Веліч Чалавечага Духу

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

22 лютага пайшоў з жыцця таленавіты рэжысёр Барыс Уладзіміравіч Эрын — чалавек, чыё імя трывала ўпісана ў гісторыю беларускага і савецкага тэатра.

 /i/content/pi/cult/151/1114/Velich-duhu.jpg
У Беларусь рэжысёр Эрын трапіў у 1957 годзе. Выпускнік акцёрскага аддзялення тэатральнага вучылішча імя М.Шчэпкіна і рэжысёрскага ГИТИСа, да таго часу ён паспеў папрацаваць у Бранскім ТЮГу, Свярдлоўскім “Уральскім МХАТе”, Кіеўскім тэатры драмы імя Лесі Украінкі. У Беларусі яго спектаклі ўпрыгожылі сцэны шэрагу айчынных тэатраў і, у прыватнасці, нашых дзвюх сённяшніх “акадэмій”: тэатраў імя Янкі Купалы ў сталіцы ( з 1964 па 1986 гады Барыс Эрын яго галоўны рэжысёр) і імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Сярод купалаўскіх спектакляў Барыса Эрына — “Ліса і вінаград” Г.Фігейрэду з Барысам Платонавым у галоўнай ролі, “Забыты ўсімі” Н.Хікмета, “Трэцяя, патэтычная” М.Пагодзіна, “Лявоніха на арбіце” А.Макаёнка, напісаная і пастаўленая адмыслова для “купалаўкі” Галіны Макаравай, “На ўсялякага мудраца хапае прастаты” А.Астроўскага, “Людзі на балоце” паводле І.Мележа, дзе ўсіх скарыў пранізліва-лірычны і разам з тым па-беларуску “зямны” дуэт Генадзя Гарбука і Ліліі Давідовіч, “На дне” М.Горкага, “Вечар” А.Дударава з Галінай Макаравай, Віктарам Тарасавым і Паўлам Кармуніным...

На Коласаўскай сцэне ён паставіў “Уладу цемры” Л.Талстога, дзе тэатральныя аматары ўпершыню адкрылі для сябе талент нашай “зоркі” Святланы Акружной, “Укралі кодэкс” А.Петрашкевіча, “Не страляйце ў белых лебедзяў” і “А досвіткі тут ціхія...” паводле Б.Васільева, “ЧП-1” і “ЧП-2” паводле “Рэвізора” М.Гогаля...

Дарэчы, параўноўваючы спектакль “А досвіткі тут ціхія...” Барыса Эрына (ён паставіў гэты спектакль яшчэ і ў Тэатры Савецкай Арміі) з пастаноўкай Юрыя Любімава ў Тэатры на Таганцы, крытыка ў адзін голас зазначала пранізлівы псіхалагізм акцёрскіх работ, канцэнтрацыю рэжысёрскай увагі менавіта на пачуццях і глыбіні ўнутраных перажыванняў гераінь. І не дзіўна: у 1971 годзе, амаль праз трыццаць гадоў, менавіта ў Беларусі Барыс Эрын “сустрэўся” са сваёй франтавой маладосцю — аказаўся на беразе ракі Полы, дзе трымаў у руках “васкоўскую” вінтоўку і дзе ў 42-ім пад абстрэлам мінамётных батарэй устанаўліваў сувязь, знайшоўшы потым нават “родны” бліндаж. У памяці ўсплылі тыя баі, за якія ён атрымаў ордэн Баявога Чырвонага Сцяга.... Ды і
 /i/content/pi/cult/151/1114/Velich-duhu2.jpg

Сцэна са спектакля “Памінальная малітва”.

менавіта на Беларусі, пад Віцебскам, атрымаў Барыс Эрын сваё першае баявое раненне: асколак упіўся проста ў твар. З таго часу, пасміхаючыся казаў рэжысёр, ён пачаў насіць вусы.

Сказаць, што Барыса Эрына ў тэатры любілі, — значыць не сказаць нічога. Кожны “амбіцыйны” акцёр марыў сыграць у спектаклі майстра. А галоўным “сакрэтам” была ягоная вернасць традыцыям псіхалагічнага тэатра, дзе рэжысёр “раствараўся” ў п’есе і акцёрах, выводзячы на першы план тонкую і адмысловую псіхалагічную партытуру жыцця чалавечай душы. І — “педантычны” прафесіяналізм у працы над кожным спектаклем, які ён праяўляў сам і якога патрабаваў ад усіх, з кім разам працаваў. Не дзіўна таму, што, дзякуючы гэткай тэатральнай “веры” ў псіхалагічны тэатр, Барыс Эрын змог адкрыць нам нюансы “беларускай душы” — у тых жа “Вечары”, “Людзях на балоце”, “Лявонісе на арбіце”...

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы да сёння ідзе спектакль “Памінальная малітва” па творы Шолам-Алейхема. Як і падчас прэм’еры ў 1989 годзе — пры поўным аншлагу. Расказаная Эрыным гісторыя жыцця Тэў’е-малочніка ў выкананні Аўгуста Мілаванава гучыць спакойна і пранізліва адначасова.

Пранізлівасць гэтая спараджаецца дысанансам паміж простымі і “бяскрыўднымі” жаданнямі “маленькага чалавека” і жорсткасцю, бескампраміснасцю да яго навакольнага свету. Але ж менавіта гэтая бескампраміснасць і нараджае глыбокі ўнутраны спакой героя: жыццё бруіцца не таму, што “хтосьці гэтага хоча”, а таму што яно — Жыццё Чалавечага Духу. А значыць — непадуладнае смерці.


Таццяна КОМАНАВА

На сумную навіну адгукнуўся калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які даслаў у рэдакцыю свае спачуванні. Купалаўцы згадваюць, што “творчасці Б.Эрына былі ўласцівы тонкае разуменне і пранікнёнасць у стылістыку драматургіі, глыбокі псіхалагізм, аналіз і завостранасць сацыяльных характарыстык вобразаў, грамадзянскі пафас, ансамблевасць спектакляў.
Таленавіты майстар сцэны, адзін з актыўных стваральнікаў і прадаўжальнікаў сцэнічных традыцый савецкага тэатра, выдатны педагог, выхавацель плеяды таленавітых рэжысёраў, акцёраў і кіраўнікоў тэатральных калектываў Беларусі, чалавек, закаханы ў Беларусь, беларускі тэатр, яго артыстаў,— Б.Эрын унёс вялікі ўклад у скарбонку тэатральнага мастацтва нашай краіны.
Светлая памяць аб Эрыне Барысе Уладзіміравічы, сябры Купалаўскага тэатра, выдатным чалавеку, таленавітым рэжысёры захаваецца ў сэрцах тых, хто яго ведаў, працаваў з ім і глядзеў яго спектаклі”.