Як расказаць пра “сваё”…

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Бацька і дачка Кудрэвічы: лёсы дынастыі мастакоў
Сёння мы са смуткам канстатуем, што знікае мастацкая крытыка, разбураецца інстытут прафесійнага рэцэнзавання, днём з агнём не адшукаеш аналітыкаў, здольных даць аб’ектыўную ацэнку з’яў выяўленчай культуры, асабліва — даўно мінулых. Мы не дапытлівыя, нам малацікавыя тыя, хто жыў і тварыў да нас, асабліва тыя, хто не ўпісваецца ў рамкі сённяшніх ацэнак мінулага. Скажам, мастацтва сацрэалізму, якое мы выплюхнулі “разам з дзіцем” — з яго набыткамі, што дасягаліся творцамі, наперакор прынятым у тыя часы стандартам, шаблонам і штампам. Хто сёння, скажам, ведае заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, жывапісца Уладзіміра Мікалаевіча Кудрэвіча? Адзінкі. Ну, з яго дачкой Раісай Уладзіміраўнай справы значна лепшыя: яе імя ўпісана ў скрыжалі беларускага жывапісу. І некалькі гадоў таму на доме па вуліцы Кісялёва, дзе яна жыла, была ўсталявана мемарыяльная дошка. Усё правільна, усё справядліва. Шкада, канешне ж, што ганаровае званне народнага мастака Беларусі Раіса Кудрэвіч атрымала за год да смерці, ва ўзросце 80 гадоў: яна яго заслужыла значна раней… Ну, хаця б так…

/i/content/pi/cult/512/11043/15-1.jpgКажуць, мастак пачынаецца з любові да роднага краю, які зачараваў яго шчабятаннем птушак, шапаценнем ветру, шолахам дажджу, водарам кветак… Я дапоўню: мастак стварае, пакуль любіць зямлю, што нарадзіла яго. Раіса Кудрэвіч і ёсць такі мастак. Родная Беларусь заўсёды была ў яе сэрцы. Ужо чатырнаццаць гадоў, як няма з намі Раісы Уладзіміраўны… Але ейны шчыры голас і сёння нагадвае нам аб чымсьці важным ды дарагім, што трэба вельмі цаніць у нашым няпростым жыцці…

Я некалькі разоў бываў у яе ў майстэрні на вуліцы Дзімітрава, дзе яна працавала разам з мужам, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР Адольфам Самойлавічам Гугелем, таксама вядомым беларускім жывапісцам. Дарэчы, налета — 100 гадоў з дня яго нараджэння. Дык вось, калі я заходзіў у тую майстэрню, то адразу трапляў у атмасферу ветлівасці гаспадыні, а потым — у стыхію фарбаў…

Па дамоўленасці яна гэтым разам мяне чакала, каб паказаць галоўным чынам “лёгкія” жанры — свае пейзажы і нацюрморты (я якраз рыхтаваў альбом), і таму загадзя расставіла палотны ля сцен. Ранейшыя фігуратыўныя карціны 1950 — 60-х, якія яна малявала адна ці разам з мужам,  мне былі знаёмыя, а вось пейзажы ды нацюрморты былі ў навінку, як і некаторыя партрэты. Праўда, на мальберце стаяла не зусім закончаная карціна “Дачкам Айчыны прысвячаецца” — пра ваенных гераічных дзяўчат-лётчыц, якая мяне вельмі ўразіла. Я тады падумаў: разам з больш ранняй работай “Вясна. 1945 год” будзе цудоўны своеасаблівы дыптых пра нашых жанчын, якія нароўні з мужчынамі мужна абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай…

