Ключы да замкаў

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Што засталося ад муроў Браслаўшчыны?..
Цяпер ад былых замкаў Браслаўшчыны не тое, што слядоў не засталося, але нават пісьмовых крыніц — нязначная колькасць, таму характарызаваць колішнія абарончыя ды жылыя ўмацаванні можна хіба толькі па археалагічных матэрыялах. Так, рэшткі пабудоў на Замкавай гары ў Браславе захаваліся ў выглядзе перапаленых бярвенняў і ям, у Дрысвятах — як фрагмент глінянай падлогі ды каменнага падмурка. Але малыя плошчы раскапаных замкавых тэрыторый не дазваляюць нават гіпатэтычна рэканструяваць унутраную планіроўку. У справе аднаўлення замкаў цяпер і гісторыкі часам фантазіруюць...

/i/content/pi/cult/512/11042/14-3.jpg

Човен, шахматы і косці

Культурныя напластаванні XIV — XVIII стст. на Замкавай гары ў Браславе, на замчышчах у Дрысвятах і Іказні, на “Усці” ў Друі маюць таўшчыню ў сярэднім да 1,5 метра. Яны моцна перамяшаны з будаўнічым друзам (каменне, бітая цэгла, гліна, вапна). Гэта сведчыць пра больш інтэнсіўнае будаўніцтва — драўлянае і мураванае — ды жыццё на замкавых тэрыторыях у познім Сярэднявеччы і новыя часы, у адрозненне ад перыяду ХІ — ХІІІ стагоддзяў.

Пра больш высокі ўзровень хатняга побыту Іказнеўскага замка сведчыць знойдзены двухзубы відэлец, якім пераважна елі рыбу. Рыбалоўства ж на тэрыторыі Браслаўскага Паазер’я было распаўсюджана спрадвеку. У 1990-я пад час падводных даследаванняў возера Іказнь быў знойдзены човен — “дубіца”. Гэта мясцовая назва чоўна, выдзеўбанага з вялікай асіны. З калоды рабілі ўнутраную частку з дапамогай сякеры і цяслы, іншым разам выпальвалі агнём. Каб човен трымаўся на вадзе, з двух бакоў прымацоўвалі “крылы” з дошак.

Жыхары замкаў любілі гульні: у Браславе гулялі ў косці, у Дрысвятах — у шахматы (XV — XVI стагоддзяў).

Дзяржаўныя і прыватныя

Усе замкі былі драўляныя, толькі Іказнеўскі — каменны. Апошні адносіўся да прыватнай уласнасці, як і Друйскі. Замкі ў Браславе і Дрысвятах з’яўляліся дзяржаўнымі, калі казаць сучаснай мовай. Абслугоўваліся яны насельніцтвам. Адказнасць за стан Браслаўскага замка нёс мясцовы стараста (дзяржаўца), у распараджэнні якога былі значныя тэрыторыі Браслава. Жыхары староства абавязваліся адпрацоўваць пэўную колькасць дзён па рамонце, аднаўленні замкавых умацаванняў.

Астраўны замак у Дрысвятах абслугоўваўся комплексам мясцовых гаспадарак, вядомым пад назвай “Дрысвяцкі ключ”. Значнасць дрысвяцкіх умацаванняў у тым, што замак і “…Ключ” падпарадкоўваліся віленскім ваяводам. У 1789-м комплекс перастаў быць дзяржаўным уладаннем і перададзены Каралю Радзівілу, а праз дзесяцігоддзе ён перайшоў у маёмасць да Міхала Клеафаса Агінскага… Праз чатыры гады той прадаў яго за 2 мільёны 100 тысяч злотых Яну Лапацінскаму...

Ірына САКАЛОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў

Працяг артыкула чыытайце ў №№ 50 за 2014 год і 2 за 2015 год.