А&В: Аўдыя & Відэа-10

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Снежаньскія аўдыя- і відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант Сяргей ПУКСТ (A) і спецыяльны карэспандэнт “К” Алег КЛІМАЎ (B).

/i/content/pi/cult/513/11070/9-2.jpg

Аўдыя

Гурт “Туфлі дну”, міні-альбом “Гатовы да працы і абароны”

A.: — Насамрэч, тое, што мы маем, — сайд-праект. І Сярогу я чуў у куды лепшай форме, не “ўкрыжаванага” запраграмавана цяжкімі рыфамі. І “ТТ-34”, ездзячы на ўжо вядомай “фішцы”, не выглядаюць свежа ў мернай рэп-рашотцы. Складваецца ўражанне, што падобнага роду перакрыжаванне выяўляе не самыя моцныя бакі саўдзельнікаў. У пэўным сэнсе, гэта закладзена ў прыроду падобных супрац. Як правіла, “фішка” выканаўцы павінна прагучаць як мага больш выразна. Пачуўшы знаёмы рэчытатыў, слухач скажа: “О, гэта Сярога, а гэты знаёмы “кач” — “ТТ-34”!”

Хоць музычныя крытэрыі тут, як водзіцца, ізноў не працуюць. Відаць, Пархоменка + Кузьмянкоў (гэтак жа, як і, напрыклад, склад “Brutto”) ведаюць пра жыццё нешта істотна большае, чым тыя, хто спрабуе іх крытыкаваць. Абодва праекты сваёй жорсткасцю рэзануюць не з культурай, а наўпрост з непераадольнай разлютаванасцю сучаснага свету. Бо кожны ведае, чым адрозніваецца жыццё ад мастацтва: першае больш жорсткае…

B.: — Саюз Сярогі і гурта “ТТ-34” знакаміты хоць бы мегахiтом пачатку 2000-х “Бум!”. З тых часоў шмат новай музыкі з’явілася. Шалёная папулярнасць рэпера змянілася амаль поўным яго забыццём, пра “тэтэшак”, якія адзначыліся гучным саўндтрэкам да “…Дазораў”, таксама мала што чуваць. У розныя гады бэнд пакінулі харызматычныя вакалісты і не менш харызматычны бас-гітарыст, з “залатога” складу засталося двое. І вось гамяльчане (Сярога па-ранейшаму жыве ў Кіеве, але часцяком наведваецца на радзіму) ізноў сустрэліся. Дакладней — рэпер і лідар-гітарыст каманды Сяргей Кузьмянкоў, запісаўшы злы, зубаскрышальны рэпкор. Па гуку рэліз нагадвае “ТТ-34” — з фірмовай, агрэсіўнай гітарнай падачай. Па тэкстах жа — уласцівая “танка-пісталетам” іронія, характэрная для іх на раннім этапе, знікла, — тут на чале, як і апошнія гадоў шэсць, вербальная бескампраміснасць, рэзкасць, нават сацыяльнасць. Лепшымі на міні-альбоме лічу кампазіцыі “Кактэйль Молатава”, “Вата” і “Корм”. Ёсць у гэтага праекта перспектыўнае і... хм... камерцыйнае будучае? Сярога спадзяецца, што яно ў яго проста ёсць...

Гурт “TonqiXod”, альбом “Pradmova”

A.: — Пра гэты гурт даводзілася чуць выключна кампліментарныя водгукі калег-музыкантаў. Ад сябе скажу, што гэта адзіны з рэлізаў, якiя мною рэцэнзуюцца тут, дзе магчыма казаць, дзякаваць богу, пра музычны бок. “TonqiXod” — сапраўды ў найвышэйшай ступені спрацаваны калектыў, дзе проста шчыльнасць самога музычнага матэрыялу патрабуе той шматмесячнай праславутай прыціркі, пра якую казаў у адным з інтэрв’ю лідар каманды Уладзімір Лянкевіч. Гаворка — не толькі пра тэхнічнасць, якая маецца на ўвазе па змоўчанні, але і пра наяўнасць (альбо выпрацоўку) адзінага музычнага светапогляду.

Адзінае, што можна адзначыць як адмоўны момант, — халаднаватасць, непазбежная пры такім узроўні гарманічнай ды фактурнай складанасці. Гэта не вельмі добра, таму што пры інтэнсіўнасці і музычным напоры разам з папраўдзе ўдалымі рашэннямі непазбежны адносныя тэматычныя правалы і вядомыя гарманічныя паслядоўнасці ды фактуры. Але, паўтаруся, гэта непазбежна пры такім падыходзе і шчыльнасці матэрыялу…

B.: — Уражальны беларускамоўны арт-рок з выкарыстаннем кучы інструментаў (да класічных для рок-н-ролу дадаліся кларнет, труба, акардэон, мандаліна, блок-флейта...) плюс запрошаныя госці. Жанр гэты няпросты — і для прайгравання, і для праслухоўвання. Музыкантам лёгка можна скаціцца ў какафонію (калі так не задумвалася канцэптуальна), у нешта няўцямнае, што рассыпаецца. Дадзены кірунак быў папулярны і нават масавы на Захадзе ў сярэдзіне 1970-х, дый сёння тамтэйшыя дзядкі працягваюць ім песціцца, дайграваць, часам з’яўляюцца цікавыя маладыя выканаўцы. Але пік пройдзены. Былі спробы іграць арт-праг у Саюзе: самая ўдалая і тая, што ў памяці, — гурт “Аўтограф”. Але ў СССР стыль так і не ўкараніўся. У Беларусі таксама можна згадаць колькі імёнаў, але тут усё гэта было альбо асобнымі пырскамі-кампазіцыямі, альбо скочвалася, у рэшце рэшт, да авангарда. Не ўпэўнены, што, з камерцыйнага пункта гледжання, “TonqiXod” абраў дакладны творчы шлях: спецыялісты ацэняць, фэны будуць у захапленні, але ў нашых поп- і “олдскульных” альтэрнатыўных краях вялікіх пляцовак такім мастацтвам не сабраць. Ды, галоўнае, каб самім падабалася! Так, хлопцы?!. Тым больш, паўтаруся, да матэрыялу няма ніякіх прэтэнзій: шыкоўная работа! Асобны дзякуй за тэксты — і на вастрыі дня, і смешна-сюррэалістычныя...

Гурт “Navi”, альбом “Сонцам сагрэтыя”

A.: — У мяне, як і ў кожнага чалавека, ёсць свае алергіі. Я не пераношу некаторых музыкантаў і нічога не магу з гэтым зрабіць. Гэта значыць, у рамках сваёй сістэмы музычных каардынат я лічу штосьці непрымальным. Ну, напрыклад, гурт “Нагуаль”. “Navi”, вядома, лепш. Але ў выпадку з iм я сутыкнуўся з нашмат больш сур’ёзнай праблемай. У мяне, аказваецца, не існуе крытэрыяў для ўспрымання цэлых жанраў, проста няма інструментарыя, які я магу да гэтага гурта ўжыць. Ёсць прыемныя мелодыі, месцамі слабенькi аўтарскi пачатак, але ў масе сваёй дуэт выконвае агульныя месцы — камерцыйна паспяховыя, так, але, на жаль, якія трапілі пад руку такому рэцэнзенту, як я. Так, ёсць нейкі саўнд, нейкая праца прадзюсара, у дзяўчыны прыемны голас — гэта катэгорыі тэхнічныя. Нават прафесіяналізм, інтанаванне — гэта толькі тэхніка выканання, як у фігурным катанні. Вось, скажам, ёсць аўтаручка — яна піша. У дзяўчыны ёсць голас — яна ім спявае. Уласна, да музыкі, да небывалага, да “ах!” ці нават да “ой!” гэта не мае дачынення. Таму, рызыкуючы агаліць уласны светапоглядны збой, мушу канстатаваць, што дадзенаму рэлізу ў мяне ацэнкі няма…

B.: — Праект, які карыстаецца вытлумачальнай для мяне папулярнасцю і прызнаннем сярод, як мінімум, маіх музычных прыяцеляў. Пры досыць лёгка чытэльнай стылістычнай прыналежнасці гурта — поп-музыка, — артысты дуэта імкнуцца пазбягаць звыклых для масавай эстрады шаблонных меладычных хадоў і рыфмаў, не гоняцца за хітамi (безумоўны трэк нумар адзін альбома — шлягерны “Выберу сам” — вельмі якаснае выключэнне). Паветра ў песнях “Navi” — незабруджанае, жыццё — натуральнае, выкананне, манера — “без выпендрожу” і тых жа стандартных вакальных клішэ, калі кампазіцыя гарлапаніцца ці спяваецца строга па нотах, — усё міла, молада, чыста. Тэксты пражываюцца, а не пакутуюцца, абраны для праграмы акустычны гук — той, што трэба. Добра, насамрэч! Не выклікае здзіўленых пытанняў і кавер на “Стэфку” (адна з візітовак “Бонды”/”Крамы”). Цікава, як будзе развівацца тандэм далей…

Відэа

Яшар Гасанаў, кліп на песню “Instincts”

А.: — Не адпускае адчуванне, што кампаніяй “Dragon’s Egg” і Яшарам Гасанавым рэалізаваны вонкава спрытна пашыты, але, па сутнасці, даволі надуманы прадукт. Залішне лагічным выглядае рашэнне стварыць геймерскі псеўдарэканструктарскі фэнтазі-кліп на электронную кампазіцыю. Відэа апавядае пра супрацьстаянне двух нявызначанай прыналежнасці баявых злучэнняў за яйкападобны аб’ект, які наліваецца крывёю, верагодна, яйка дракона, — лагатып згаданай кампаніі. Гэта значыць, ролік, як мы разумеем, не камерцыйны, а іміджавы. У фінале кліпа, з-за якога музыканту, паводле яго слоў, давялося прадоўжыць кампазіцыю, усё заканьчаецца па-жыццёваму мудра, але проста: удзельнікі бітвы make love, not war.

Сеткавыя карыстальнікі раз-пораз абвінавачвалі аўтараў кліпа ў капіраванні аднаго відэа з праекта “Woodkid”. Мне ж пры спробе асэнсавання на розум прыйшлі дзве разнастайныя аналогіі. Першая — з рэальнага жыцця: кліп сімвалічна адлюстроўвае спрэчку паміж выбітным паэтам Алесем Разанавым і адным з аператараў сотавай сувязі за лагатып апошняга ў форме чырвонага яйка. А другая частка відэа нагадала смешны кліп Мікалая Баскава “Вандроўнік”. Жарты жартамі, але складана ацэньваць прадукт, у якім няма ад чаго адштурхнуцца. Ён па-свойму адказвае на пытанне, чаму ў нас няма шоу-бізнесу. Як музыка, так і відэашэраг уяўляюць творчае самавыяўленне дасведчанага карпаратыўшчыка, дзе ёсць усе прафесійныя складнікі, дэманструюцца “мускулы”, але пасылу аўдыторыі няма. Узнікае адчуванне, што мэтавай аўдыторыяй з’яўляецца не глядач, а заказчык, ён жа — арганізатар карпаратыўных мерапрыемстваў…

В.: — Яйка лёсу (?), сабачкі хаскі, конь. Два войскі: мабыць, светлыя і цёмныя ў сваіх інстынктах. На чале аднаго — цудоўная жанчына, другім кіруе суровы мужчына. Здавалася б, цяпер мусіць пачацца сеча, тым больш, што ўзброеныя мячамі атрады накіроўваюцца насустрач адзін аднаму, але... Кроў не льецца, а ўскудлачаныя людзі абдымкамі ўтвараюць адзінае цэлае ў параксізме страсцi, у перадфінальных кадрах ператвараючыся ў агульны Сусвет, у яйка, якое дае жыццё ўсяму існаму. (Як праспяваў бы з гэтай нагоды лідар гурта “Без білета” Віталь Артыст, “планета круціцца”.) У фінале ж усё вяртаецца да той жа сутычкі дружын. І дзе ж тут была ява, дзе сон — кожны вырашае сам, але з тым, што светам мусіць кіраваць каханне, я згодзен.

Такі відэашэраг абраў для сваёй інструментальнай кампазіцыі музыкант Яшар Гасанаў. Малюнак — яркi, кінематаграфічны, пачуццёвы, я нават сказаў бы, месцамі эратычны. Музыка, скупая меладычна, як фон цалкам адпавядае сюжэту…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Сяргей ПУКСТ
музыкант, кампазітар, радыёвядучы