"Матор" і пленэр

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Абмен на ўзроўні выставак
Ці трэба казаць пра шырокае культурнае супрацоўніцтва нашага Нацыянальнага мастацкага музея з найбуйнейшымі музеямі замежных дзяржаў: Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Францыі, Ізраіля, Сербіі, Малдовы, Кітая?.. Добрыя сувязі з замежжам усталяваліся і ў іншых музеяў краіны. Тым не менш, пра культурныя ўзаемаадносіны абласных мастацкіх музеяў з іх замежнымі калегамі мы ведаем зусім мала.

/i/content/pi/cult/514/11052/14-2.jpg

І вось Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава дае нам магчымасць даведацца пра гэта. Мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара ўстановы па навуковай рабоце Святлана Строгіна распавяла нам пра сяброўства з Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-мастацкім і прыродным музеем-запаведнікам Васілія Паленава, якое распачалося чатыры гады таму, калі ў культурным Магілёве аднавілася добрая традыцыя правядзення Міжнароднага пленэру па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” на тэрыторыі дзвюх брацкіх краін — Беларусі і Расіі.

І ў гэтым пачынанні вялікая роля дырэктара Паленаўскага музея-запаведніка, заслужанага работніка культуры Расіі, члена Праўлення Фонду вяртання і захавання культурна-гістарычных каштоўнасцей Наталлі Грамолінай. Акрамя ўсяго, яна, можна сказаць, “матор” па ўвекавечанні памяці мастака-перадзвіжніка, аўтара палотнаў “Маскоўскі дворык”, “Хрыстос і грэшніца”, “Замшэлы ставок”, “Бабулін сад”, цыкла “З жыцця Хрыста”…

…За апошнія чатыры гады ў Мастацкім музеі імя Масленікава былі рэалізаваны тры цікавыя “паленаўскія” выставачныя праекты: “Евангельскі цыкл” (работы Васілія Паленава), “Працяг сямейных традыцый” (выстаўка Марыі Ляпінай-Паленавай) і “Лікі Расіі” (графіка Марыі Паленавай).

Першы праект па сваім маштабе, нязвыкласці сюжэтаў і духоўным пасыле аказаўся ўнікальнай з’явай у культурным жыцці Магілёва. Усе 65 карцін экспанававаліся разам, як гэта ў свой час задумваў сам мастак. Яго першапачатковая ідэя прадставілася рэалізаванай толькі дзякуючы сучасным постарам, якія былі раздрукаваны з альбома пражскага выдання 1911 года. Такім чынам, мы атрымалі ўнікальную магчымасць азнаёміцца з усім “Евангельскім цыклам” карцін Паленава, бо сапраўдныя работы разышліся па прыватных калекцыях, а многія рэчы наогул лічацца страчанымі...

“Евангельскі цыкл”, створаны пад уражаннем ад грандыёзнай карціны Аляксандра Іванава “З’яўленне Хрыста народу”, Паленаў лічыў галоўнай работай свайго жыцця, дзе паказаў “сапраўдны вобраз Хрыста”, які “прыйшоў у свет і здзейсніў свой шлях сярод народа”. Вучань мастака — сцэнограф Аляксандр Галавін пісаў: “Жывапіс Паленава — гэта нешта зусім новае на агульным шаравата-тусклым фоне сучаснага мастацтва. Яго эцюды — палясцінскія і егіпецкія — радавалі вока сваёй сакавітасцю, сонечнасцю. Яго палітра зіхацела, і ўжо гэтага было дастаткова, каб запаліць мастацкую моладзь”.

Другая, не менш важная, выстаўка “Працяг сямейных традыцый” — творчыя работы дачкі мастака Марыі Ляпінай-Паленавай (1891 — 1976), жанчыны незвычайнага і нялёгкага лёсу. Выхаванка жаночай Алфёраўскай гімназіі, яна валодала добрымі здольнасцямі, якія развіваў яшчэ з яе дзяцінства знакаміты бацька. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыла ў Францыі, вырабляла лялькі і цацкі, шыла тэатральныя касцюмы. Пахавана на могілках Сэнт-Жэнеўеў дэ Буа, але ў 2007 годзе яе сын перапахаваў прах маці ў Расіі — на могілках у вёсцы Бёхава Тульскай вобласці, дзе на высокім беразе Акі знайшоў вечны спачын і Васілій Паленаў. У тым жа годзе ён падарыў матчыны творы паленаўскаму музею, многія з якіх і экспанаваліся ў Магілёве. Гэта вельмі цікавыя вышыўкі з аплікацыямі і цэлы свет лялечнага тэатра, у тым ліку дэкарацыі да спектакля “Беласнежка і сем гномаў”, калекцыя плоскасных лялек, аб’ёмныя лялькі да сімфанічнай казкі Сяргея Пракоф’ева “Пеця і Воўк”. У асобным раздзеле — чароўныя вышыўкі букетаў кветак і аплікацыі на тканіне. Талент, густ, хараство, пачуццё мастацкай меры — усё гэта характэрна для тых твораў.

Вельмі значным для сяброўства нашых музеяў аказаўся бягучы год. Шырока святкаваліся юбілеі: 170-годдзе з дня нараджэння Васілія Паленава і 100-годдзе з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава. Адпаведна, адбыліся і абменныя выставачныя праекты. Так, 13 кастрычніка ў рамках правядзення навукова-практычнай канферэнцыі “Залатая восень” у расійскім Музеі-запаведніку адкрылася выстаўка жывапісу і сцэнаграфіі Паўла Масленікава пад назвай “Прысвячэнне”. Паленаўскі музей, у сваю чаргу, прадставіў нам экспазіцыю “Лікі Расіі” — графічныя творы мастачкі-партрэтысткі Марыі Аляксееўны Паленавай (1816 — 1895), народжанай Ваяйковай. Яна — маці рускіх жывапісцаў Васілія і Алёны Паленавых. Ейны бацька — Аляксей Ваяйкоў, герой вайны з Напалеонам; маці Вера Ваяйкова (народжаная Львова) выхоўвалася ў сям’і сваёй цёткі Дзякавай, другой жонкі паэта Гаўрылы Дзяржавіна. Талент рысавальшчыцы ў Марыі прачнуўся рана, але ў Акадэмію мастацтваў тады жанчын не прымалі, і таму яна брала прыватныя ўрокі, у тым ліку ў акадэміка Малдаўскага. А потым праз свайго мужа Дзмітрыя Паленава — бацькі вялікага класіка — пазнаёмілася з Карлам Бруловым, Фёдарам Бруні ды іншымі “зоркамі” рускага жывапісу, і дзякуючы сваёй стараннасці ды настойлівасці дасягнула ў мастацтве зайздроснага майстэрства. Рысавала яна цудоўна. Прадстаўленыя ў экспазіцыі яе вобразы-партрэты, зробленыя з касцюміраваных мадэлей, поўныя выразнасці, чысціні і грацыёзнасці: “Няня”, “Сялянка ў вопратцы Аланецкай губерні”, “Дзяўчына з доўгай касой”. Сваёй творчасцю яна паўплывала на дзяцей. Васілій Паленаў, напрыклад, пісаў, што ад маці ён атрымаў у спадчыну любоў да мастацтва, што менавіта яна навучыла яго трымаць аловак
і пэндзаль...

Малюнкі Марыі Аляксееўны Паленавай, зробленыя ў XIX стагоддзі, несумненна, і ў наш час уяўляюць вялікую цікавасць і для прафесіяналаў, і для аматараў мастацтва. Дарэчы, Паленава напісала і сама аформіла кніжку для дзяцей “Лета ў Царскім Сяле”, якая была пяць разоў перадрукавана, а выданне 1892-га праілюстравалі адразу трое мастакоў: Алёна і Васілій Паленавы ды Аляксандр Галавін…

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава