У клуба — юбілей

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Мазалаўскі сельскі дом культуры адсвяткаваў сваё 25-годдзе ў клубе з нагоды такой даты назіраўся аншлаг, якому маглі б пазайздросціць нават сталічныя артысты.

Дом культуры быў пабудаваны ў 1989 годзе ў цэнтры вёскі Мазалава і належыў Мазалаўскай перасовачнай механізаванай калоне. Першым дырэктарам установы была Ірына Захаранкова, а пасаду мастацкага кіраўніка тады займала Марына Каланіцкая (Дземчанка), што пасля шмат гадоў кіравала раённым Домам культуры. У гэты час тут былі арганізаваны аматарскія аб’яднанні і гурткі розных напрамкаў.

Сярод колішніх супрацоўнікаў Дома культуры нельга не ўзгадаць прозвішчы Ірыны Федзякінай, Марка Зелянкевіча, Алы Дружковай, Настассі Хмарскай, Алесі Бекешавай, Вольгі Логінавай, Настассі Сільчанка, Уладзіміра Дрыгебкі, Аксаны Кавальчук.

Гаспадыняй Дома культуры шмат часу з’яўлялася Ірына Толкач, якая цяпер кіруе ансамблем песні “Крыніцы” і жаночым клубам “Залаты ўзрост”.

Зараз ва ўстанове культуры працуе 13 клубных фарміраванняў, у якіх — больш за 185 чалавек. Гэта “народны” ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, ансамбль песні “Крыніцы”, харэаграфічны калектыў “Беларускія ўзоры”, тэатральны гурт “Вобраз”, дзіцячая студыя творчага развіцця “Фантазёры”…

У святочны дзень прайшоў канцэрт з удзелам вядучых калектываў установы, дзе лепшыя работнікі ўстановы былі ўзнагароджаны граматамі ды падзякамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама і Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