Дзень ратавальніка

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Дзень ратавальніка — свята прафесіяналаў, якія прысвяцілі сябе высакароднай місіі: абараняць і ратаваць людзей. Створанае 19 студзеня 1999 года Міністэрства па надзвычайных сітуацыях упэўнена вырашае пастаўленыя задачы.

Супрацоўнікі МНС працягваюць шматвекавую справу пажарных, іншых работнікаў аварыйна-выратавальных службаў, абапіраюцца на іх досвед, шануюць традыцыі мужнасці.

Беларускія ратавальнікі-пажарныя заўжды былі з краінай, з народам. Іх складаная праца — і напружаныя будні, і баявыя аперацыі. Галоўная задача для ратавальніка — пераадоленне сябе і перамога над небяспекай, а найважнейшая ўзнагарода — жыццё выратаванага чалавека. За дзесяцігоддзе работнікі МНС Беларусі правялі больш за 250 тысяч выратавальных аперацый, выратавалі больш за 50 тысяч чалавек. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вызначае галоўным прыярытэтам сваёй дзейнасці далейшае павышэнне эфектыўнасці аховы грамадзян і эканомікі краіны ад бедстваў.

Сёння экстранны нумар 101 вядомы кожнаму, у любой складанай сітуацыі грамадзяне звяртаюцца да тых, хто заўжды на пасту. І дапамога прыходзіць без прамаруджванняў. Некалі хвілін чакання — і ўжо чутны сірэны аварыйна-выратавальных аўтамабіляў…

Ратавальнікі робяць усё для таго, каб на роднай зямлі не было тэхнагенных бедстваў і знішчальных наступстваў самых розных стыхій.

Беларускія ратавальнікі кругласутачна нясуць сваю неабходную грамадству і кожнаму грамадзяніну службу. Але няхай іхняя дапамога не спатрэбіцца, і 2015 год стане для нас этапам спакойнага жыцця — без надзвычайных здарэнняў ды катаклізмаў! Жадаем усім ратавальнікам моцнага здароўя і паспяховай службы!..

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска