У перапевах не маем патрэбы…

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

26 калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”, дзіцячы ансамбль, у якім 140 удзельнікаў, амаль тысяча навучэнцаў школ мастацтваў, канцэртныя гастролі, не раўнуючы, па ўсёй Еўропе, актыўная выдавецкая дзейнасць… Гэта толькі паасобныя штрышкі да карціны культурнага жыцця Стаўбцоўшчыны. А што за імі? Наўрад ці можна іх патлумачыць адно хараством апетых класікамі наднёманскіх краявідаў. Знаёмячыся з культурнай панарамкай краю, спакваля разумееш, што за выдатнымі вынікамі крыецца штодзённая праца, напружаная і творчая. І, вядома ж, адказнае стаўленне да культурных запатрабаванняў людзей мясцовых улад: яно — відавочнае і не вымагае ніякіх адмысловых дыфірамбаў.

Дух спаборніцтва як стымул росту

Сюжэт, знаёмы да зубнога болю: калектыў утвараецца, актыўна рэпеціруе, праз пэўны час атрымлівае званне народнага… А што потым? Куды далей імкнуцца? Урэшце, як засцерагчы культурнае жыццё краю ад застою?

У свой час гэтыя пытанні непакоілі і начальніка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатоля Грэкава. У выніку паўстала цэлая сістэма стымулявання працы мясцовых творцаў. І добрым словам, і, вядома, рублём. Цяпер кіраўнік ансамбля, які стаў лаўрэатам рэспубліканскага альбо міжнароднага конкурсу, цягам наступных трох гадоў атрымлівае падвойны аклад. Творчасць — яна, вядома, не дзеля грошай, але тым не менш…

Напрыканцы мінулага года аддзел культуры вось ужо пятнаццаты раз падаў на старонках раёнкі “Прамень” свой хіт-парад лепшых дарослых і дзіцячых калектываў.

— Мне давялося мець сякое-такое дачыненне да спорту, і таму я разумею важнасць рэйтынгу і спаборніцтва,— тлумачыць сутнасць сваёй задумы Анатоль Васільевіч.

Абудзіць дух спаборніцтва — адна з мэт і традыцыйнай ужо акцыі “Парад лідэраў культуры года”. Вызначэнне адбываецца больш як у трыццаці намінацыях: “Педагог года”, “Віртуоз года”, “Песня года”, “Сенсацыя года”, “Сюрпрыз года”… І кожны з прызоў уручаецца ад імя аднаго з ветэранаў стаўбцоўскай культуры.

— Моладзь часта не памятае сваіх папярэднікаў,— кажа А.Грэкаў,— таму вельмі важна, каб імёны тых, хто калісьці зрабіў важкі ўнёсак у культуру краю, не забываліся, гучалі і пасля адыходу гэтых асоб да вечнасці. Бо ў іх можна і варта вучыцца.

Прызы хай і не надта дарагія, але карысныя ў побыце рэчы: скажам, прас альбо магнітафон. Наважуся прапанаваць ідэю: дапасаваць да іх і які-небудзь сімвалічны артэфакт, кшталту свайго “Оскара”. Але больш даўгавечны за пекарскую скульптуру (пра яе ніжэй).

Не быць ляжачым каменем

Праблема з рэпертуарам, знаёмая многім аматарскім калектывам, для вакальнага ансамбля “Берагіня” не актуальная. Бо амаль усе творы, якія выконваюць а-capellа яго ўдзельніцы, напісаны кіраўніком калектыву Тамарай Барэхавай, дырэктарам Стаўбцоўскай школы мастацтваў.

— Аўтарскі рэпертуар дазваляе нам захоўваць уласнае аблічча, — адказвае яна на маё пытанне, ці запатрабаваны ён публікай. — У нашым выкананні вы не пачуеце агульнавядомых шлягераў — нам ёсць што спяваць і без іх. У перапевах мы патрэбы не маем.

У манеры спевуБерагіні”, як і ў рэпертуары, пераплятаюцца розныя стыліі класіка, і духоўная музыка, і народная, і джаз. А адна з вех яе багатай на падзеі трынаццацігадовай гісторыі — стварэнне гімна (пакуль неафіцыйнага) роднай Стаўбцоўшчыны. У яго тэксце ёсць такія словы: “Мне хапае тут месца пад сонцам і птушыных мелодый уначы…”. І, вядома ж, запатрабаванасць калектыву і яго рэпертуару пацвярджае і тое, што “Берагіня” паспела выступіць у Расіі, на Украіне, у Літве, Францыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, збіраецца ў Славакію.

Уражвае і гастрольны графік вакальнага квартэта “Святлана” (удзельніцы яго першага складу былі цёзкамі, адсюль і назва), утворанага выкладчыцамі Коласаўскай школы мастацтваў. Толькі ў Францыі калектыў пабываў восем разоў!

Скончыўшы чароўны шматгалосны спеў, маладзіцы бяруць у рукі музычныя інструменты ды ўліваюцца ў ансамбль “Славяначка”. Мне было прыемна адчуваць сябе ў ролі слухача дыхтоўна падрыхтаваных — “акадэмізаваных” народных мелодый.

Адзначым і тое, што “Берагіню” са “Святланай” не зблытаеш — нават калі яны выступаюць у праграме аднаго канцэрта. І не толькі таму, што кожны з калектываў мае адмысловыя сцэнічныя строі, хоць пра апошнія варта сказаць асобна. Асабліва ў выпадку са “Славяначкай”, дзе кожны касцюм — непаўторны.

Зрэшты, усе ўбачаныя мною на Стаўбцоўшчыне ансамблі маюць вельмі нават прэзентабельныя касцюмы. А хіба гэта не доказ, не відавочны знак клопату аб культуры мясцовых улад?

— Успрымаюць нас за мяжой папраўдзе выдатна! — кажа дырэктар школы мастацтваў Наталля Кур’яновіч. — У Заходняй Еўропе фальклорныя традыцыі не такія багатыя, як у нас, там самабытнасць народнай музыкі вельмі запатрабавана.

Такая магчымасць выязджаць “у свет” — яшчэ адзін важны стымул для творчага росту і зацікаўленасці самадзейных артыстаў. Сцены роднага ДК, канешне, дапамагаюць, аднак не менш цікава выступаць і па-за імі. Для многіх стаўбцоўскіх калектываў гэта ўжо амаль завядзёнка.

Ці ёсць нейкі сакрэттакой шырокай гастрольнай геаграфіі? Анатоль Васільевіч у адказ пасміхнуўся. Аказваецца, я далёка не першы, хто пытаўся пра гэта.

— Калі ў 1985 годзе я заняў сваю цяперашнюю пасаду, за межы Міншчыны нашы калектывы амаль не выязджалі,— распавядае ён. — І каб змяніць сітуацыю, спатрэбіўся не адзін год працы. Нейкіх адмысловых сакрэтаў тут няма. Проста, трэба самім шукаць партнёраў (у тым ліку, і праз Інтэрнет) і ўмець іх зацікавіць, а не чакаць, пакуль да цябе прыйдзе запрашэнне “зверху”. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Трэба стукаць — табе адчыняць.

Дзякуючы непасрэдным кантактам рэгіянальных работнікаў культуры, калектывы з раёна рэгулярна выступаюць у падмаскоўным горадзе Істра, у літоўскіх Друскеніках, а ў Светлагорскім раёне Калінградскай вобласці пабывалі ажно... 36 разоў.

Натуральна, у фінансаванні гэтых выездаў дапамагаюць мясцовыя ўлады. А як жа інакш? Кожны паспяховы замежны канцэрт не абы-як працуе на імідж Стаўбцоўшчыны і краіны ў цэлым.

Матэрыяльная база дазваляе...

Сама атмасфера ў Стаўбцоўскім гарадскім доме культуры прасякнута прадчуваннем глабальнага абнаўлення — ці, празаічней кажучы, рамонту. Ён даўно наспеў — сёлета будынку спаўняецца ажно паўстагоддзя. І райвыканкам не паскупіўся на сродкі, каб новае аблічча гэтай установы было сучасным ды прыцягальным: плануецца выдаткаваць ажно 850 млн. рублёў.

Але пакуль рыхтуецца правядзенне тэндэра, ДК функцыянуе ў звычайным рэжыме. Па словах дырэктара ўстановы Галіны Азановіч, так працягнецца да самага пачатку будаўнічых работ.

Пакуль жа цэнтр культурнага жыцця раёна знаходзіцца па-за межамі яго адміністрацыйнага цэнтра. Шматлікія фестывалі, буйныя імпрэзы і нярэдкія канцэрты сталічных знакамітасцей ладзяцца не ў саміх Стоўбцах, а ў Старым Свержні.

Балазе, адлегласць ад гарадка да аграгарадка зусім невялікая — нейкія тры з паловай кіламетры. Аншлагі тут, між іншым, збіраюць не толькі поп-зоркі, але і такія калектывы, як “Бяседа” або “Свята”. Ды і старасвержанскім ансамблям, сярод якіх асабліва вылучаюцца “Святліца” і “Нёман”, пашчасціла з пляцоўкай для выступленняў.

Адбываюцца тут і фестывалі, у тым ліку і, бадай, “брэндавы” ўжо форум юных музыкантаў “Сымон-музыка”, які сёлета будзе зладжаны сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Якуба Коласа ўжо ў 19-ы раз, а таксама іншыя фэсты для моладзі — іх на Стаўбцоўшчыне некалькі, і назва кожнага так ці іначай тычыцца Якуба Коласа.

“Сымон-музыка” цяпер, пасля ўпарадкавання фестывальнага руху, мае рэгіянальны статус, хоць удзельнікі збіраюцца з розных куткоў Беларусі, а бывае, што і з-за мяжы. А раз рэгіянальны, дык і разлічваць раён можа толькі на ўласныя сілы і спонсарскую падтрымку. І гэтыя сродкі знаходзяцца, прычым і на тое, каб выдаць прыгожыя буклеты і вырабіць значкі з лагатыпам фестывалю.

Адносна плана платных паслуг дырэктар ЦК Валерый Пугач спакойны: летась ён быў перавыкананы амаль удвая. Матэрыяльная база дазваляе гэтую планку ўтрымліваць.

Цэнтр культуры, збудаваны ў 80-х па адмысловым праекце, не так даўно быў падноўлены і прыхарошаны. І цяпер яго глядзельная зала адпавядае патрабаванням самых капрызлівых зорак: выдатны гук і святло, утульныя крэслы...

А на балюстрадзе фае размясцілася немалая мастацкая галерэя. Дарэчы, упрыгожваць установы культуры карцінамі — гэта яшчэ адна стаўбцоўская навацыя. У краі рэгулярна праходзяць мастацкія пленэры, і тое-сёе са створанага ў гэтых маляўнічых мясцінах, тут і застаецца.

Апрача Палаца культуры, пад адным дахам у гэтым будынку месцяцца таксама і раённы метадычны цэнтр, і бібліятэка, і школа мастацтваў, і нават невялікі музейчык, прысвечаны Вялікай Айчыннай: паўстаў ён амаль паўстагоддзя таму праз рупнасць знакамітага мясцовага настаўніка Івана Шавеля.

Стасункі са старасвержанскай школай у Цэнтра культуры — самыя шчыльныя і цяпер. Ёй ахвотна дапамагаюць і апаратурай, і памяшканнем, і добрымі парадамі, метадычнымі кансультацыямі.

— Яны без нас не могуць, а мы — без іх, — падсумоўвае нашу гаворку мастацкі кіраўнік ЦК Ала Цялеўка. — Бо мы ўвогуле без людзей не можам. Такая ўжо спецыфіка нашай работы.

“Акультурванне” адпачынку

Плануецца, што ў перспектыве музей у Старым Свержні стане філіялам Стаўбцоўскага краязнаўчага. Але пакуль апошні і сам у стадыі станаўлення, хаця фонды музея ўжо налічваюць каля 8 тыс. экспанатаў. У планах — стварэнне яшчэ трох музеяў: каменя, рачулкі Гавязнянкі і маці Янкі Купалы, для якога ўжо закладзены падмурак. Канцэпцыі кожнага з іх, пагадзіцеся, вельмі арыгінальныя. А ў тым, што яны будуць запатрабаваны, сумневу не ўзнікае. Дзякуючы гістарычнаму лёсу і сваёй прыродзе Стаўбцоўшчына прыцягвае процьму турыстаў. І гэта ўлічваюць работнікі культуры. Скажам, аматары адпачынку на знакамітым Высокім беразе будуць мець магчымасць наведаць канцэрт або яшчэ якую цікавую імпрэзу: сумесна з турбазай аддзел культуры задумаў іх цэлы шэраг, што, вядома ж, павялічыць і аб’ём платных паслуг.

Як заахвоціць дзяцей да творчасці?