Скажу адразу: у тыя часы (1970-я) адносіны з мастачкай у мяне заўсёды былі даволі роўныя, яна, так бы мовіць, не ўваходзіла ў маё “бліжэйшае акружэнне”, таксама, як і Гугель. Тут і розніца ва ўзросце штосьці значыла, дый да некаторых яе шматфігурных карцін, асабліва гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыкі, я ўжо тады ставіўся з пэўным скепсісам, лічачы іх больш-менш удалымі жывапіснымі ілюстрацыямі да адпаведных з’яў. Праўда, такія рэчы яна рабіла разам з мужам, і хто тут быў вядучым, а хто вядзёным — цяжка сказаць. Хаця ўсё ж, мабыць, — Адольф Самойлавіч. Таму што практычна ўсе яе “самастойныя” палотны, прысвечаныя, скажам, моладзі, любові, радасці жыцця, рэзка адрозніваліся ад заказных — на “сацыяльна значную тэму”. Вобразы і колеры ў ейных паэтычных, хай і асабліва жанравых, “бытавых” палотнах — гэта і тонкая лірыка, і ціхая напеўнасць, і пяшчотныя акорды пачуццяў. Яны — сэнс формы твораў, яны — іх мова ў гутарцы з гледачом. Так — ва ўсіх лепшых жывапісных апавяданнях мастачкі.

І асабліва гэта тычыцца яе пейзажаў ды нацюрмортаў. Мастацтва ейнага жывапісу ў нечым блізкае паэтычным радкам — мабыць, дзякуючы лаканічнасці і выразнасці думкі, майстэрству выказацца сцісла і вобразна. Палотны, напрыклад, аб вясне — “Разліў на Прыпяці”, “Вясна ў Пільніцы”, “Узгоркі Лепельшчыны” — нагадвалі цудоўныя, здзіўлена-радасныя купалаўскія вершы: “…Чуецца музыка дзіўная ў повесцях сонных імшараў… Цешыцца явар з калінаю, скінуўшы зімнія чары…”. Дарэчы, паэзію Купалы яна ведала дасканала і магла цытаваць яе гадзінамі…

/i/content/pi/cult/512/11043/15-2.jpg

Зараз прынята як бы трошкі лаяць памерлы сацрэалізм, пра што я намякнуў вышэй, а значыць, і тых, хто быў яго адэптамі. Хаця, па вялікім рахунку, большасць беларускіх мастакоў у пасляваенныя гады ў гэтых адносінах без страху і сумневаў ішла ў адной ідэалагічнай каляіне. А тыя, хто спрабаваў зрабіць крок убок, трапілі ў кагорту “фармалістаў” ды “левакоў”. Але такіх у тыя часы было зусім няшмат: “клявалі” Яўгена Красоўскага (дарэчы, суседа Гугеля і Кудрэвіч па майстэрні на вуліцы Дзімітрава), Мікалая Тарасікава, Ізраіля Басава, маладых Альгерда Малішэўскага, Леаніда Шчамялёва.

Цікава, ці ўспамінала Раіса Уладзіміраўна цудоўную карціну свайго бацькі Уладзіміра Мікалаевіча Кудрэвіча “Раніца вясны” 1924 года? Гэтае пытанне я тады задаў мастачцы. Канешне ж, згадвала. Калі ёй было ўсяго шэсць, карціна з’явілася на Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы. Спачатку ўсё ішло як бы нармальна. Карціну прынялі на ўра… Затое потым… Ох, хапіла аўтару ад крытыкі за “буржуазны імпрэсіянізм” у гэтым палатне! Тады, у 1930-я, усякія там “імпрэсіяністы”, “фавісты”, “сезаністы”, “кубісты” ўспрымаліся “перадавой савецкай крытыкай” самі ведаеце, як. І няшчаснаму мастаку, які да самазабыцця любіў Манэ, Сіслея, Сіньяка, Сезана, Марке, давялося перакваліфікавацца на “індустрыяльныя” пейзажы, адпаведныя новаму сацыялістычнаму вобразу жыцця, ды пісаць эскаватары на асушцы балот, паглыбленне Арэсы, баржы на Сожы, сталеліцейныя і коксахімічныя заводы… Праўда, пасля вайны ён цалкам перайшоў на лірычны пейзаж, без усялякіх там індустрыяльных прыкмет.

