Конкурс — завершаны

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Год беларускай культуры ў Ізяславе, які першапачаткова планаваўся ва ўстановах культуры Украіны як Год беларускай культуры ва Украіне, набліжаецца да свайго завяршэння. Днямі адбыўся другі (заключны) этап конкурсу чытальнікаў беларускага прыгожага пісьменства, які цалкам складаўся з беларускай байкі.

Заўважу, што першы тур конкурсу быў пабудаваны на вершах беларускіх паэтаў, якія яны прысвяцілі Украіне і яе народу, таму дэвізам конкурсу з’яўляўся цудоўны радок Янкі Купалы “Украіна, цвеце любы, сонцам гадаваны...”. А перамогу ў ім здабыла тады яшчэ вучаніца 11-Б класа гімназіі № 5 Настасся Даніленка. Другі тур чытальнікаў пачаўся з майго выступлення. Канкурсантам і слухачам, якія цалкам запоўнілі чытальную залу раённай бібліятэкі, я распавёў пра беларускую байку, што з’явілася напрыканцы ХІХ стагоддзя, а аўтарамі першых сталі Альгерд Абуховіч і Францішак 
Багушэвіч...

Потым байка трапіла пад таленавітыя пёры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Менавіта з чытання байкі “Конь і Сабака” Якуба Коласа і пачалося спаборніцтва чытальнікаў. Віталія Цыганкова вельмі дасціпна паставілася да тэксту абранага твора. Байку Коласа змяніла байка Янкі Купалы “Асёл і навука”, што чытаў Юрась Дзямчэўскі — студэнт Ровенскага гуманітарнага ўніверсітэта, першакурснік, які на выхадныя прыязджае дахаты ў Ізяслаў.

Наш гурт беларускай культуры носіць імя “Зорка Венера”, таму абысціся без аўтара аднайменнага твора — Максіма Багдановіча канкурсанты сабе не дазволілі: Агнешка Літвінчук па-майстэрску прачытала яго байку “Варона і Чыж”. А потым адзін за другім чыталіся творы карыфея гэтага жанру Кандрата Крапівы... Пасля прагучалі байкі Міхася Скрыпкі, Уладзіміра Корбана, Эдуарда Валасевіча, Хведара Жычкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Хведара Чэрні... Заканчваць “парад-але” чытальнікаў баек давялося мне, старшыні журы конкурсу. Я прадставіў на суд прысутных свае мікрабайкі “Хай спявае”, “Лежабока”, “Прадбачлівая жонка”, “Фокус”, “Субардынацыя”...

Пераможцам конкурсу чытальнікаў беларускай байкі аднагалосна прызнана Агнешка Літвінчук — вучаніца 11-Б класа гімназіі № 5, якой быў уручаны галоўны прыз конкурсу: альбом Анатоля Клешчука “Беларусь, зямля песняроў”, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу, у якім выкарыстаны архіўныя фотаздымкі з літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць дырэктару Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі, спадару Міхасю Рыбакову, які перадаў мне гэты альбом.

Пятрусь КАПЧЫК, кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера”

Ізяслаў, Украіна