Крытыкам звацца…

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Запрашэнне да дыскусіі: Аляксандр ВЕРГУНОЎ, акцёр
“Румяный критик мой, насмешник толстопузый, / Готовый век трунить над нашей томной музой…” Так пісаў Пушкін. І ён меў рацыю. На стагоддзі. Думаю, вы ўжо зразумелі, што гаворка пойдзе пра пэўнага ўзроўню крытыкаў. Размова — нават жорсткая і бязлітасная ў нечым. Урэшце, тон такі — цалкам адэкватны сучасным крытыкам.

...Я вось мяркую, што набор энцыклапедычных ведаў ніколі яшчэ не вызначаў узровень культуры чалавека, яго інтэлігентнасці. Можна, вядома, скончыць нямала надта прэстыжных ВНУ, няпрофільных факультэтаў, а потым неяк раптам зрабіцца тэатральным крытыкам. Чаму раптам? Што ты зрабіў у тэатры? Але ж так проста прыйсці на нейкі спектакль, адпаведна збольшага асобасных, не баюся сцвярджаць, уражанняў прасякнуцца ды сказаць сабе: маўляў, а я зараз я-а-а-ак выкажуся, я-а-а-ак адрэцэнзую! І глыбока начхаць на тое, што перажываюць, думаюць, укладваюць мастакі ў свой твор. Галоўнае ж, каб артыкульчык рэцэнзійнага кшталту надрукаваць. Я маю рацыю?..

Гэта я пра крытыкаў кажу і да іх звяртаюся. Ведаю крытыкаў, якія вучыліся справе тэатральнай, вучыліся вельмі годна. Таму з імі можна гутарыць на адной, зразумелай мове, паспрачацца, паразбіраць, павысвятляць пазіцыі, погляды на тую або іншую праблему, узнятую аўтарам, разгорнутую рэжысёрам, пацверджаную акцёрамі... Паразважаць, урэшце, пра каштоўнасць тэмы, спектакля...

Але і крытыкаў такіх, якія думаюць, з культурай, інтэлігентнасцю, мабыць, назаву няшмат. Паважаю я іх. Хоць і не заўсёды прымаю. Але — паважаю. І, як высвятляецца ў гутарках унутрытэатральных, не я адзін. Але ж адкуль бяруцца гэтыя нібыта крытыкі-журналісты, што касяком пайшлі пісаць пра тэатр?!. Хто дае ім маральнае права судзіць пра тэатр?! З іх адукацыяй — тым больш. Скажам, ты гісторык — дык займіся гісторыяй краіны! І яна табе дзякуй скажа!

Я зусім не супраць прысутнасці адрозных меркаванняў. Але, як той казаў, і жук, і жаба пруцца казаць, разважаць пра тэатр. Больш за тое: яшчэ і меркаванне сваё спрабуюць навязаць як правільнае, як, прабачце, пісьменнае... Смутак бярэ ад такіх выпадкаў. Прэса, вядучыя тэлеканалы, ці не сорамна вам падтрымліваць такі не тое, каб непрафесійны, а часам нават антыпрафесійны падыход?

Некалі служыў я ў тэатры лялек. Надзвычай цікавым тады тэатры, вельмі творчым, рухомым. І, што радавала, крытыкаў было вельмі мала. І не надта спяшаліся яны да нас, не асабліва да лялечнікаў наведваліся. Але тыя, што бывалі... Мы, памятаю, моцна хваляваліся з нагоды іх візітаў на спектаклі, асабліва адносна адной — вельмі і вельмі паважанага крытыка. Але хваляванне тое было правільным, бо яна тут жа рабіла вельмі прафесійны разбор спектакля. Калі давала парады, то дакладныя, не крыўдныя, скіраваныя на развіццё, паляпшэнне спектакля, ролі. Карацей, дарагога гэтыя візіты каштавалі.

Потым служыў я на эстрадзе. У адзіным у краіне тэатры сатыры і гумару “Хрыстафор”. Мабыць, поспех гэтага тэатра сярод насельніцтва не толькі нашай краіны, яго незалежнасць і эстраднасць не дазвалялі тым жа крытыкам “апусціцца” да рэцэнзавання нашых вясёлых спектакляў. Апладысменты гледачоў і аншлагі сталі нашымі адзінымі крытыкамі. А тыя, што да “вялікага і глыбокага” мастацтва далучаны, неяк не дабрыдалі да эстрады. Акрамя, хіба, тых выпадкаў, калі ўжо зусім няма пра што пісаць было. Выйсце: традыцыйна палаяць “Хрыстафор”. Прычым, што цікава, у шматлікіх пытаўся: маўляў, а што не спадабалася? Адводзілі вочы, казалі “наогул”. Пытаўся, які апошні спектакль наведалі. Высвятлялася, што сія-тыя і зусім не былі... Але тэатр заўважны, значыць, "куснуць" можна.

