Рамантыкі мадэмаў: чаму я чытаю сацсеткі

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Ала БІБІКАВА, журналіст, уласны карэспандэнт газеты “Гродзенская праўда”
Палову людзей, якія чытаюць маю старонку ў “Фэйсбуку”, і старонкi якіх чытаю я, ведаю даўно. Гэта родныя, раскіданыя па ўсім свеце, сябры дзяцінства, аднакласнікі, аднакурснікі, калегі, аднадумцы. Інтэрнэт — бадай, самая зручная магчымасць больш цесна і часта кантактаваць з імі. Але другая палова з амаль дзевяцісот сяброў — людзі, з якімі выпадкова і невыпадкова пазнаёмілася ў прасторы Сеціва і якіх ніколі не бачыла.

/i/content/pi/cult/514/11102/5-2.jpg— Для чаго ты марнуеш час на чытанне думак незнаёмцаў? Яны ж фантомы! — здзіўляецца прыяцелька.

Як жа мне растлумачыць ёй, што мой ранішні настрой залежыць не толькі ад тэлефанавання сына, усмешкі мамы, але і... ад шэдэўральных здымкаў гродзенкі Наталлі Дораш і мінчаніна Валерыя Вядрэнкі, цудоўных вершаў Георгія Ліхтаровіча з Мінска, музычных прывітанняў Міхаіла Вайнштэйна з Ніжняга Ноўгарада ды разваг Міхаіла Левіта з Іерусаліма?.. Што думкі кінасцэнарыста Веры Савінай прымушаюць маю душу трапятаць. Што мой пульс пачашчаецца ўдвая, калі ў чат пагутарыць пра жыццё выходзіць адзін дзівак з Варшавы. І што мае эмоцыі ды перажыванні ад чытання і зносін з віртуальнымі знаёмцамі зусім не адрозніваюцца ад тых, што адчуваю ў рэальнасцi...

Гэтая сетка сабрала нас не па ўзросце цi адукацыі, а пераважна па прафесійных інтарэсах. Падарыла магчымасць самавыяўляцца, адкрыта абмяркоўваць актуальныя праблемы, аб’ядноўвацца ў суполкі, ацэньваць творчасць іншых ды атрымліваць ацэнку ўласнага даробку, наведваць музеі, выстаўкі і фестывалі, не выходзячы з дому, быць у курсе падзей задоўга да таго, як пра іх раскажуць тэлебачанне, газеты ды большасць інтэрнэт-сайтаў навін, вывучаць мову, слухаць музыку, глядзець кіно… Прычым настройкі гарантуюць поўную выбіральнасць: для прагляду я вылучаю толькі неабходныя мне матэрыялы...

Трывалая ж унутраная сувязь з некаторымі віртуальнымі сябрамі здзіўляе не менш, чым сам факт дружбы. Дзіўным чынам пераплятаюцца душы, супадаюць пачуцці, хоць мы i не можам дакрануцца адно да аднаго. Рэальна баліць, калі ў каго-небудзь з сяброў паміраюць блізкія, калі надараюцца хваробы ды непрыемнасці… А паведамленні аб нараджэнні дзяцей або напаткаўшым каханні радуюць так, нібыта ў цябе самога здарылася гэта!

Часам віртуальныя сябры паспяхова “матэрыялізуюцца”. Менавіта тады разумееш, што не памылілася, даверыўшыся Сеціву. Пад час паездкі ў Кіеў, напрыклад, дзе ў мяне няма ніводнага рэальнага знаёмага, мяне прывячалі калегі, з творчасцю якіх пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы, — цудоўныя фатографы Ігар Гайдай і Сяргей Кузьміч. Мы абмяркоўвалі тэндэнцыі сучаснай фатаграфіі ды новыя праекты ў студыі Ігара, пілі каву і блукалі па вуліцах вячэрняга Кіева… “Расфэйсбучка” падарыла столькі цяпла ды натхнення! Аналагічнае адбылося і ў Польшчы...

Таму я гатова спрачацца з усімі, хто сцвярджае, нібыта сацыяльныя сеткі адводзяць ад жывых зносін і рэальнага жыцця. Пры дазіраваным і разумным іх выкарыстанні яны дапаўняюць гэтае жыццё, расквечваюць, узбагачаюць яго! Становяцца незаменнай інфармацыйнай крыніцай, скарачаюць адлегласць паміж людзьмі і робяць нас больш адкрытымі. Шкода ды карысць любога прадукту — у колькасці яго спажывання, ці не так?

Свой новы дзень я пачынаю з чытання стужкі навін. І сама прыадчыняю душу сваім сябрам. Давер за давер...