Зусім не залішняя “раскоша”

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Калядаванне па-опернаму: фестываль + конкурс
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі літаральна віруе падзеямі. Паводле традыцыі на Стары Новы год, ужо ў шосты раз, прайшоў “Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры”. За некалькі дзён да яго прэміяй “За духоўнае адраджэнне” быў адзначаны балет “Вітаўт” Вячаслава Кузняцова (дадамо, што спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны былі ўдастоены за апошнія гады практычна ўсе нацыянальныя прэм’еры на Вялікай сцэне тэатра: адраджэнне оперы ХVIII стагоддзя — “Чужое багацце нікому не служыць” Я.Д. Голанда, а таксама ўвасабленне другой рэдакцыі “Сівой легенды” Дзмітрыя Смольскага паводле твора Уладзіміра Караткевіча). Снежань жа прайшоў у тэатры пад знакам V Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму і, у рамках апошняга, І Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.

/i/content/pi/cult/513/11066/7-1.jpg

Спалучэнне фестывалю з конкурсам — звыклая справа. Дый да Каляднага форуму оперны конкурс дадаўся не ўпершыню. Пазалетась такое ўжо практыкавалася, толькі конкурс быў — “чужы”: “Competizione dell’ Opera”, што вандруе па краінах. “Свой” конкурс оперных вакалістаў (ды яшчэ “ў дадатак” да Міжнароднага вакальнага конкурсу імя Ларысы Александроўскай, які ладзіцца раз у некалькі гадоў) — зусім не залішняя “раскоша”. І адзін другому гэтыя спаборніцтвы ніяк не перашкаджаюць. Бо мэты ў іх — розныя. Акрамя адкрыцця новых зорак, чаму бывае прысвечаны кожны конкурс, відавочна, што цяперашні Калядны скіраваны, найперш, на пашырэнне творчых кантактаў тэатра. Пагадзіцеся, калі сённяшнія лаўрэаты стануць сусветна вядомымі зоркамі, яны з большай увагай паставяцца да запрашэння выступіць на нашай сцэне, бо менавіта яна калісьці паспрыяла іх творчай кар’еры. Дый непасрэдна ў час конкурсу ў мастацкага кіраўніцтва нашага і іншых тэатраў была магчымасць “прыгледзець” кагосьці для далейшага супрацоўніцва — тым больш, што трэці тур уяўляў з сябе выкананне сцэны аднаго з тых спектакляў, што ў рэпертуары Беларускай оперы.

Такі папраўдзе “сцэнічны” фінал стаўся не адзінай асаблівасцю конкурсу. Неверагодная колькасць удзельнікаў (амаль 200 вакалістаў!) была выклікана адсутнасцю папярэдняга адбору і даволі простымі ўмовамі першага тура: праспяваць дзве арыі (а ў выніку спыніліся ўвогуле на адной) пад сілу кожнаму маладому салісту ці студэнту профільнай навучальнай установы. Вось усе і кінуліся “заяўляць пра сябе”! Але такі ход быў, пэўна, неабходны для “раскруткі” новага на сусветнай прасторы міжнароднага спаборніцтва, з якім, як у апошні момант высветлілася, супаў па тэрмінах правядзення ўсім добра вядомы Конкурс імя Міхаіла Глінкі ў Маскве. Затое на наш конкурс прыехалі, сярод іншых, многія нашы былыя выхаванцы, якія прадоўжылі і навучанне ў Расіі, дзе пазней і ўладкаваліся.

У першым туры вельмі шкада было журы, шматлікасць членаў якога забяспечвала большую аб’ектыўнасць. Нікога не спыняючы, яны даслухвалі ўсё да апошняй ноты, хаця ўжо першыя гукі некаторых салістаў дазвалялі зразумець, ці варты вакальнай прафесіі сам тэмбр іх голасу. Адабраўшы найбольш прыгожыя ды моцныя “сценабітныя” галасы, надалей журы магло засяродзіцца на прафесійных тонкасцях, бо ў другім туры патрабаваліся дзве кантрасныя арыі — заходнееўрапейская і руская (беларуская).

Неверагодная нагрузка абрынулася на канцэртмайстраў тэатра: у кожнага з іх было па некалькі салістаў, а цалкам оперны рэпертуар патрабаваў такога фартэпіяннага суправаджэння, якое перадавала б усе фарбы аркестра. Таму не будзе перабольшваннем сказаць, што ў Калядным конкурсе спаборнічалі не толькі вакалісты, але і піяністы. Хаця апошнія, на жаль, не ўзнагароджваліся, яны прадэманстравалі відавочную перавагу нашай нацыянальнай фартэпіяннай (і ў тым ліку канцэртмайстарскай) школы.

Трэці тур куды больш за астатнія стаўся, як ні дзіўна, “латарэяй”. Да таго ж, канкурсанты знаходзіліся ў розных “вагавых” катэгорыях. Хтосьці літаральна ўпершыню выходзіў на сцэну не з сольным нумарам ці канцэртнай праграмай, што пастаянна практыкуецца ў час навучання, а ў складзе спектакля. А ў кагосьці за плячыма было з дзесяцігоддзе оперна-тэатральнай дзейнасці, ды яшчэ і неаднаразовы ўдзел у спектаклях нашага тэатра ў якасці запрошанага саліста. Хтосьці абраў не самую яркую сцэну, дзе можна было б напоўніцу выявіць свае магчымасці — не толькі сольныя, але і ансамблевыя, а таксама артыстычныя. Якім бы чуйным ні быў аркестр на чале з Вячаславам Волічам, камусьці не зусім пашанцавала з партнёрам, а камусьці, наадварот, менавіта партнёр і дапамог. Тое, што Гран-пры атрымаў тэнар Раміз Усманаў (Узбекістан), ледзь не цалкам было заслугай нашай Настассі Масквіной. Яна аказалася такой кранальнай, прыцягальнай Мімі, што колькі б Рудольф Усманаў ні круціўся вакол яе пеўнем (і нават сапраўднага “пеўня” пусціў у фінале), агульнае ўражанне ад усяго нумара было вельмі добрае. А вось барытон Лаша Сесіташвілі (Грузія) апынуўся ўсяго на трэцім месцы. На другім — сапрана Валянціна Федзянёва (Украіна).

Сенсацыяй для многіх стала тое, што званне лаўрэата Першай прэміі і спецпрыз журы атрымала “наша Маша” — 22-гадовая студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марыя Шабуня. Піяністка па спецыяльнасці, яна пачала займацца вакалам факультатыўна, у класе Таццяны Цыбульскай, але адразу сталася пераможцай некалькіх замежных конкурсаў. Шчырая, з шырокім кругаглядам і тонкім адчуваннем музычнай выразнасці, пазбаўленая комплексу “носьбіта ўнікальнага голасу” ды ўсякай зорнасці, не абцяжараная ўстаноўкай на “перамогу любой цаной”, яна спявала вельмі натхнёна і асэнсавана, штораз здзіўляючы і рэпертуарам, і свежасцю яго выканання.

Саліст тэатра, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фіналіст нядаўняга расійскага тэлепраекта “Вялікая опера” Ілья Сільчукоў атрымаў заахвочвальную прэмію. Многія здзіўляліся, навошта яму, ужо вядомаму і прызнанаму ў нас і замежжы, было ўвогуле ўдзельнічаць нароўні з пачаткоўцамі, тым больш, што ў конкурсныя дні ён паралельна спяваў у фестывальных спектаклях: Сільвіа ў прэм’еры “Паяцаў”, Ялецкага ў “Пікавай даме”. У гэтым сэнсе тэатр павінен быць яму ўдзячны ўдвая, бо ягоны ўдзел у конкурсе, безумоўна, узняў прэстыж і творчую планку спаборніцтва. Ну а перашкодзіла спеваку хіба адсутнасць эфекту нечаканасці — і, можа, не самы выйгрышны фрагмент з “Яўгенія Анегіна”.

Дайшоў да фіналу і зусім малады саліст тэатра (і адначасова студэнт БДАМ) Павел Пятроў, у прыгажосці голасу якога і добрай вакальнай падрыхтоўцы не сумняваецца ніхто (дарэчы, ён займаецца ў класе народнага артыста Беларусі Пятра Рыдзігера, у якога навучаўся і Сільчукоў).

Асобнай ухвалы заслугоўвае арганізацыя конкурсу. Прытым што ён праходзіў у дні форуму і нагрузка на ўсе тэатральныя службы была ў разы вышэйшай, усё працавала, як гадзіннік. Адна толькі дэталь, якая сведчыць аб прафесіяналізме і неабыякавасці супрацоўнікаў: нягледзячы на паўночны час, СМІ атрымалі прэс-рэлізы з вынікамі конкурсу ды іншай вычарпальнай інфармацыяй літаральна праз дваццаць хвілін пасля пасяджэння журы.

Гала-канцэрт, які вянчаў не адно конкурс, але і ўвесь форум, яшчэ раз пацвердзіў высокі ўзровень не толькі лаўрэатаў, але і ўсіх фіналістаў. Ды ўсё ж шкада, што некаторыя запрошаныя здалёк госці дэманстравалі хіба “былую веліч”.

На фоне конкурснай інтрыгі не сышлі ў цень падзеі ўласна форуму. Праўда, змянілася канцэпцыя апошняга. Калі раней у цэнтры ўвагі аказваліся гасцявыя спектаклі з нешараговай канцэпцыяй, увасобленай праз рэжысуру і дырыжорскае прачытанне, дык цяпер яны цалкам зніклі (наколькі можна зразумець, яшчэ і па фінансавых прычынах). Праграма форуму цалкам складалася з рэпертуарных спектакляў нашага тэатра, але з запрошанымі салістамі. Затое цэнтральнай падзеяй сталіся нашы прэм’еры: вельмі ўдалыя “Паяцы” Р.Леанкавала, вартыя асобнага падрабязнага разгляду ў адным з бліжэйшых нумароў, і куды больш спрэчныя аднаактовыя пастаноўкі ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай.

Манаопера “Капельмайстар” Д.Чымарозы можа лічыцца “міні-бенефісам” артыстычнага Сяргея Лазарэвіча. А вось для “Служанкі-паненкі” Дж.Пергалезі прасторы відавочна не хапала. Улічваючы памеры залы і той прасторы, якую можна назваць сцэнічнай хіба ўмоўна, рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ абмежаваў дзею вялізным ложкам, дзе і разгортваюцца камічныя баталіі паміж Доктарам Убэрта (Дзмітрый Капілаў) і Сярпінай (Алена Сіняўская), да якіх раз-пораз далучаецца маўклівы, ды каларытны Веспоне (Алег Гардынец). Не хвалюйцеся, замест пасцельных сцэн — паўнавартаснае жыццё герояў на тым ложку: яны апранаюцца на ім, змагаюцца, ядуць, топчуць яго ботамі — усё, што заўгодна. Але гэта зусім не сімвал “растаптанага кахання”, як можа камусьці падацца, а ўсяго толькі “вытворчая неабходнасць”: ложак папросту замяняе сабой сцэнічны подыум.

Радуе, што дырыжор Андрэй Іваноў імкнуўся дасягнуць з аркестрантамі стыльнасці выканання. Спевакі пад яго кіраўніцтвам пачалі менш фарсіраваць гук, што супрацьпаказана і для гэтай невялічкай залы, і для опер ХVIII стагоддзя. Але вярнуся да набалелага: камерныя пастаноўкі патрабуюць лепшых сцэнічных умоў. Калі ж тыя ўмовы змяніць немагчыма, дык трэба змяняць пастаноўкі! Бо камерны тэатр заўсёды быў і будзе пазіцыянавацца экперыментальнай пляцоўкай, дзе зусім не абавязкова рабіць усё “па правілах”, падзяляючы прастору на сцэну і залу.

Спектаклі “з гасцямі” былі больш цэласнымі, чым у мінулыя гады, калі кожны з запрошаных салістаў, здаралася, пераносіў рэжысёрскую версію свайго тэатра, з-за чаго вынік нагадваў вядомую басню Івана Крылова пра лебедзя, рака ды шчупака. У “Рыгалета”, якім дырыжыраваў згаданы Андрэй Іваноў, дзесьці зрушыліся тэмпы, дадалося аркестравай тонкасці, а дзесьці — увогуле ўсё “рассыпалася”. Дый украінскі тэнар Уладзіслаў Горай у партыі Герцага ніяк не дадаў спектаклю зачаравання. Затое Рыгалета (наш Уладзімір Громаў) стаў больш двудушным-двуаблічным, ягоныя кпіны з прыдворных — больш з’едлівымі, а пераапрананне-пераўвасабленне з “проста бацькі” ў блазна — абсалютна механічным, як звыклая працоўная будзённасць, што пераставіла некаторыя сэнсавыя адценні.

Папраўдзе зорным быў склад фестывальнай “Пікавай дамы”: Эдуард Мартынюк (Герман), Настасся Масквіна (Ліза), Уладзімір Пятроў (Томскі), згаданы Ілья Сільчукоў (Ялецкі), Аксана Волкава (Паліна і Мілаўзор). Цэнтрам магутнага энергетычнага прыцягнення стала народная артыстка СССР Ірына Багачова (Графіня), якая замяніла захварэлую Алену Абразцову. На жаль, жаданне апошняй праспяваць гэту партыю на нашай сцэне, як тое было ў савецкія дзесяцігоддзі, ужо не здзейсніцца ніколі: днямі свет развітаўся з вялікай салісткай назаўсёды…

Калядны ж оперны форум вернецца праз год — з новымі спектаклямі, гасцямі і, спадзяёмся, фестывальнымі ідэямі.

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА прадастаўлена тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"