…Асабліва ў наш век, калі столькі спакуслівых забаў. Гэтае пытанне я не аднойчы задаваў работнікам культуры Стаўбцоўшчыны.

— Шмат што залежыць ад кіраўніка калектыву,— кажа дырэктар Стаўбцоўскай школы мастацтваў Тамара Барэхава. — Калі ён сапраўды любіць сваю справу, сапраўды “гарыць”, іншыя таксама “запальваюцца”. Гэта тычыцца і кіраўніка ўзорнага ансамбля “Жавароначкі”.

Сярод заслуг калектыву — Гран-пры Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Балтыйская муза”, што ладзіцца ў Вільнюсе. Стваральніца “Жавароначкаў” Людміла Канаплянікава-Доўнар родам адсюль, са Стаўбцоўшчыны, і па сканчэнні БДУ культуры і мастацтваў вярнулася працаваць на радзіму. Таму можна лёгка патлумачыць, чаму старадаўнія фальклорныя песні ў вуснах гарадскіх дзяцей не гучаць фальшыва. Больш за тое — праз пяць гадоў пасля свайго стварэння “Жавароначкі” перараслі ў адмысловы клас народных спеваў.

Таксама яго можна назваць і классам фальклору: там вывучаюць не толькі асаблівасці вакалу, але і абрады, танцы, гісторыю — усё комплексна.

“Жавароначкі” не проста спяваюць — яны рыхтуюць, па-сутнасці, сцэнічныя нумары. І многія песні з іх рэпертуару родам менавіта адсюль. Знайсці іх зусім не праблема. Плёнам доўгага супрацоўніцтва аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама і музея Якуба Коласа стала, сярод іншага, і выданне чатырох кніг, што змяшчаюць народныя песні з радзімы класіка. Аматары і даследчыкі ягонай творчасці атрымалі магчымасць глыбей акунуцца ў тую глебу, на якой прарасло коласава слова, а народныя калектывы — чатыры рэпертуарныя зборнікі.

— Спрабуем наладзіць працу з дзецьмі так, каб ім было цікава, — распавядаюць стваральнік і кіраўнік узорнага харэаграфічнага ансамбля “Лявоначкі” Людміла Несцярук і яго балетмайстар Ала Ярмак. — Напрыклад, ставім сюжэтныя нумары: “Шалапутная гаспадынька”, або “Рэха жураўлінае”. Танчыць у нашым ансамблі прэстыжна, і перад тым як патрапіць у асноўны склад, малады танцор тры-чатыры гады “выспявае” у падрыхтоўчай групе.

Усяго ў ансамблі— ажно 140 удзельнікаў! Зважаючы на тое, што насельніцтва Стоўбцаў не нашмат большае за 15 тыс. чалавек, а дзятва тут мае нямала іншых магчымасцей карыснага і творчага баўлення вольнага часу, становіцца зразумелым, што клічнік тут цалкам дарэчы.

Важны фактар такога прэстыжу — актыўная канцэртная дзейнасць, якая, пра што ўжо гаварылася, не абмяжоўваецца сваім раёнам: калектыў пабываў у Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Расіі… Дый выступленні на роднай пляцоўцы заўсёды збіраюць аншлагі. Самім танцорам прыемна паказацца перад сваякамі і сябрукамі на сцэне і ў прыгожых строях.

А вось у мястэчку Коласава, па словах дырэктара Цэнтра культуры Вольгі Самарокаўскай, завабіць дзятву ў ансамблі не так проста, часам трэба і настойлівасць праявіць. Але галоўнае — не апускаць рук. Работнікі культуры ўсведамляюць, што самадзейная творчасць — гэта не толькі ўласна песні і танцы. Гэта таксама і выхаванне. Таму і не шкадуюць высілкаў для “лоўлі душ” — вядома, у добрым сэнсе слова.

У духавым аркестры — здаровы дух

Да Коласава дабіраемся ўжо ў цямрэчы, вузкім гасцінцам праз густы гай. І раптам у навакольнай цішы чуем знаёмую ўсім мелодыю — праўда, у нязвыклай аранжыроўцы. Гэта выкладчык школы мастацтваў Уладзімір Тагарыцкі рэпеціруе са сваім эстрадна-духавым ансамблем незабыўнае “Yesterday”.

Падлеткі граюць чыста. Ловячы іх позіркі, можна было здагадвацца, што хлопцы ўспрымаюць маладога настаўніка як асобу аўтарытэтную — свайго кшталту прыклад, на які можна арыентавацца ў жыцці.

Увогуле, духавая музыка — гэта яшчэ адзін гонар Стаўбцоўшчыны. Яна прадстаўлена ажно васьмю калектывамі, і калі ўсе іх удзельнікі збіраюцца разам на якое свята, атрымліваецца эфектнае шэсце — з паўтары сотні музыкантаў плюс барабаншчыцы-мажарэткі. Каб умацаваць гэтыя традыцыі, у раёне падумваюць пра стварэнне адмысловай школы духавых інструментаў. Конкурс памяці знакамітага стаўбцоўскага духавіка Івана Янкоўскага тут прайшоў ужо дзесяць разоў, і ён, па сутнасці, зусім не рэгіянальны: выканаўцы збіраюцца туды , бадай, з усёй рэспублікі .

Пра маштаб падзеі сведчыць хаця б той факт, што пазалетась удзел у ёй узялі ажно 43 школы мастацтваў! У самім раёне гэтых школ пяць плюс некалькі філіялаў. Больш за сто настаўнікаў вучаць там 920 маладых жыхароў краю.

Педагог з кансерваторскай адукацыяй тут зусім не рэдкасць. Прыкладам, у тым самым Коласаве дыпломы ВНУ мае палова настаўнікаў.

Але якімі б ні былі дыпломы, дырэктар Стаўбцоўскага РМЦ Таццяна Курмышава ведае, што на пачатку самастойнага шляху малады спецыяліст усё адно мае патрэбу ва ўвазе і дапамозе — не толькі метадычнай, але і “маральнай”.

— Мы бяром моладзь пад сваё крыло, дапамагаем уліцца ў культурнае жыццё краю, — распавядае яна. — Для гэтага рэгулярна праводзім Дзень маладога спецыяліста. Часта людзі прыходзяць не толькі з ведамі і кваліфікацыяй, але і з ужо гатовымі сцэнарыямі і напрацоўкамі, тым не менш, дапамога ім усё адно патрэбна.

Бібліятэкар у ролі архівіста Напамінкаў пра даўнія часы ў Стоўбцах засталося зусім небагата, і ў сучасным гарадскім ландшафце іх, бадай, не відаць. Але расповеды бібліятэкаркі Святланы Адамовіч вяртаюць у былое, хоць, на жаль, і незваротнае.

Касцёл Святога Казіміра, які цягам чатырох стагоддзяў здзіўляў усіх сваім хараством, ужо не вернеш — яго дазвання знішчылі ў пяцідзесятым. Ды і Нёман наўрад ці зноў стане вялікай суднаходнай ракой з мноствам прыстаней. Аднак засталася памяць пра тыя часы, падмацаваная пажоўклымі фотаздымкамі.

Скупыя звесткі пра мінуўшчыну краю бібліятэкарцы даводзілася шукаць у мінскіх архівах. Упісьмовых крыніцах не надта багата зафіксавана, ды затое шмат што засталося ў памяці старажылаў, перадаецца з вуснаў у вусны ад бацькі да сына. Прыкладам, расповед пра Вадохрышча на Нёмане, калі з амаль метровай таўшчыні лёду выразалі вялізны крыж, а ваду з ракі можна было без боязі піць…

Нямала адметных эпізодаў утрымліваюць запісаныя С.Адамовіч 35 касет успамінаў.

— Раней асаблівай цікавасці да мінуўшчыны ў жыхароў краю, бадай, не было, — кажа дырэктар Стаўбцоўскай ЦБС Ірына Кулікоўская. — Але цяпер яна абудзілася — дзякуючы шмат у чым энтузіязму Святланы Адамовіч. Людзі самі тэлефануюць, каб распавесці нейкія цікавыя звесткі, перадаць стары фотаздымак.

Цяпер краязнаўчай працай займаюцца практычна ўсе бібліятэкары раёна. Прычым вывучаюць яны не толькі мінуўшчыну сваіх мясцін, але і гісторыю нядаўнюю, савецкага перыяду, і зусім сучасную.

Бо гісторыя, якая не патрапіла ў архіў, мае схільнасць забывацца. І паколькі прафесійных архівістаў на кожную вёску не хопіць, гэтую функцыю бяруць на сябе бібліятэкі. Актыўна выконвае яе аб’яднанне “Стаўбцоўская скарбонка”, якім кіруе Ірына Марцінчык.

Не так даўно да гэтых высокіх мэт далучыўся і прагматычны разлік. Збіральнікі інфармацыі ахвотна дзеляцца ёю з усімі ахвотнымі — за невялікую ўзнагароду.

Цяпер прадпрыемства або гаспадарка раёна можа замовіць бібліятэкарам экскурс ва ўласную гісторыю. А калі трэба, бібліятэчныя работнікі зладзяць для той ці іншай арганізацыі адмысловую вечарыну — свайго кшталту “карпаратыўку”.

Вось вам і два новыя — прычым досыць арыгінальныя — віды платных паслуг.

Прыкупіце кошык на памяць

Камянічка, у якой размешчана Стаўбцоўская бібліятэка, і сама можа лічыцца адным з напамінкаў былога — ёй больш за сто гадоў. З аднаго боку, гэты фактар прыемны, а з другога… Цеснавата ўсё ж! Таму і плануецца, што з цягам часу ўстанова справіць наваселле.

Дзіцячая бібліятэка, якая неўзабаве будзе насіць імя яшчэ аднаго славутага выхадца са Стаўбцоўшчыны — Язэпа Лёсіка, куды прасторнейшая. Знайшлося ў ёй месца і мастацкаму салону, чыя назва “Лада” адсылае да кахання, а не да аднайменнай маркі аўтамабіля. Дзейнічае ён тут ужо восьмы год. Дый не толькі тут, у бібліятэцы. Прадаўцы салона не чакаюць, пакуль да іх прыйдзе пакупнік, а самі выпраўляюцца яму насустрач — на разнастайныя фэсты, проста ў люднае месца. Самы хадавы тавар — кошыкі з сасновай дранкі. Іх можна лічыць фірмовым сувенірам гэтых мясцін, таму як будзеце ў Стоўбцах — ведайце, што прыкупіць на памяць. Мо і ў гаспадарцы спатрэбіцца…

На жаль, у тым салоне не знойдзеш вырабаў Валянціны Уласік. Майстрыха працуе ў такім арыгінальным жанры, як пекарская скульптура, і выкананыя з цеста творы могуць доўга захоўвацца хіба ў выглядзе фотаздымкаў. Ды, не зважаючы на цяжкасці з транспартыроўкай, гэтыя крохкія скульптуры аб’ездзілі палову Еўропы.

Паэзія не менш капрызлівая, і для свайго ўспрыняцця яна вымагае адпаведнай камернай атмасферы. Таму ў дзіцячай бібліятэцы і была створана адмысловая літаратурная гасцёўня — мусіць, самы ўтульны яе куточак. І сустрэчы з паэтамі там ладзяцца рэгулярна.

Па словах Ірыны Кулікоўскай, чытаць у Стоўбцах апошнім часам сталі болей. Прынамсі, людзі часцей звяртаюцца ў бібліятэку. Можа, гэта звязана з тым, што кнігі цяпер нятанныя? А можа, прычына — праца саміх бібліятэкараў?

Метадыст дзіцячай бібліятэкі Ірына Марцінчык распавяла пра дзве цікавыя акцыі, якія рэгулярна ладзяць супрацоўнікі. Першая — гэта экскурсіі па бібліятэцы для першакласнікаў, а другая адпавядае знакамітай прымаўцы пра гару і Магамета: прыхапіўшы самыя цікавыя кніжкі, бібліятэкары выпраўляюцца ў школьныя класы — з надзеяй пасля ўбачыць у сваіх

сценах болей зацікаўленай дзятвы.

…Запытаўся ў Анатоля Грэкава, якая ў яго самая любімая кніга. Той не вагаючыся адказаў: “Новая зямля”. А ў тым, што любоў да кнігі ў Анатоля Васільевіча шчырая, сумнявацца проста грэх. Хіба сабраў бы ён у іншым выпадку вялізную — з паўтысячы асобнікаў — калекцыю выданняў з аўтографамі? І хіба стаў бы займацца зусім, здавалася б, “няпрофільнай” для аддзела культуры выдавецкай дзейнасцю?

За кошт спецрахунку выйшла цэлая серыя паэтычных зборнікаў творцаў, чый лёс злучаны са Стаўбцоўшчынай, — ад Сыракомлі да Уладзіміра Мароза. Не так даўно паўстала і іншая серыя, дакументальная, — “Землякі”. Першая яе кніга ўваскрашае памяць пра знакамітага настаўніка Мікалая Семяняку.Сапраўды, замала ганарыцца землякамі адно на словах…

Вяселле ў творчым “вулеі”

У якасці прыкладу выхаванасці мясцовай моладзі дырэктар Шашкоўскага дома культуры Георгій Кутас прыводзіць… шкляныя дзверы сваёй установы. Маўляў, калі б наведвальнікі дыскатэкі не вылучаліся культурай паводзін, шкло ў тых дзвярах доўга не пратрывала б...

Інтэр’еры ДК досыць сціплыя, і каб давесці іх, а таксама і прылеглую да будынка тэрыторыю, да “аграгарадковага” стандарту, патрэбны яшчэ немалыя сродкі. Але “начынне” гэтых сцен папраўдзе ўражвае: сапраўдны “вулей”, дзе віруе творчасць.

Клас, дзе Ганна Мартыненка праводзіць заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, цалкам можа прэтэндаваць на статус музея. Столькі там розных дзівосных рэчаў! І смешныя істоты з бісеру, і выявы, зробленыя з атласнай стужкі, і плеценыя паясы, і фігуркі з салёнага цеста, і народныя лялькі (адна з іх сумешчана з бутэлькай). Гледзячы на гэтыя вырабы, міжволі задумваешся пра іх камерцыйны патэнцыял на рынку нацыянальных сувеніраў. Прычым згаданыя размаітыя тэхнікі, разам са шматлікімі іншымі, педагог філіяла школы мастацтваў асвоіла сама, а цяпер вучыць ім шашкоўскую дзятву.

У сценах гэтага ДК мяне чакала знаёмства з сапраўднай творчай дынастыяй. Маці цяперашняга дырэктара ДК Ірына Кутас у культуры з 1960 года, і сваю пасаду яе сын атрымаў нібы ў спадчыну. Стаж у яго таксама немалы — пад трыццаць гадоў, як і ў ягонай сястры Веры Калкоўскай, якая займае пасаду мастацкага кіраўніка Усе трое спяваюць у ансамблі “Гарэзы”.

Назве сваёй ён цалкам адпавядае, хаця сярэдні век удзельнікаў ужо немаленькі. Цяпер калектыў актыўна рыхтуецца да традыцыйнага агляду самадзейнасці, які апошнім часам стаў ладзіцца ў раёне менавіта на пачатку года, а не напрыканцы, як было раней. Па словах А.Грэкава, апошняя акалічнасць дазваляе выбраць лепшыя (прычым лепшыя менавіта на сёння) ансамблі для ўдзелу ў фестывалях. Што, вядома ж, яшчэ адзін стымул.

Не супраць трохі пагарэзнічаць і выхаванцы народнай студыі выяўленчага мастацтва “Раніца” — усё ж дзеці ёсць дзеці.

Але творчую атмасферу гэта зусім не парушае. “Раніцу” ведаюць далёка па-за межамі Стаўбцоўшчыны. Пра яе чулі нават у Тайвані і Непалі, не кажучы ўжо пра Еўропу! Толькі летась юныя мастакі ўзялі ўдзел у 36 міжнародных конкурсах. І вельмі часта такі ўдзел прыносіць прызавыя месцы. Таму дыпломы даўно не змяшчаюцца на сценах — іх даводзіцца сціпла складаць у адмысловыя папачкі, якіх назбіралася ўжо шэсць. А сёлета “Раніца” была запрошана прадставіць Беларусь на Венецыянскім фестывалі дзіцячай творчасці.

— У Шашках самыя таленавітыя дзеці! — пераканана стваральніца і кіраўнік студыі Святлана Калкоўская. — І ў кожнага — свой стыль! Ён выпрацоўваецца ўжо на другім годзе навучання. Па творах можна вызначыць характар чалавека, яго ўпадабанні. Хтосьці захапляецца Шышкіным, а хтосьці — Далі. Вельмі важна даць юнаму мастаку свабоду, не абмяжоўваць яго ў жаданні эксперыментаваць. І тады, метадам спроб, гэты індывідуальны стыль выкрышталізоўваецца.

Хто працуе вялікім пэндзлем, хто выпісвае дэталі, хто выкарыстоўвае мастыхін, а хто — нават шпрыц. Усё дазваляецца і вітаецца. Праўда, ёсць у “Раніцы” свае непарушныя правілы: нельга карыстацца Чорным колерам і працаваць у кепскім настроі. А як гэтага настрою пазбегнуць?

— На занятках мы ствараем прыязную, спрыяльную для творчасці атмасферу,— распавядае С.Калкоўская. — У нас заўсёды гучыць прыемная класічная музыка, і гэта дазваляе дзецям адысці ад будзённых клопатаў, забыцца на кепскую адзнаку або яшчэ якую нягоду. Самае галоўнае— ад пачатку прышчапіць юным мастакам добры густ.

Жыццё студыйца насычанае. Гэта і пленэры па ўсёй Беларусі, і замежныя паездкі, і нярэдкія экскурсіі ў сталічны Мастацкі музей.

Перад маленькімі жыхарамі Шашкоў адкрываюцца бясконцыя далягляды. Дадамо яшчэ, што ў “Раніцы” ёсць уласныя святы і традыцыі — напрыклад, пасвячэнне ў мастакі. Студыя становіцца для сваіх выхаванцаў сапраўднай сям’ёй, якую потым не хочацца пакідаць.

Сімвал студыі — смешная лялька па імені Маляваныч. За 17 гадоў існавання “Раніцы” “хлопец” пасталеў, і яго было вырашана ажаніць. Нявеста знайшлася пад бокам — у Шашкоўскай бібліятэцы прыжылася лялька Чытанка. Вяселле зладзілі па ўсіх звычаях. І яно стала чарговым супольным мерапрыемствам студыі і бібліятэкі, у якой дзейнічае літаратурны гурток “Купалінка”. Балазе, дзеці і тут, і там — адны і тыя ж. З настаўнікамі ім пашчасціла — бібліятэкарка Лідзія Мазуркевіч сама мае два паэтычныя зборнікі.

У бібліятэцы дзеці могуць таксама выйсці ў Інтэрнет, паглядзець казкі на падораным райвыканкамам тэлевізары або проста папіць гарбаты ў адмыслова створаным для малечы ўтульным закутку. Ёсць тут адметны занятак і для дарослых — у клубе “Радавод”, дзе цікаўныя людзі не толькі складаюць свае генеалагічныя дрэвы, але і прыдумляюць легенды ўласнага роду, ствараюць свае гербы паводле ўсіх геральдычных правілаў.

…Ці стануць цяперашнія выхаванцы студыі прафесійнымі мастакамі? Некаторыя — так: гэтым шляхам ужо рушаць іх папярэднікі, што працягваюць вучыцца далей. Некаторыя абяруць сабе іншую сцяжыну. Але відавочна, што ніхто з “ранічан”, пасталеўшы, не расквасіць “па п’янцы” шкляныя дзверы ў родным “агмені культуры”...

* * *

Калі ў вас папросяць патлумачыць значэнне слова “імпэт”, не варта корпацца ў слоўніках у пошуках іншамоўных аналагаў.

Можна проста пазнаёміць цікаўнага чалавека з Анатолем Грэкавым.

Атрымаўшы некалі ў колішнім тэатральна-мастацкім інстытуце дыплом рэжысёра, ён шкадаваў, што папрацаваць па спецыяльнасці не давялося. Нават не ведаючы тады, што з часам яму давядзецца рэжысіраваць не спектаклі, а жыццё культуры цэлага краю: паводле ўсіх законаў сцэны, з мноствам пастановачных хадоў і неспадзяванак. Глядач, падобна, задаволены.

Калі слухаешАнатоля Васільевіча, немінуча ўзнікае пытанне: як вам удаецца праводзіць столькі фестываляў або выдаваць кнігі? Адказ на яго нязменны: калі ёсць сапраўдная прага, жаданне нешта зрабіць — задуманае атрымаецца.

У Грэцыі, як вядома, ёсць усё — апрача Грэкава. У Стоўбцах ёсць Грэкаў — і ўсё астатняе там, трэба меркаваць, таксама з часам з’явіцца.

Зрэшты, сам ён не схільны абсалютызаваць сваю ролю рэжысёра:

— Адзін чалавек у арганізацыйнай справе нічога не варты. Працаваць можна толькі камандай! Таму ніколі не ўжываю выраз “я зрабіў”, як “загаворваюцца” некаторыя начальнікі. Не, гэта мы зрабілі, мы дасягнулі!

Сваёю дружнаю грамадою.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.

Мінск — Стаўбцоўскі раён — Мінск