”, прыпісаўшы аўтарства “вучню 9-га класа М.Пінігіну”. Іван Іванавіч (Віктар Манаеў) стаў оперным салістам на пенсіі. Іван Нікіфаравіч (Сяргей Журавель) — вайскоўцам у адстаўцы.

Адпаведна змянілася і “архітэктура” іх жыллёвых забудоў: у аднаго — зробленая са спісаных дэкарацый, у другога — з таго, што дрэнна на складзе ляжала (мастак — Алеся Снапок-Сарокіна). Не менш экстравагантным з’яўляецца іншы “інтэр’ер”, на фоне якога разгортваюцца каларытныя партрэты герояў. Агаф’я Федасееўна (Алена Сідарава) выцягвае на сцэну шлюпку, вылівае ў яе вядро вады — і ў гэтай натуральнай шлюпцы-лужыне хлюпаецца той “сапраўдны палкоўнік”.

Падача скаргаў-прашэнняў вырашана як прамовы двух “лектараў-прапагандыстаў” з кафедры-трыбуны. Але ж лекцыі, як вядома, стамляюць, патрабуючы далейшага разгортвання падзей па прынцыпе: “Пасля лекцыі — танцы”. Так і адбываецца: сцэна няўдалага прымірэння былых сяброў становіцца забаўляльным інтэрактывам, замяняючы сабой антракт. З песняй, гармонікавы ўступ якой нагадвае “Польку беларускую”, прадстаўнікі “садовага таварыства” рушаць у залу, шчодра наліваючы ўсім, хто нарадзіўся ў маі, чэрвені... і так да канца года.

Дарэчы, наш знаны кампазітар аказваецца не адзіным класікам, якога “разабралі на цытаты”. З ім суседнічаюць Расіні, Бізэ, Чайкоўскі, Агінскі— неблагая, між іншым, кампанія. Гэта прысутнасць вядомых музычных урыўкаў стварае ў спектаклі дадатковую лінію супрацьпастаўлення вечнага — і аднадзённага, сапраўдных каштоўнасцей — і жыццёвых дробязей. Пазнавальнасць крыўдліва-безабароннай псіхалогіі творцы, увасобленай у нязвыкла хударлявай фігуры спевака-прэм’ера, прымушае больш уважліва ставіцца да птушак-слоў, якіх потым, як вядома, не зловіш. А трагічны фінал і асабліва— апошняя “аўтэнтычная” фраза М.Гогаля: “Сумна на гэтым свеце, спадары!”, цалкам сур’ёзна, без ранейшай гуллівасці пададзеная “ад Распавядальніка” (Сяргей Краўчанка), канчаткова замацоўваюць філасофскі сэнс, як нельга больш надзённы сёння. На што жыццё марнуем? На сваркі?..


Надзея БУНЦЭВИЧ
На здымку: Іван Іванавіч — Віктар Манаеў,
Іван Нікіфаравіч — Сяргей Журавель.