І прарыў, і стымул

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Не так даўно народны ансамбль народнай песні і музыкі “Сузор’е” Прасевіцкага СДК і юная артыстка з Лапіцкай СШ Лізавета Заяц прымалі ўдзел у фестывалі “Факел” ААТ “Газпрам”, што праходзіў у ра- сійскім Белгарадзе.

/i/content/pi/cult/514/11106/11-2.jpg

А да гэтага прайшоў адборачны тур, дзе за права ўвайсці ў дзясятку лепшых змагаліся 120 прэтэндэнтаў з усіх філіялаў і падраздзяленняў карпарацыі. Акрамя асіпаўчан, нашу краіну прадстаўлялі творчыя аб’яднанні з Оршы, Мазыра, Маладзечна, Баранавічаў, Мінска… За некалькі конкурсных дзён журы прагледзела 150 нумароў па асноўных дарослых і дзіцячых намінацыях: “Вакал”, “Харэаграфія”, “Вакальна-інструментальныя ансамблі”, “Эстрадна-цыркавы жанр”, “Арыгінальны жанр”, “Фальклор”.

Распавядае мастацкі кіраўнік “Сузор’я” Наталля Еўдакімовіч:

— Нам упершыню выпаў гонар выступаць за філіял Асіповіцкага ўпраўлення газаправодаў кампаніі. За гады існавання фестываль адкрыў дарогу многім талентам. Узначальвала судзейскую брыгаду народная артыска Расіі, прафесар Аляксандра Пермякова — кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору імя М.Пятніцкага, якая не толькі выстаўляла адзнакі, але і разам з іншымі членамі журы давала майстар-класы. Нашы канкурэнты здзіўлялі яркімі, папраўдзе прафесійнымі, артыстычнымі нумарамі. Але і асіпаўчане, як кажуць, не лыкам шытыя: скарылі публіку самабытнасцю і харызматычнасцю.

Мужчынскі склад ансамбля прапанаваў увазе гледачоў беларускі народны танец “Таўкачы”, а Лізавета Заяц акапэльна праспявала адну са старадаўніх песень, якія выконвалі нашы продкі. Прычым на яе лягла адказнасць першай заявіць пра нашу беларускую дэлегацыю. Пераадолела страх, не спасавала перад вялікай залай ды масцітымі артыстамі! І — заняла ІІ месца ў намінацыі “Народны вакал”, атрымаўшы магчымасць паўдзельнічаць у фінале фестывалю, які пройдзе вясной у Славеніі. Хто ведае, можа, праз некаторы час убачым Лізу на прафесійнай сцэне? “Сузор’е”ўцы ж узняліся на трэцюю прыступку. Для нас выступленне на такім прэстыжным конкурсе — не толькі прарыў на больш высокі ўзровень, але і прызнанне ранейшых заслуг, і стымул да далейшага росту.

Парадавала і тое, што арганізатары прапанавалі насычаную культурную праграму: знаёмства з цудоўнымі тутэйшымі мясцінамі, у тым ліку з вядомай Прохараўкай. Прыязджаў на фэст і Вялікі сімфанічны аркестр імя Чайкоўскага. Юныя артысты прапанавалі дабрачынны канцэрт “Дзеці-дзецям!”.

Ніна ВІКТОРЧЫК

Фота аўтара