Тут за трыццаць гадоў яго існавання сабрана больш за 600 зборнікаў вершаў, прозы, а таксама кніг па краязнаўстве і гісторыі нашага славутага кутка Барысаўскага раёна. На палове кніг — аўтографы беларускіх пісьменнікаў, бо 59 айчынных творцаў у розныя гады наведалі гэты незвычайны музей.
Адбылося святкаванне 30-годдзя музея “Літаратурны космас Мётчы”. Зразумела, што і наша сельская бібліятэка не засталася ўбаку. Вельмі актыўна падключыліся да падзеі нашы пастаянныя чытачы — як з ліку школьнікаў, так і дарослых. Цудоўна выступілі экскурсаводы-сямікласнікі. Потым слова ўзялі літаратары, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, госці…
Вось што сказаў у сваім пасланні-віншаванні старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюзнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка:
— Ваш музей варты пераймання і навуковага асэнсавання. Гэта надзвычай важны для рэгіёна і краіны культурны праект, яскравы прыклад школьнага музея, экспазіцыі якога маюць неацэнны педагагічны і эстэтычны ўплыў на наведвальнікаў…
А на тэрыторыі школы нашы чытачы, людзі неабыякавыя да беларускага слова, адкрылі ў гонар музейнага юбілею Алею вязаў, пасаджаных напярэдадні юнымі гурткоўцамі.
Любоў ЛАЙКОВА, бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Мётча Барысаўскага раёна Мінскай вобласці