Раіса Кудрэвіч, як і Гугель, “крок убок” не рабіла і да канца жыцця пранесла веру ў той рэалізм, як яна яго разумела. І як разумеў ейны тата, асабліва пасля крытыкі той самай работы, бо ў 1930 — 40-я гады ён, паўтаруся, цалкам пазбавіўся ўплыву імпрэсіянізму. А між тым карціна “Раніца вясны” (яе яшчэ называлі “Бярозкі”) засталася залатым зліткам не толькі ў ягонай творчасці. Я і зараз лічу яе адной з лепшых работ у пейзажным жывапісе Беларусі наогул.

Дык вось, думаю, што менавіта ў жанрах пейзажа і нацюрморта Раіса Уладзіміраўна ішла па шляху бацькі, у яго лепшых праявах. А што да карцін, то з-пад яе пэндзля з’явіліся таксама некаторыя моцныя палотны, якія і сёння глядзяцца свежа ды прыцягальна, асабліва на фоне мудрагелістых завертонаў некаторых сучасных постмадэрністаў ды канцэптуалістаў. І тут ужо тэрмін “сацрэалізм” нібыта не мае дачынення да мастачкі…

Яе творчасць — гэта гуманізм, з яго высокім натхненнем і чысцінёй душы, з яго чуласцю да дабра і гора. Канешне, з часу заканчэння знакамітага Віцебскага мастацкага вучылішча (у 1941 годзе), ейная творчасць змянялася і тэматычна, і стылістычна: яна пісала і фігуратыўныя карціны пра вайну ды жыццё сялянскай моладзі, і пейзажы, і нацюрморты, займалася графікай… Але мастакоўская душа па сваёй дабрыні, шчырасці, чалавечнасці заставалася нязменнай на працягу ўсяго жыцця творцы. Старыя горцы вучылі Расула Гамзатава: “Аб усім могуць расказаць толькі ўсе. А ты раскажы аб сваім, тады і атрымаецца ўсё…”. Вось Раіса Кудрэвіч і расказала “ўсё” ў сваіх карцінах, яскравых нацюрмортах ды “ціхіх” пейзажах: пра цудоўную прыроду Радзімы, пра добрых і прыгожых людзей, якія жывуць на цёплай зямлі Беларусі…

Неяк я спытаў Раісу Уладзіміраўну, чаму менавіта нацюрморт і пейзаж займаюць у ейнай творчасці амаль такое ж месца, як і фігуратыўная карціна, на што яна адказала (запіс захаваўся ў маім старэнькім блакноце): “Я лічу, што ў гэтых жанрах, у гэтых кавалачках жыцця можна перадаць амаль усё: настрой чалавека, свет яго пачуццяў, каханне, радасць, журбу… Ім уласцівая асаблівая эмацыйнасць, гнуткасць пластычных сродкаў, інтымная размова аб прыгажосці ўсяго, што нас акружае. Асэнсаванне простых рэчаў як часцінак рэчаіснасці робіць для мяне гэтыя жанры абвостранай гутаркі з жывой натурай надзвычай змястоўнымі”. І сапраўды, у яе сціплых палотнах прысутнічае чалавек — з яго думкамі, з яго буднямі ды святамі. Яна ўмела “ўпісаць” у кампазіцыю, скажам, нацюрморта, свайго лірычнага героя. А герой гэты — сама мастачка, і глядач — таксама, які самастойна актыўна “дапісвае” карціну ў сваёй фантазіі. А як жа інакш? Падкрэслю, што спакойны, стрыманы настрой такіх работ мастачкі ідэальна адпавядаў ейнаму характару, схільнаму да роздуму. Для яе ў мастацтве было галоўным — убачыць незвычайнае ў звычайным. Насычаныя гучныя фарбы, дэкаратыўнасць, прыўзнятасць, святочнасць — адметныя рысы ейнай выяўленчай палітры...

(Працяг артыкула чытайце ў №№ 51 і 52 за 2014 год.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"