Культура на траіх

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Пра эканамічныя рэаліі і пра венік
“Тры ў адным” — так я назваў бы эксперымент, на які пайшла газета летась у праекце “Знянацку i без “вiзы”: журналiст “К” + мясцовы iнсайдар ва ўстановах культуры”. Нагадаю, сутнасць яго заключалася ў тым, што карэспандэнт выдання наведваў установы культуры ў раённых цэнтрах, не папярэдзіўшы загадзя іх работнікаў аб сваім візіце. Сабе ў напарнікі ён браў мясцовага жыхара, які з’яўляўся і гідам, і “інсайдарам”, выказваючы ўласнае меркаванне аб культурным жыцці горада наогул і даючы ацэнку дзейнасці канкрэтных арганізацый. Выніковы матэрыял уяўляў з сябе ўражанні журналіста, суб’ектыўны погляд “сталкера” і меркаванні кіраўнікоў устаноў — уласна, тры ў адным. Надышоў момант нейкім чынам падсумаваць адчуванні ад убачанага/пачутага ў цэлым. І, выказаўшы шчырую падзяку ўсім героям за супрацоўніцтва ды садзейнічанне, у дадзеным артыкуле я абмяжуюся часткай толькі сваіх высноў.

/i/content/pi/cult/513/11081/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/513/11081/4-3 (1).jpgБез хіт-парадаў

Не хачу складаць штосьці кшталту чартаў, у якіх хіт-парад дамоў культуры выглядае гэткім чынам, у спаборніцтве дамоў рамёстваў перамогу атрымаў той і той, а ў аўтсайдарах знаходзіцца зусім іншы. І не таму, што баюся няўзнак пакрыўдзіць на роўным месцы кагосьці, прымерыўшы на сябе віртуальную мантыю суддзі. А перш за ўсё з прычыны таго, што праблемы, з якімі сутыкаюцца структуры культурныя, — тыповыя, адны і тыя ж. Нюансы заключаюцца ў метадах іх вырашэння, у тым, якім шляхам дасягаюцца пэўныя станоўчыя вынікі, за кошт чаго адбываюцца прарывы.

Тры тэмы, якія ў абавязковым парадку ўзнікалі ў гутарках з самымі рознымі людзьмі ад культуры, — гэта бюджэтнае фінансаванне апошняй, заработная плата і аптымізацыя. Наўрад ці хтосьці абнадзеіць, што ў бліжэйшыя, вазьму на сябе смеласць спрагназаваць, гадоў пяць сітуацыя карэнна зменіцца.

Як пераканаўся, найперш больш-менш дастатковыя сродкі выдзяляюцца пад культураўтваральныя праекты, пад аднаўленне ды захаванне знакавых гістарычных артэфактаў. Дый у такіх выпадках мясцовыя органы ўлады павінны самастойна адшукваць крыніцы дадатковага фінансавання. Усё астатняе культурнае поле забяспечваецца ў мінімальна неабходных для яго грашовых аб’ёмах. Ёсць спакуса напісаць збітую фразу: “…якіх хапае толькі на падтрыманне штаноў”. І напішу. Эканамічныя рэаліі сёння такія.

Таму дзяржава і заклікае, і патрабуе, і абавязвае, каб установы ўсімі спосабамі (пажадана апраўданымі ды разумнымі) прыцягвалі пазабюджэт. І тут ужо наколькі ў каго ўяўленне развіта. Плошчы здаюцца ў доўга- і кароткатэрміновыя арэнды пад кірмашы, крамы, цырульні, кафэ... Наведвальнікам прапануюцца фотасесіі ў інтэр’ерах, маладых заклікаюць правесці ўрачыстасці ўступлення ў шлюб у сценах установы (бывае, з наступным працягам нават), юбіляраў гатовы віншаваць на фоне музейных экспанатаў, а яшчэ існуюць гульнявыя пакоі для дзяцей, выстаўкі, масавыя інтэрактыўныя дзействы... Я і падтрымліваю такое, і баюся, што аднойчы камусьці прыйдзе ў галаву здаць свае метры, напрыклад, філіялу рытуальнага агенцтва. А чаму б і не? Як дзяліўся са мной дырэктар аднаго з палацаў культуры, яго калега сур’ёзна разглядаў магчымасць адкрыцця ў падвальным памяшканні лазні. Можа, ужо і адкрыў?

Пра зарплаты — або добра, або нічога. Добра, што людзям не забараняюць падпрацоўваць у вольны ад асноўнай службы час. Добра, што частку пазабюджэтных асігнаванняў можна накіроўваць на грашовае заахвочванне супрацоўнікаў. Добра (для маральнага заспакаення), што ёсць такія прафесіі (ёсць, не хлушу!), дзе праца нашага чалавека аплачваецца яшчэ ў меншых маштабах...

