Кніжны космас

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Летась Мётчанская сельская бібліятэка была інтэгравана са школьнай і атрымала прапіску ў сценах адукацыйнай установы. У наш віртуалізаваны і перанасычаны разнастайнымі “дэвайсамі” век дзеткам яшчэ цікавыя кнігі, вокладка і старонкі, друкарскія пахі і, канешне ж, сам змест, развіццё фабулы, характары герояў. Тым больш, што побач, у суседнім пакоі, месціцца ўнікальны Музей беларускай кнігі “Літаратурны космас Мётчы”.

Тут за трыццаць гадоў яго існавання сабрана больш за 600 зборнікаў вершаў, прозы, а таксама кніг па краязнаўстве і гісторыі нашага славутага кутка Барысаўскага раёна. На палове кніг — аўтографы беларускіх пісьменнікаў, бо 59 айчынных творцаў у розныя гады наведалі гэты незвычайны музей.

Адбылося святкаванне 30-годдзя музея “Літаратурны космас Мётчы”. Зразумела, што і наша сельская бібліятэка не засталася ўбаку. Вельмі актыўна падключыліся да падзеі нашы пастаянныя чытачы — як з ліку школьнікаў, так і дарослых. Цудоўна выступілі экскурсаводы-сямікласнікі. Потым слова ўзялі літаратары, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, госці…

Вось што сказаў у сваім пасланні-віншаванні старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюзнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка:

— Ваш музей варты пераймання і навуковага асэнсавання. Гэта надзвычай важны для рэгіёна і краіны культурны праект, яскравы прыклад школьнага музея, экспазіцыі якога маюць неацэнны педагагічны і эстэтычны ўплыў на наведвальнікаў…

А на тэрыторыі школы нашы чытачы, людзі неабыякавыя да беларускага слова, адкрылі ў гонар музейнага юбілею Алею вязаў, пасаджаных напярэдадні юнымі гурткоўцамі.

Любоў ЛАЙКОВА, бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Мётча Барысаўскага раёна Мінскай вобласці