Абмен без падману

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Ігар ЗАЛАТАВІЦКІ, рэктар Школы-студыі Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра, заслужаны артыст Расіі, прафесар
— У нашай Школе-студыі навучаюцца і прадстаўнікі Беларусі. Вось зараз на першым курсе ёсць хлопчык з Мінска, які прыехаў да нас сам. Але бываюць таксама мэтавыя наборы з розных краін. У прыватнасці, былі такія з Латвіі, Эстоніі, нават ЗША. З нашага боку ніякіх “супрацьпаказанняў” няма — галоўнае, каб была дасягнута дамоўленасць на ўзроўні міністэрстваў культуры, якая, вядома, прадугледжвае фінансавыя пытанні.

/i/content/pi/cult/514/11096/6-2.jpgІншая справа, што выпускнікі Школы-студыі не надта імкнуцца вяртацца дадому. Да прыкладу, з тузіна чалавек згаданага эстонскага набору на радзіму паехалі толькі чацвёра, астатнія ж уладкаваліся ў расійскай сталіцы. Так, Масква — вялікая, можа прыняць многіх, у тым ліку не па спецыяльнасці. Але ці добра гэта для краін, якія дасылалі сваіх прадстаўнікоў на вучобу? У любым выпадку мы адкрыты для супрацоўніцтва — падкрэслю, для самых розных яго форм. Гэта могуць быць і майстар-класы, і стажыроўкі студэнтаў розных курсаў, і вывучэнне досведу. Я, дарэчы, прапанаваў бы і такую форму, як абмен дыпломнымі спектаклямі, бо такая практыка ў нас ужо была — між іншым, у Парыжы. Патрэбна, найперш, ініцыятыва!

Дадам, што сёлета Міністэрствам культуры Расіі быў утвораны Федэральны цэнтр па падтрымцы гастрольнай дзейнасці. І ён займаецца не толькі гастролямі тэатраў, але і майстар-класамі, творчымі сустрэчамі. Так што — усё магчыма!

Апошнім часам пачалі практыкавацца і онлайн-паказы спектакляў. Зразумела, ніякая трансляцыя не заменіць звыклага варыянту, калі артысты і публіка наўпрост, без аніякіх пасрэднікаў, абменьваюцца энергетыкай. Але ў выпадках, калі спектакль вывезці немагчыма, такі паказ — выратаванне. Галоўнае — неабходна добрае абсталяванне, высакахуткасны Інтэрнэт. А далей — як кажуць, справа тэхнікі. У нас устанаўліваюць некалькі камер, кіруе імі спецыяліст, які ведае спектакль: дзе патрэбна панарама, а дзе — буйны план. І ўсё гэта транслюецца на вялікі экран у кінатэатры, куды публіка набывае білеты. Менавіта так паказвалася наша “Жаніцьба” ў Варонежы, ёсць прапановы і ад іншых гарадоў. Дый Вялікі тэатр Расіі, наколькі я ведаю, некаторыя свае пастаноўкі дэманструе гэтак жа...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"