Пункт трэці. Як без задавальнення да яе ні ставіліся б занятыя ў сферы культуры работнікі, аптымізацыя — працэс і вымушаны, і, разам з тым, наспелы. Першае выцякае з усё таго ж фінансавання, другое — фактар аб’ектыўны. Узбуйненне ўстаноў культуры за кошт стварэння шматпрофільных цэнтраў, якія могуць ўключаць у сябе клубныя ўстановы, аддзелы рамёстваў і народных традыцый, бібліятэку, гурткі ды іншае, — крок рацыянальны, бо сэнсу функцыянавання такіх структур “па адзіночцы” ў некаторых раёнах краіны няма. Віной таму, напрыклад, дэмаграфічная сітуацыя, калі пусцеюць вёскі, у якіх знаходзяцца ўстановы культуры. Іх проста няма каму наведваць. Або колькасць метраў пэўных “падраздзяленняў” культуры на квадратны ў дадзеным горадзе такая, што з-за слабой наведвальнасці іх рэнтабельнасць вельмі нізкая. Значыць, і тут аб’яднанне неабходна.

Ну, і, шчыра кажучы, даўно варта было прагледзець, перафарматаваць — аж да скарачэння штатаў, некаторыя культурныя аб’екты, бо жыццё ў іх замерла, калі не памерла, разам з абыякавымі людзьмі. Ад іх, дапусцім, залежыць дзейнасць арганізацый. І там таксама трапляюцца работнічкi яшчэ тыя, якія без ўказання кіраўніцтва не задумаюць і не правядуць ні аднаго мерапрыемства, чакаючы загадаў. А апошніх няма. Вось вам і замкнёнае кола. На паперах жа культурнае жыццё — віруе!

Венік, бясспрэчна, — патрэбная ў гаспадарцы рэч. У тым ліку ў такой, як культура. Венік і матэрыялы, неабходныя для ўзвядзення чагосьці новага. Але нават іх не вельмі вялікі аб’ём без умення ды ініцыятывы — інструментарый бессэнсоўны. Даруйце ўжо мне маю шчырасць, здаралася, што я з нейкай асаблівай цікавасцю выслухоўваў плач служачых ДК, тых, якія скардзяцца на тое, што ў гурткі ды на канцэрты людзі не ходзяць, што — Інтэрнэт, — маўляў, а мы што можам? Працаваць тут — адназначна не...

І асобна спынюся на тэме, якая ў размовах усплывала нярэдка. Амаль усе мае “рэспандэнты” казалі пра тое, што моладзь пайшла не тая, што юнакі і дзяўчаты, якія скончылі профільныя навучальныя ўстановы, як правіла, “адмучыўшы” размеркаванне, не застаюцца служыць на карысць культуры, а шукаюць сабе больш грашовыя месцы. Сёй-той з кіруючага складу не хаваў, што яно і да лепшага, бо, на іх думку, новае пакаленне работнікаў культуры не валодае патрэбнымі прафесійнымі ведамі ды навыкамі, што няма ў людзях жадання нешта прыдумляць, тварыць, проста якасна выконваць прамыя абавязкі. Маўляў, “вяршкі” асядаюць у буйных гарадах, а на “перыферыю” трапляюць не надта каб адукаваныя кадры. Я, вядома, верыў і... здзіўляўся, таму што сярод супрацоўнікаў устаноў культуры, з якімі я сустракаўся, было шмат людзей маладых, таленавітых, з бляскам у вачах. Не хочацца верыць у тое, што вось гэтае пакаленне 25 — 35-гадовых — апошні рэзерв нашай культуры.

Дажывём да...?

Супярэчлівае ўражанне ў мяне склалася ад новых знаёмстваў, ад наведвання самых розных устаноў культуры. Неаднаразова пісаў, што схіляю галаву перад самаадданай працай іх служачых, разумею заклапочанасць і трывогі гэтых людзей, спачуваю ім, захапляюся імі. (Злуюся на тых, хто абыякавы да сваёй працы. Дзеля ісціны, заўважу, што такіх меншасць.) І я гэтак жа крыху разгублены, як і яны. Што ж будзе з беларускай культурай далей, калі раптам усё яшчэ рака энтузіястаў, якія захоўваюць яе, рухаюць, пачне драбнець? Не, яна не высахне, але як бы потым не давялося ўжываць экстраардынарныя меры, каб насыціць яе новай вадой.

Магчыма, умоўны токар шостага разраду можа абысціся без музеяў і хоць бы сузірання старадаўніх абрадаў. Але заўтра, я перакананы, душа яго запатрабуе не песень умоўнага ансамбля “Дзюна”, а кніг Уладзіміра Караткевіча. Напэўна, у “хіт-парадзе” актуальных задач дзяржаўнага маштабу культура сёння займае мо і не верхнія, але стабільныя пазіцыі. Але хочацца дажыць да таго часу, калі прыярытэтнай будзе і яна! І не ў якасці таго, што трэба ратаваць, а галіной квітнеючай, той, што пастаянна развіваецца, сучаснай, з адукаванымі кадрамі і такой, якая беражліва захоўвае традыцыі!..

Вынікі аўтатураў Яўгена Рагіна і Кастуся Антановіча чытайце тут.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"