Часам мяне нават наведвае дзікая думка: а можа, гэта спецыяльна робіцца? Такія дробныя герастрацікі... Цяперашнія. Наколькі шмат іх у прэсе, на ТБ. Сярод асноўных іх якасцей бачу дзве: надзвычай амбіцыйныя яны і злыя. Многія з іх, як мне бачыцца, проста “прыстроіліся”. Ім лянота, няма калі тэму вывучыць. Затое як мага хутчэй ды больш пазлаваць трэба, а то чытаць не стануць.

Непісьменнасць, нахрапістасць, нахабства і безапеляцыйнасць цяперашніх выпускнікоў-журналістаў, якія думаюць, што ім дазволена ўсё: пісаць, не спытаўшы ні пра што, публічна абмяркоўваць і асуджаць, не даводзячы нават да ведама, з тэлеэкранаў несці лухту, у тым ліку і пра мяне... Дастала, калі шчыра, такая непрабіўнасць, звышупэўненасць у прафесійнай беспакаранасці. Але — вядома, ёсць вельмі таленавітыя, адораныя маладыя людзі, ім нават па-добраму зайздросціш. Я іншым разам нават ганаруся, што працаваў з імі, што знаёмы проста... У большасці сваёй, праўда, прыгадваю выхадцаў з колішняй тэлекампаніі “Око”. Урэшце, і не толькі. Але трапляюцца чамусьці нават мярзотнікі. Мо яны ў нечым больш прыкметныя, іх, пэўна, лепш відаць, яны робяць надвор’е.

Чаму я так “зрываюся”? Можа, проста таму, што сам не цярплю няякаснага стаўлення да прафесіі, да людзей... Адкрытых, так, люблю, калі чалавек і не хавае, што яшчэ толькі набірае прафесійную вагу. Такому заўсёды дапамагу, такога падтрымаю, дапамагаючы... Але ж хамам — толькі бой! Не варта забывацца, што мы працуем, судакранаемся з самай тонкай субстанцыяй чалавека — з Душой. Тут вельмі асцярожным, далікатным трэба быць... Любы промах, а тым больш, калі гэты промах паўтараецца, павінен бязлітасна спыняцца. Ведаеце, я праз дзве-тры праявы некампетэнтнасці паразважаў бы над дасведчанасцю тых, хто сам вырашыў “крытыкам звацца”. Мо і максімалістычна, але гэта — мая пазіцыя.

Вось яшчэ што здзіўляе і засмучае адначасова. Усе цяперашнія праблемы, выказаныя мной, узнікаюць не проста так. Крытыкаў жа, журналістаў вучаць. Прычым выкладаюць ім прафесіяналы найвышэйшага класа. Потым маладняк бяруць на працу. Прычым бяруць, зноў-такі, паважаныя прафесіяналы. Іх друкуюць, не турбуючыся нават правяраць матэрыялы... Ізноў жа, старэйшыя профі. І вось ці не праз такое, паўтаруся, адчуванне магчымасці хлястаць наводмаш навічкі пачынаюць раздзімацца, хаміць. І грэбаваць самым галоўным — прафесіяй. А ўсе, пра каго пішуць гэтыя наваяўленыя журналісты, разумеючы, што нічога зрабіць не змогуць, нават не спрабуюць запярэчыць.

Ведаеце, на флоце ёсць паняцце “салага”, у войску — “дух”, у тэатры малады акцёр не адзін кіламетр пройдзе па сцэне, пакуль не ўстане на ногі ў прафесіі. І вось ён становіцца, ён ідзе. Але поруч мы бачым і гэтых “румяных”, толькі што выпушчаных "крытыкаў", якія, як яны думаюць, могуць дазволіць сабе ўсё. Да чаго я гэта? Да таго, што бачу: запрашэнне да дыялога ці іншыя формы зносін імі не прымаюцца. І пачынаецца што?.. Так, “варэнне ва ўласным соку”. А чаму я, урэшце, павінен толькі слухаць іх, толькі чытаць моўчкі іх “тварэнні” і не мець права сказаць у адказ? Чаму няма ў выданнях цяперашніх магчымасці дыялога? І як вырашаць пытанні? У які фармат пераводзіць дыскусію? Якое пакінуць за сабой права ў адказ?

Ну, і анекдот напрыканцы. Для разрадкі, так бы мовіць, атмасферы. Рэдактар кажа крытыку: “А вы сваю рэцэнзію ўжо паказвалі каму-небудзь?” — “Не, а што?” — “Ну... Проста ў вас вока падбітае”.

Фота Юрыя ІВАНОВА