З дзясятак гадоў таму, зазначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, яшчэ можна было дыскутаваць, ці патрэбна бібліятэцы аўтаматызацыя. Сёння ж не выклікае сумневаў іх няўхільны пераход на воблачныя тэхналогіі…
Патлумачу апошняе словазлучэнне не столькі для чытача, колькі для сябе 54-гадовага, які вырас сам па сабе, а не пад уплывам электронных гаджэтаў. Справа ў тым, што, выкарыстоўваючы віртуальныя сэрвісы, вы становіцеся спажыўцом незлічонай колькасці інфармацыі за межамі міжсеткавага экрана (у воблаку). Інакш кажучы, прапускная здольнасць сетак значна павялічваецца. Век жыві — век вучыся. Прыкладна па гэтай схеме, як прагучала на канферэнцыі, і варта рухаць бібліятэчную справу.
Натуральна, працэс не з лёгкіх. І па тым, што на вялікім мультыманіторы адзін з абласных цэнтраў раз-пораз “завісаў”, можна было сцвярджаць: няма мяжы дасканаласці. А тое, што бібліятэчная перспектыва — у навуковай дзейнасці, дзе процьма рэзерваў ды магчымасцей, не выклікае сумневаў.
Дацэнт кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута культуры Беларусі Наталля Бярозкіна казала пра тое, што не ўсе яшчэ кніжныя помнікі ўведзены ў навуковы абарот. Хто, як не бібліятэкар, павінен зрабіць тут свой істотны ўнёсак? Як, зрэшты, і ў даследаванне гісторыі бібліятэчнай справы.
А як самі бібліятэкары бачаць гэтыя навуковыя прыярытэты? На чым збіраюцца засяроджваць прафесійную ўвагу пасля не бюракратычнага скарачэння, а — сапраўды прадуманай аптымізацыі? Галоўны бібліятэкар НББ Настасся Маслоўская паведаміла, што пра навукова-даследчыя кампетэнцыі бібліятэкараў краіны можна сцвярджаць па выніках праведзеных даследванняў. Дарэчы, гэтыя матэрыялы “К” мае намер апублікаваць у бліжэйшых нумарах.
Не “маўчаў” і манітор. Вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Юрый Максіменка паведаміў пра даследаванні, што праведзены ў сценах яго ўстановы для ўдасканалення работы апошняй. Міжнародны аспект навуковай дзейнасці, па словах намесніка дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі Алы Мяснянкінай, з’яўляецца для ўстановы адным з вядучых. Краязнаўства таксама патрабуе самых сучасных навуковых падыходаў, — пра гэта казала загадчык аддзела Магілёўскай абласной бібліятэкі Тамара Калініна…
Вэб-канферэнцыя сама па сабе сталася доказам таго, што сучаснае навуковае асэнсаванне колішніх традыцыйных прыёмаў працы — рэч больш чым перспектыўная. Тут і фінансавая выгода — навідавоку, і аператыўнасць абмену меркаваннямі павялічылася ў разы. А тэхнічныя збоі пры стасунках віртуальнай аўдыторыі з рэальнай — справа непазбежная ды часовая. Але хацелася б дажыць і да таго моманту, калі на маніторы у зале НББ можна будзе ўбачыць ды пачуць не толькі абласных спецыялістаў, але і бібліятэкараў са звычайных аграгарадкоў…