Складнікі эканамічнай бяспекі

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

27 лютага прайшло чарговае пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры РБ. Кожнае з пытанняў, вынесеных на парадак дня, наўпрост датычылася дзяржаўнай палітыкі эканамічнай бяспекі. Таму словы “выручка”, “рэнтабельнасць”, “эканомія” гучалі не радзей за словы “клуб”, “музей”, “бібліятэка”.

Мэтавыя паказчыкі

Аналізуючы ход выканання асноўных мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, бізнес-планаў камерцыйных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры, захавання параметраў дапушчальнага росту цэн на прадукцыю, начальнік эканамічнага ўпраўлення В.Кананюк нагадала прысутным, што галоўнымі паказчыкамі, устаноўленымі Міністэрству, з’яўляюцца тэмпы росту аказання платных паслуг (109 — 110%) і ўзровень энергазберажэння (у супастаўных умовах — мінус 10,4%). Як вядома, Прэм’ер-міністр 16 лістапада мінулага года ўстанавіў заданне па аказанні платных паслуг культуры на ўзроўні 120,1% у супастаўных цэнах.

Леташні аб’ём платных паслуг склаў па рэспубліцы 126 млрд. рублёў пры тэмпе росту 118,9%, у тым ліку па рэспубліканскіх арганізацыях у супастаўных цэнах — 121,7%. На выкананне паказчыка не выйшлі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (88,5%), Музей Беларускага Палесся (96,2%), ААТ “Белатракцыён” (44,3%). Па арганізацыях, падпарадкаваных мясцовым органам, тэмп росту склаў 117,1%. Самы высокі паказчык дасягнуты ў Магілёўскай вобласці (126,4%), самы нізкі — на Гомельшчыне (107,6%).

Паказчык па энергазберажэнні склаў летась мінус 11,6%.

Гаворка ішла і пра чаканае выкананне мэтавых паказчыкаў за студзень бягучага года: тэмп росту платных паслуг — 112%, іх экспарт — 121,6%, імпарт — 88,7%, энергазберажэнне — мінус 5% (устаноўлены ўзровень — мінус 10 працэнтаў)...

Была прааналізавана леташняя дзейнасць камерцыйных арганізацый. Выручка ад рэалізацыі работ і паслуг перавысіла план і склала 46975 млн. рублёў. Рэнтабельнасць дасягнула 16-ці працэнтаў.

За мінулы год бізнес-планы па двух асноўных паказчыках выканалі 8 прадпрыемстваў. Не справіліся з гэтым 9 камерцыйных арганізацый. Да прыкладу, на запланаваную выручку не выйшлі РУП “Мінскі завод “Светлакан” і ААТ “Белпрамкультура-Маладзечна”; нізкая рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі па РУП “Беларускі відэацэнтр”, студэнцкай сталоўцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, аб’яднанай дырэкцыі будаб’ектаў, ААТ “Віцебск-Белпрамкультура”... Міністр У.Матвейчук папікнуў кіраўніцтва ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў: маўляў, чаму не падтрымліваюцца прадпрыемствы,чаму не замаўляюцца іхнія вырабы?! Натуральна, якасць прадукцыі не надта канкурыруе з замежнымі аналагамі, але ж і кошт айчыннага абсталявання цалкам прымальны для нашых устаноў культуры. Хіба ж гэта не эканомія бюджэтных сродкаў? Дамовы з прадпрыемствамі, у тым ліку і на абсталяванне ўстаноў культуры ў аграгарадках, вырашана заключыць да 15 сакавіка.

У ходзе пасяджэння было ўзнята яшчэ адно, не менш істотнае пытанне: інфармацыя аб ходзе выканання эканамічных паказчыкаў паступае ў Міністэрства культуры запозна.

Рэгулярныя справаздачы камерцыйных арганізацый, па меркаванні прысутных, павінны ўтрымліваць і абавязковы аналіз прычын, што адмоўна ўплываюць на эканамічнае развіццё прадпрыемстваў.

Энергазберажэнне

Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння В.Рымашэўскі падвёў вынікі леташняй работы па выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 “Эканомія і ашчаднасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.

Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў па ўстановах культуры камунальнай уласнасці склала 7328 тон умоўнага паліва на суму 1899 мільёнаў рублёў. У арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры, мерапрыемстваў па энергазберажэнні праведзена на 800 мільёнаў рублёў, фактычная эканомія — 354 тоны ўмоўнага паліва.

Лепшыя вынікі па эканоміі рэсурсаў — па ўпраўленнях культуры Гомельскага і Віцебскага аблвыканкамаў, а таксама ў арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству: у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Літаратурным музеі Петруся Броўкі, Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, Гомельскім дзяржцырку і Белдзяржцырку, Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Белдзяржфілармоніі, ААТ “Віцебск-Белпрамкультура”, РУП “Аўтабаза Мінкультуры”.

А вось у ліку “невыканаўцаў” мэтавага паказчыка энергазберажэння — згаданы ўжо “Светлакан”, Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры, Літаратурны музей М.Багдановіча...

Мерапрыемствы па рэалізацыі Дырэктывы № 3 не ажыццяўляюцца ў ААТ “Гроднатэамантаж”. Не ў поўным аб’ёме яны выконваюцца ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Між тым, сёлетні прагнозны мэтавы паказчык па энергазберажэнні— мінус 10%— патрабуе ад кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў, шараговых культасветнікаў самага сур’ёзнага стаўлення да выканання прафесійных абавязкаў.

Рэвізійная дзейнасць

Уся леташняя кантрольна-рэвізійная работа, як падкрэсліў начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела А.Кізім, наўпрост была звязана з выкананнем Дырэктывы № 3. У мінулым годзе ведамасныя рэвізійныя службы з удзелам спецыялістаў іншых падраздзяленняў правялі 142 праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Выяўлены парушэнні, у выніку якіх нанесена шкода дзяржаўнай маёмасці на 517,4 млн. рублёў (у 2006 годзе — 417 млн. рублёў). Да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 314 работнікаў, у тым ліку двое вызвалены ад займаемых пасад. Па стане на 31 снежня 2007 года кампенсавана ў бюджэт і рахункі арганізацый 477,9 млн. рублёў. Аналіз парушэнняў пры планаванні, уліку і выкарыстанні дзяржаўных сродкаў паказаў, што ў асобных рэспубліканскіх бюджэтных арганізацыях няма элементарнай выканаўчай дысцыпліны. Сапраўды, пра якое ашчаднае гаспадаранне можа ісці гаворка, калі ў пэўных установах культуры замест канкрэтных планаў энергазберагаючых мерапрыемстваў — адно толькі фармальныя адпіскі? Як зазначыў міністр У.Матвейчук, кіраўнікам, якія не ўсвядомілі важнасць дзяржаўнай эканамічнай бяспекі, трэба неадкладна вызваляць свае крэслы.

Інавацыйнае развіццё

Начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Н.Шмакава, аналізуючы рэалізацыю Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця РБ на 2007 — 2010 гады, зазначыла, што ВНУ культуры датэрмінова спраўляюцца з праектамі па мадэрнізацыі вытворчасці на падставе ўкаранення новых высокіх тэхналогій. Да прыкладу, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі праект “Стварэнне інавацыйных сродкаў музычнай адукацыі” ажыццявіла літаральна днямі, асвоіўшы 99 млн. рублёў, выдаткаваных Міністэрствам культуры. Падрыхтаваны і выдадзены дапаможнікі, падручнікі, манаграфіі, аўдыёхрэстаматыі, CD-дыскі... Цяпер ідзе ўкараненне вынікаў праекта ў навучальны працэс, у навуковы і канцэртны ўжытак. І гэта, неаспрэчна, таксама разумнае ўкладанне бюджэтных сродкаў, якое гарантуе не толькі духоўную, але і матэрыяльную аддачу.

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў у верасні завяршае праект “Распрацоўка інавацыйнага забеспячэння адукацыі ў галіне беларускага народнага мастацтва”. У гэты ж час мяркуе ажыццявіць праект “Стварэнне інавацыйных сродкаў дызайн-адукацыі” і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. 450 млн. бюджэтных рублёў на рэалізацыю праграмы “Культура” асвоіў Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры.

Як зазначыў першы намеснік міністра культуры У.Рылатка, досвед нашых ВНУ ў кірунку інавацыйных даследаванняў варты самага дэталёвага асвятлення і распаўсюджвання. Натуральна, “Культура” ў чарговы раз звернецца да гэтай надзённай тэматыкі.

Год здароўя

Пытанне аб мерапрыемствах сёлетняга Года здароўя сталася лагічным працягам гаворкі пра культуру працы і адпачынку, якая заўжды абарачаецца прыбыткамі і ставіць заслону нездароваму ладу жыцця. Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці В.Чэрнік распавёў, што ў сакавіку-маі пройдуць абласныя і Мінская гарадская спартакіяды работнікаў культуры і мастацтва, а ў чэрвені— “Рэспубліканская галіновая спартакіяда”. Акцыя “За здаровую Беларусь!” будзе ладзіцца на “Славянскім базары ў Віцебску”. Тэматычныя выстаўкі, семінары-практыкумы, канцэрты і спаборніцтвы запланаваны ў кожным населеным пункце рэспублікі. Да Года здароўя прымяркоўваюцца і абласныя этапы Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю маладзёжных дыскатэк, і культурная акцыя “Мы — беларусы!”, і фестывалі “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі”, і дакументальныя стужкі “Беларусьфільма”, “Белвідэацэнтра”, і экспедыцыя “За здаровую і моцную Беларусь!” на Прыпяці праз Брэсцкую і Гомельскую вобласці з удзелам майстроў культуры і мастацтваў.

 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
На здымку: у час пасяджэння калегіі.
Фота Юрыя ІВАНОВА