І зноў кіно...

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Сяргей СЯЛЬЯНАЎ, кінапрадзюсар, рэжысёр, сцэнарыст, кіраўнік кінакампаніі “СТБ” (Расія):
— Аб’яднанне высілкаў — гэта норма для сённяшніх кінематаграфій. Таму не трэба здзіўляцца, калі да вытворчасці фільмаў маюць дачыненне некалькі краін. Стужка-адкрыццё кінафестывалю “Лістапад” Я не вярнуся”, зробленая ў кааперацыі Расіі, Эстоніі, Беларусі, Казахстана і Фінляндыі, — гэта цалкам у рэчышчы сучасных правілаў вытворчасці. Тым больш, што ад гэтага супрацоўніцтва выйграюць усе.

/i/content/pi/cult/513/11065/6-11.jpg

Фота east-west-festival.ru

У прыватнасці, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” задзейнічала для стужкі сваю базу — натурпляцоўкі, кваліфікаваныя кадры, — і ў гэтым мне не бачыцца нічога заганнага. Расійскі ж бок ініцыяваў стварэнне падобнай карціны, ён адказваў за акцёрскі склад, прадаставіў прадзюсараў, сцэнарыстаў… З боку Фінляндыі мы запрасілі да ўдзелу кампазітара і аператара, рэжысёр Ільмар Рааг і мантажыст Тамбет Тасуя прадстаўлялі Эстонію, зрабіў свой унёсак у стужку і Казахстан…

Прастора гэтая — нашы сувязі. Не трэба, каб яна згортвалася, звужалася. Наадварот, яе належыць пашыраць, развіваць. Асабліва гэта датычыцца сувязей Расіі і Беларусі, калі мы можам аб’ядноўваць рэсурсы для стварэння кіно, тым больш калі тое на карысць эканомікі вашай краіны і адбываецца на ўзаемавыгадных умовах. Што дрэннага ў тым, што кінематаграфісты розных краін здолеюць ажыццявіць свае ідэі?

Сёння капрадукцыя прымае самыя разнастайныя формы. Напрыклад, апошняя карціна, над якой я працаваў, — “Паўабаронца” — гэта плён высілкаў такіх розных краін, як Расія, Францыя, Германія, Уругвай і Аргенціна. Вось якім атрымаўся склад партнёраў трагікамедыі, што выйдзе сёлета.

Прызнацца, і для стужкі “Я не вярнуся” мы таксама маглі паспрабаваць знайсці партнёраў, якія прынеслі б нам большыя выгоды і выхады на рынкі. Але для нас важныя стасункі з суседзямі, у прыярытэце — агульначалавечыя каштоўнасці…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"