Лепель — горад прэм’ерны

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Творчая біяграфія спектакля “Старамодная камедыя” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (фантазія па аднайменнай п’есе Аляксея Арбузава) пачалася не зусім звычайна. Прэм’ера пастаноўкі адбылася ў Лепелі. Заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шашкіна (Лідзія Васільеўна) і артыст Віктар Дашкевіч (Радзівон Мікалаевіч) з радасцю сустрэлі прапанову адміністрацыі тэатра — сыграць прэм’ерны спектакль не на сваёй “роднай” пляцоўцы, а для жыхароў Лепеля.

 /i/content/pi/cult/151/1113/Lepel.jpg
Сустрэча з коласаўцамі ў Лепелі была арганізавана на самым высокім узроўні дзякуючы адміністратару па выязных спектаклях Наталлі Красоўскай і работнікам аддзела культуры Лепельскага райвыканкама. Дарэчы, не многія ведаюць, што ў гэтым горадзе — не толькі самыя выхаваныя тэатральныя гледачы, але і выдатныя тэатральныя традыцыі: у Коласаўскім тэатры працуюць выпускнікі тэатральных класаў Лепельскай школы мастацтваў Ірына Цішкевіч і Цімур Жусупаў, а драматычныя калектывы школы і Палаца культуры неаднойчы радавалі сваім мастацтвам жыхароў абласнога цэнтра.

Спектакль “Старамодная камедыя” пастаўлены заслужаным артыстам Беларусі Вячаславам Грушовым да юбілею заслужанай артысткі Беларусі Тамары Шашкінай. Даўно не было ў рэпертуары знакамітай актрысы такой цікавай работы. Драматургія А.Арбузава дае вялікую прастору для размовы пра самае галоўнае з рознымі пакаленнямі гледачоў. Хлопчык-падлетак, які прыйшоў на спектакль разам з маці, “атэставаў” спектакль так: “Мамачка, я пабываў сёння ў казцы!”. 3 вялікай аддачай у гэтым спектаклі працуюць і маладыя артысты Ніна Обухава і Максім Каржыцкі. Яны і з’яўляюцца тым звяном, якое злучае старэйшых з моладдзю ў глядзельнай зале. Праблемы, узнятыя ў спектаклі: каханне, вернасць, адзінота, чалавечая шчырасць і цяпло, якое абавязкова вернецца да цябе, калі аддасі яго блізкаму.

Вандроўкі па Віцебскай вобласці для ўдзельнікаў спектакля “Старамодная камедыя” прадоўжацца. Пасля прэм’ернага паказу ўжо на роднай сцэне тэатра на “маршрутнай карце” новага спектакля будуць Лёзна, Гарадок, Сянно і іншыя раённыя цэнтры.


Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчыца літаратурнай часткі
Нацыянальнага акадэмічнага
драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
На здымку: сцэна са спектакля
"Старамодная камедыя"
.