Шчырасць адкрытага дыялога

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Республікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, што адбылася 29 студзеня ў сталічным Палацы Незалежнасці, сталася сапраўды незвычайнай. З самага пачатку сустрэчы Лідар краіны заклікаў журналістаў да адкрытага дыялога, прапанаваўшы не толькі задаваць пытанні, але і дзяліцца сваімі думкамі па той або іншай праблеме. Такім чынам, Кіраўнік дзяржавы адразу ж узняў традыцыйнае медыйнае мерапрыемства зусім на іншы, больш высокі і якасна новы ўзровень.

Адзначу, што прапанаваны адкрыты дыялог Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі і замежнымі журналістамі (усяго на сустрэчу акрэдытаваліся 260 карэспандэнтаў) доўжыўся больш за сем гадзін, што з’яўляецца абсалютным рэкордам для падобных сустрэч. А пытанняў на адрас Кіраўніка дзяржавы прагучала сапраўды шмат. Падзеі на Украіне, эканамічная сітуацыя ў Беларусі, інтэграцыя ў рамках ЕАЭС, перспектывы Саюзнай дзяржавы, тэма карупцыі, адкрытасці дзяржаўных органаў да прадстаўнікоў СМІ — на гэтыя і многія іншыя пытанні Прэзідэнт адказваў шчыра, падрабязна і адкрыта.

Так, на пытанне аднаго з журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да канца свайго прэзідэнцтва не адмовіцца ад сацыяльна арыентаванай мадэлі ў развіцці дзяржавы. “Тая мадэль, якая была ў нас з вамі і існуе да гэтага часу, мы ад яе ні ў якім разе не адмаўляемся. Мы называем яе сацыяльна арыентаванай, гэта значыць, у цэнтры знаходзіцца чалавек. Я ад яе не адмоўлюся да канца свайго прэзідэнцтва. Мы гэтую мадэль намацалі, мы гэтую мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі, і па ім трэба ісці, не шарахаючыся, асабліва ў перыяд крызісу”, — адзначыў беларускі Лідар.

Спыніўся Прэзідэнт і на так званым моўным пытанні. “Пытанне мовы вырашана раз і назаўсёды на рэферэндуме беларускага народа. У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Гэтае пытанне закрыта, пакуль я служу народу ў якасці Прэзідэнта”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што руская мова нароўні з беларускай з’яўляецца здабыткам нацыі. Разам з тым ён падкрэсліў, што падтрымлівае беларускую мову. “Яна робіць адметнымі нас ад расіян, — зазначыў Аляксандр Лукашэнка. — Наяўнасць сваёй мовы — гэта прыкмета нацыі. Мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць яе, як і рускую. Яна з’яўляецца найвялікшым здабыткам любога беларуса. Я не хачу, каб ён быў страчаны. Гэта даражэй за любыя крэдыты ды мільярды. У мяне расце малыш, і я хачу, каб ён ведаў беларускую мову гэтак жа, як і рускую”.

Адказваючы на пытанне, якія месцы ўвайшлі б у топ лепшых мясцін для наведвання і адпачынку ў Беларусі, каб яго давялося складаць Кіраўніку дзяржавы, беларускі Лідар сказаў: “Я люблю сваю краіну — ад наваколля Оршы, дзе я нарадзіўся, да Белавежскай пушчы, дзе пабываў толькі будучы Прэзідэнтам. Браслаўскія азёры, Бярэзінскі запаведнік, Белавежская пушча, Прыпяцкі запаведнік… Кожны з абласных цэнтраў таксама па-свойму цудоўны і ўнікальны. У нас, куды ні кінь вокам, паўсюль цудоўныя мясціны. Вельмі ганаруся тым, што мы зрабілі шмат, каб падняць з каленяў раённыя цэнтры, — у нас няма такіх, дзе мы не навялі б парадак”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

І апошняе. Думаю, не памылюся, калі адзначу, што цягам усёй сустрэчы ў зале панавала вельмі добразычлівая танальнасць размовы. Прычым як з боку Прэзідэнта да журналісцкай аўдыторыі, так і ў зваротным кірунку. А напрыканцы мерапрыемства ўвогуле прагучалі словы аб адзінстве ды згодзе ў беларускім грамадстве. На фоне сённяшніх аб’ектыўных праблем, калі расце напружанасць у свеце, усім нам трэба не сварыцца, а, наадварот, аб’ядноўвацца. Што ж, вельмі важнае меркаванне, якое сталася заканамерным вынікам прапанаванага Прэзідэнтам Беларусі адкрытага і шчырага дыялога.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"