Дык чым натхняліся?

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Неяк меў я гаворку з чалавекам, які ў савецкі час навучаўся кіназнаўству ў славутым ВГИКу. Практыку разам з іншымі студэнтамі сцэнарна-кіназнаўчага факультэта ён праходзіў у часопісе “Советский экран”. Практыкантам даручалася працаваць з лістамі чытачоў. А лісты, паводле слоў майго суразмоўцы, часта былі прыблізна наступнага зместу. Вось герой фільма атрымаў ліст ад сваёй любай, усхваляваўся, адразу кінуўся на вакзал — і паляцеў на крылах кахання ў іншы канец краіны...

/i/content/pi/cult/513/11046/4-28.jpgУсё гэта вельмі рамантычна і выціскае слязу, пісалі гледачы, але як жа прапіска-выпіска, звальненне з работы на падставе заявы, якая мусіць быць пададзена за два тыдні, зняцце з ваеннага ўліку? Не можа савецкі чалавек, як яму гэта ні карцела б, сарвацца з месца, не выканаўшы тых або іншых адміністрацыйных працэдур. Бо інакш ён рызыкуе нарвацца на вялікія непрыемнасці, а людзі ў большасці сваёй — нармальныя прагматыкі і ніякія не мазахісты, што на сваю галаву прыгод шукаюць. Фактычна чытачы цытавалі Станіслаўскага, ягонае славутае “Не веру!”, бо іхні ўласны досвед не стасоўваўся з пабачаным на экране.

Гэтую даўнюю размову я згадаў, паглядзеўшы “Белыя Росы. Вяртанне”: Беларусь, намаляваная на экране, і Беларусь, якую я ведаю, у маёй свядомасці не сумяшчаюцца.

Сюжэт фільма — прасоўванне замежным інвестарам праекта пабудовы недзе ў маляўнічых мясцінах нашай краіны (нават калі гэта не Нарачанскі край, Браслаўшчына, Бярэзінскі запаведнік) гэткага Лас-Вегаса. Каб здзейсніць задуманае, замежнаму багацею трэба дамагчыся згоды мясцовага начальства ўзроўню старшыні сельсавета і некалькіх сталага веку жыхароў вёскі, што фактычна памерла, а яны тут усё жывуць і нікуды з’язджаць не хочуць. Прычым інтарэсы замежнікаў чамусьці прадстаўляюць дзялкі (мяркуючы па паводзінах у кадры) мясцовага гатунку, якіх буйны бізнесмен, сябе паважаючы ды імідж свой шануючы, нават на парог не пусціць.

Умоўна адмоўныя героі фільма дзейнічаюць нахрапам, наскокам. Тое, што яны робяць, падпадае пад вызначэнне “рэйдарскі захоп”. І той “захоп” — не з нашай рэчаіснасці з’ява. У Беларусі падобны праект мусіў бы прайсці сур’ёзную экспертызу, потым — атрымаць згоду уладных структур, пасля чаго ўсе арганізацыйныя моманты былі б вырашаны законным шляхам. У нас — так. Можа, у Расіі, на паказ у якой, падаецца, больш разлічаны фільм, інакш? Але, мяркую, што і там завядзёнка аналагічная, калі закрануты інтарэсы дзяржавы. Ізноў жа, не зразумела, навошта будаваць “Лас-Вегас” у запаведніку і такім чынам знішчаць апошні, калі разумнае выкарыстанне некранутай прыроды можа быць вельмі выгаднай, грашовай справай. “Лас-Вегас” лепш ставіць там, дзе ўжо ёсць прыстойная транспартная інфраструктура ды інфармацыйныя камунікацыі.

У штучных варунках, прыдуманых аўтарамі карціны, людзі атрымаліся ненатуральнымі, схематычнымі, а ўчынкі іхнія пазбаўлены як псіхалагічнай, так і побытавай матывацыі. У мяне склалася ўражанне, што стваральнікі фільма не вывучалі беларускага матэрыялу, а “натхняліся” расійскімі серыяламі, адкуль і “настрыглі” не толькі саміх персанажаў, але і іх тыпажы. Стужку маглі б уратаваць задзейнічаныя ў ёй выдатныя майстры Віктар Манаеў і Юозас Будрайціс. Але Манаеву пры ўсёй сацыяльнасці яго вобразу відавочна зададзена стварыць камічны эфект, а Будрайцісу сцэнарый не дае магчымасці выявіць патэнцыял (прытым, што ён, бадай, адзіны з выканаўцаў, якому безумоўна верыш). Ягоны герой — асоба, чалавек ад зямлі, і ён не кіне сваю хату, бо над мёртвай хатай не збудуе гняздо бусел. І гэта не прыхамаць нейкая, а жыццёвая пазіцыя.

Ды ўсё ж многія, стомленыя ад побытавай руціны ды тэлевізійных “стралялак”, з задавальненнем паглядзяць гэтую казку для дарослых з хэпі-эндам. А тое, што я суб'ектыўна пазначыў як недахопы, спішуць на спецыфіку кінамовы… Мо так і не заўважаць...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"