Стагоддзе і год

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

4 снежня — 101 год з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры БССР, народнай артысткі БССР Марыны Бяльзацкай. Год не юбілейны, але нам, яе вучням, памяць пра гэтага чалавека дарагая незалежна ад даты. Бо не толькі педагогам па харэаграфіі стала Марына Мікалаеўна для нас, але і — нашым Настаўнікам…

/i/content/pi/cult/512/11040/14-1.jpg

Марына Бяльзацкая з удзельнікамі ансамбля.

Для мяне ж асабіста Марына Мікалаеўна стала хроснай у прафесіі. Яе прыклад адданасці справе натхняў і цяпер прымушае шмат ды ўпарта працаваць над сабой, з якой бы сферай ні сутыкалася.

Чаму хочацца пісаць пра яе цяпер? Напэўна, таму, што мы самі сталі бацькамі, а многія з нашага пакалення ўжо бабулі ды дзядулі. Таму і спрабуем знайсці для дзяцей ды ўнукаў тых педагогаў, якія не проста даюць веды, а яшчэ і неабыякавыя да самога дзіцяці. І ўзорам тут служыць вобраз Марыны Бяльзацкай. Яна вучыла зносінам, раскрываючы, у чым сакрэт адносін паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, што такое дружба наогул, вучыла, як варта ставіцца да старэйшага пакалення, урэшце, даступна, без настаўленняў, тлумачыла, што такое Радзіма, Подзвіг. Усё гэта было пацверджана ў яе пастаноўках: мы яшчэ і пратанцоўвалі ўсе гэтыя паняцці ды сэнсы, перажывалі іх на сцэне. Назвы сюіт — “Памятай равеснік, маршы Айчыны”, “З чаго пачынаецца Радзіма...”… Гэтак, праз харэаграфію, мы разумелі, што жывём у вялікай і дружнай краіне.

Марына Мікалаеўна стала для нас выхавальнікам, ідэолагам, настаўнікам. Мо па гэтай прычыне бадай кожны з нас употайкі думаў, што яна любіць менавіта яго, а не кагосьці іншага, — такая вялікая была яе любоў да дзяцей і справы. Дарэчы, наш педагог ніколі не дзяліла дзяцей на добрых і дрэнных, на таленавітых і няздарных, не цікавілася становішчам бацькоў. Ёй было важна ўбачыць у кожным дзіцяці асобу і дапамагчы гэтай асобе паверыць у сябе. Больш за тое: Марына Мікалаеўна не вяла, па сённяшніх мерках, прафарыентацыйную працу. А дзеці вучыліся займацца ўлюбёнай справай сур’ёзна ды адказна. Напэўна, таму сярод нашага выпуску ёсць выдатныя лекары, інжынеры, эканамісты, рэжысёры, педагогі і, вядома ж, артысты народнага танца. На яе занятках самыя “цяжкія” вучні школ станавіліся адказнымі, стараннымі і таленавітымі ...

У чым быў сакрэт Марыны Мікалаеўны? Так проста адказаць сёння: яна вельмі любіла дзяцей і працу. А наогул, як шкада, што сёння мы рэдка прыгадваем такіх педагогаў… Ейны калектыў, дзіцячы харэаграфічны ансамбль танца “Равеснік”, выхаваў не адну тысячу хлопчыкаў і дзяўчынак Мінска. Цяперашні кіраўнік ансамбля Таццяна Семчанка заўсёды на канцэртах з падзякай успамінае яго заснавальніка Марыну Бяльзацкую. Сёння ў “Равесніку” шмат дзяцей, добрая ды цёплая атмасфера. І хочацца запэўніць усіх удзельнікаў папярэдніх пакаленняў, што ў ансамблі заўсёды нам рады і тут ёсць усім месца для зносін.

А ведаеце, хацелася б бачыць штогадовы Баль, прысвечаны Марыне Мікалаеўне: такія педагогі, паўтаруся, не могуць сыходзіць бясследна, пра іх трэба памятаць, а досвед — пераймаць. Як прыемна, што ва Універсітэце культуры і мастацтваў сталі праводзіць канферэнцыю, прысвечаную выдатнаму педагогу, навукоўцу, колішняму рэктару щстановы Ядвізе Грыгаровіч. На мой погляд, тут магчыма і правядзенне імяннога рэспубліканскага семінара, дзе неабходна не толькі дэманстраваць вынікі працы з творчымі харэаграфічнымі калектывамі, але і абмяркоўваць праблемы выхавання, дзяліцца досведам і вывучаць харэаграфічную спадчыну Марыны Бяльзацкай. Яе пастаноўкі мусяць быць уключаны ў залаты фонд дзіцячай харэаграфічнай спадчыны, які пара ўжо стварыць. А, выпускнікам, што працуюць у бізнесе, варта падумаць аб стварэнні Фонду Марыны Бяльзацкай, які падтрымліваў бы лепшых педагогаў у сферы харэаграфіі.

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: