“Віцебскі след” Кавалеўскай

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

15 студзеня 1850 года ў сям’і камандзіра Маскоўскага артылерыйскага гарнізона нарадзілася дачка. Хто тады мог падумаць, што яна стане вучоным, першай жанчынай — прафесарам матэматыкі, механікам, пісьменніцай, членам-карэспандэнтам Пецярбурскай Акадэміі навук?

/i/content/pi/cult/513/11072/25616925.jpg

Маленства з шасці гадоў і юнацтва Софы (так яе называлі родзічы) праходзіла ў родавым бацькоўскім маёнтку Палібіна Віцебскай губерні (сёння — расійская Пскоўшчына). Ён раней належыў генералу Міхельсону, усмірыцелю паўстання Емяльяна Пугачова. У той час там стаяла вясковая хата “простай архітэктуры”, дзе жыла жонка Міхельсона — Шарлота Іванаўна.

Васіль Корвін-Крукоўскі (бацька Соф’і Кавалеўскай) за 10 610 рублёў набыў гэты маёнтак з публічных таргоў. Пасля заканчэння яго ваеннай кар’еры сям’я размясцілася тут стала. Тады ж было распачата будаўніцтва “замка” — вялікага дома з вежамі і флігелямі. У гісторыі палібінскага маёнтка пачынаецца новы перыяд. Па ўспамінах суседзяў, дом быў пабудаваны так, што можна было стаміцца, абыходзячы яго. Каля сядзібы разбілі фруктовы сад, агарод з парнікамі ды аранжарэямі. Тэрасы былі абвіты ружамі. Нават да сёння яшчэ захаваліся 200-гадовыя дубы і сосны, 170-гадовыя ліпы…

Бацькі даручылі сачыць за выхаваннем дзяцей няні і гувернантцы. Так, міс Сміт, англічанка па паходжанні, прывучала Софу да выключнай працаздольнасці ды акуратнасці. Дзяўчынка шмат чытала і неўзабаве сама стала складаць вершы. Усяляк стараўся ахоўваць сваіх дачок бацька. Адлегласць ад сталіцы магла стаць перашкодай у памкненні да змен, але не замінала ў гэтым цалкам.

Софа ўжо ў дзесяць гадоў прачытала тоўсты алгебраічны задачнік з бацькоўскай бібліятэкі. Бацька толькі качаў галавой і казаў, што дзіця забівае галаву непатрэбнымі навукамі. Ён спадзяваўся, што, ператварыўшыся ў прыгожых дзяўчат, ягоныя дочкі выкінуць усе “глупствы” з галавы. З успамінаў самой Соф’і вядома, что яна вельмі любіла гутарыць са сваім дзяцькам Пятром Васільевічам, які “матэматыцы не навучаўся, але прачытаў шмат матэматычных кніг і любіў пафіласофстваваць па гэтых пытаннях”. Тое спарадзіла цікавасць дзяўчынкі да матэматыкі. Развіццю інтарэсу садзейнічала і тая кур’ёзная акалічнасць, што адзін з пакояў дома, на якую не хапіла выпісаных з Пецярбурга шпалер, быў абклеены лістамі простай бумагі з курса дыферэнцыяльнага інтэгральнага вылічэння вядомага матэматыка Астраградскага, набытых бацькам у маладосці. Гадзінамі стаяла дзяўчынка каля іх, разбіраючыся ў таямнічых формулах і тэкстах. Знаёмы бацькі, прафесар Тырнаў, заўважыў здольнасці дзяўчыны. Аднойчы ён назваў яе новым Паскалем і падарыў сваю кнігу. Пад час паездак у Пецярбург Кавалеўская пачала браць урокі вышэйшай матэматыкі. Так быў зроблены першы крок на шляху да авалодання навукай.

Сама Соф’я пазней казала: “Я атрымала ў спадчыну жаданне вучыцца ад продка венгерскага караля Корвіна, любоў да матэматыкі, музыкі і паэзіі — ад дзеда, маці, акадэміка, астранома Шуберта, любоў да вандровак — ад прабабкі-цыганкі”.

Іна ЯКУБОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея