Пытанне — у матывацыі

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Крытыкаваць дзейнасць грамадскага фонду “Любчанскі замак” апошнім часам стала папраўдзе добрым тонам сярод усіх, хто далучаны да тэмы рэстаўрацыі альбо аховы спадчыны. Безумоўна, крытыкі маюць рацыю — прынамсі, дэ-юрэ, паводле тых жорсткіх (і, на жаль, толькі “ўнутрыцэхавых”) законаў, якія існуюць у гэтай сферы дзейнасці. Сапраўды, звестак пра замак захавалася зусім вобмаль. Ці не ўвесь наяўны матэрыял датычыцца таго адносна нядаўняга перыяду, калі ацалелыя вежы сталі дэкаратыўнымі элементамі сядзібна-паркавага ансамбля, што з’явіўся на месцы былой фартэцыі. Аднак кіраўнік фонду Іван Пячынскі, відавочна, прагне адрадзіць менавіта замак, а не сядзібу. За гэта яго і не любяць...

/i/content/pi/cult/513/11086/4-11 (1).jpgБез сумневу, папрокі былі б цалкам да месца, каб валанцёры прыйшлі ў добра захаваны пейзажны парк ды пачалі будаваць сцены на месцы выкарчаваных векавых прысад. Але бяда тут у настуным: адноўленае прасла замкавага мура (а яно, як кажуць, досыць “гіпатэтычнае”) не здатнае перашкодзіць панам спазіраць са свайго гаўбца прыгожыя паркавыя краявіды з кубкам кавы ў руцэ. Па той простай прычыне, што і паноў няма, і парку, і гаўбца, і кавы... Затое ёсць нягеглы будынак, які некалі быў прыгожым неагатычным палацам. Рэканструкцыя савецкіх часоў пераўтварыла яго ў тыпавы гмах, і статус помніка рэспубліканскага значэння ён, пэўна, атрымаў толькі “дзеля ветлівасці” — у складзе ансамбля. А непадалёк паціху рассыпаліся ў друз нікому не патрэбныя парэшткі вежы. Пра тое, колькі самазвалаў смецця адтуль было вывезена, спытайцеся ў самога Пячынскага.

Значыць, у дадзенай сітуацыі ў любым выпадку давялося б кіравацца прынцыпам не захавання, але рэканструкцыі. А ён апрыёры парушае аўтэнтыку. Бо статус-кво — відавочна, не той статус, які павінны мець гэтыя кручы па-над Нёманам.

І вось тут немінуча ўступаюць у сілу параметры аксіялагічнага кшталту: што і навошта аднаўляць? Я не псіхолаг, але... Мяркую, для спадара Пячынскага матывацыя была самым важным фактарам: аднаўляць менавіта замак, і кропка! Думаеце, ён адзін такі? Ды нічога падобнага!

Свежы прыклад: у Вільнюсе аднавілі вялікакняжацкі палац, страчаны нават не за дзедам-шведам, а яшчэ раней. З Катэдрай, якая ў сваім цяперашнім выглядзе (і, здаецца, нават габарытах) з’явілася праз колькі стагоддзяў па знікненні замка, “навадзел” карэлюе прыблізна так сама, як бегемот у клетцы са сланом: іх не павінна быць побач. Дый нават не ў тым справа. У цэнтры Вільнюса ёсць тры закінутыя касцёлы (у дадатак, з кляштарнымі комплексамі). Усутыч да ўнікальнага аднавежавага ўзору віленскага барока (аўгусцінкі) мясцовыя жыхары паркуюць свае аўто, ці не найлепшы твор Глаўбіца (місіянеры) не знойдзеш ні на якіх туркартах, а кляштар візітантак, што акурат насупраць, яшчэ да нядаўняй пары быў турмой, а цяпер — і ўвогуле немаведама што. Тым не менш замест рэвіталізацыі згаданых гістарычных помнікаў, было вырашана адбудаваць даўно няісны — але менавіта вялікакняжацкі! — замак. Аксіялогія.

Метадалогія? — рыфмуеце вы. Ды ладна! Няўжо нехта “пёкся” на гэты конт у Тыкоціне? Замка на Беласточчыне не было, замак там з’явіўся — нармальны замак, прыгожы, на “нейкіх там” падмурках. Тыя, хто нешта ведае пра Венецыянскую хартыю рэстаўратараў, білеты ўсё адно не купляюць, бо імкнуцца праслізнуць па службовых пасведчаннях.

Ці павінна так быць? Пытанне, ізноў жа, філасофскае, асабліва ў праекцыі на нашу рэчаіснасць. А як павінна быць? Ёсць індывідуум з выразнай суб’ектнасцю і прагай да дзеяння (а такія людзі чамусьці заўсёды нейкія “нефарматныя”) — праблема! Няма індывідуума — руіны, зарослыя хмыззём... І што лепш?

На Беларусі з’явіўся першы прыклад эфектыўнай грамадскай ініцыятывы ў сферы аховы спадчыны, і замест усеагульнай падтрымкі, папулярызацыі, пераймання, альбо, прынамсі, спакойнага разумення (урэшце, прымяніць з усёй жорсткасцю заканадаўства можна і да згаданых ужо руін — нехта ж з’яўляецца іх фармальным гаспадаром і таму павінен хоць неяк захоўваць!), ён выклікае атакі з розных бакоў. Каго і ў якім напрамку гэта можа матываваць?

У рэшце рэшт, варта супакоіцца, прынамсі, таму, што нічога прынцыпова незваротнага фонд, насамрэч, не робіць. Адпаведна, “паразумнелыя нашчадкі” некалі здолеюць знесці той гіпатэтычны купал, разабраць прасла і аднавіць усё, як было, — ці, прынамсі, як павінна быць “па навуцы”. Калі, вядома, знойдуцца такія самыя шаленцы, як той Пячынскі...