“У сферу культуры павінны прыйсці менеджэры”

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Гэтая фраза з выступлення на выніковай калегіі Міністэрства культуры віцэ-прэм’ера Аляксандра Косінца стала лейтматывам на мерапрыемствах з нагоды 15-годдзя кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці БДУ культуры і мастацтваў. Сёння задача для выкладчыкаў — выпрацаваць адукацыйныя тэхналогіі, якія дадуць магчымасць рыхтаваць спецыялістаў не толькі для ўмоў развіцця буйнога мегаполіса, але і для вёсак, аграгарадкоў.

 /i/content/pi/cult/150/1104/Nadzennaje.jpg
Сёння кафедра менеджменту сацыякультурнай дзейнасці выпускае штогод 50 менеджэраў на дзённым аддзяленні і прыкладна столькі ж з ліку выпускнікоў-завочнікаў.

Пры паступленні на гэтую спецыялізацыю, бадай, самы высокі конкурс — 12 чалавек на месца. Кафедра адна з тых, дзе найбольш актыўна аказваюць платныя адукацыйныя паслугі.

З нагоды яе 15-годдзя ва універсітэце прайшлі адкрытае пасяджэнне кафедры са справаздачай загадчыцы, кандыдата педагагічных навук Алены Макаравай аб тым, што зроблена за згаданы перыяд. Былі і выступленні калег, партнёраў, выпускнікоў, “круглы стол” на тэму: “Сучасная ўстанова культуры: рэальнасць і перспектывы”, шоу-праграма “Сваё кола” ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў, у якой усё — ад арэнды памяшкання і пошуку спонсараў да мастацкіх нумароў — было зроблена студэнтамі кафедры.

Мы ж вырашылі паказаць дзейнасць кафедры праз пасяджэнне “круглага стала”. Удзел у ім узялі каля 20 чалавек з ліку выкладчыкаў кафедры і універсітэта, каледжа культуры і мастацтваў, кіраўнікоў культарганізацый і ўстаноў з рэгіёнаў і сталіцы.

Адкрываючы пасяджэнне, вядучая А.Макарава прасіла выказваць думкі аб тым, што ўяўляе сабой мадэль культустановы ў рэгіёне, чым яна адрозніваецца ад мадэлі ўстановы культуры ў вялікім горадзе і, адпаведна, якой павінна быць падрыхтоўка спецыялістаў для рэгіёна.

Прысутным, асабліва практыкам, было прапанавана звярнуць увагу на “вузкія месцы” ў падрыхтоўцы спецыялістаў.

Магчыма, абмеркаванне аказалася больш агульным, чым чакалі арганізатары. Але, безумоўна, акрэсленая ўдзельнікамі “круглага стала” праблематыка, якую можна падзяліць на два блокі — тэарэтычная і практычная падрыхтоўка спецыялістаў-менеджэраў, уяўляе цікавасць для чытача.

Бадай, першае, што прагучала з вуснаў удзельнікаў гэтага абмеркавання: спецыялісты-менеджэры павінны павінны арыентавацца ў прасторы сусветнай культуры, айчыннай культуры і мастацтва. Гэтую думку агучыў намеснік дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Аляксандр Пятровіч.

— І сапраўды, — падтрымала яго супрацоўніца Гродзенскай абласной філармоніі Ірына Ягоўдзік, — сярод людзей, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў і гастролей, у нас мала хто добра ведае мастацтва. Магчыма, адна з прычын стратнасці філарманічных канцэртаў у тым, што іх арганізатары не заўсёды добра разумеюць, што прапануюць гледачу. Спецыялісты-менеджэры павінны валодаць як спецыяльнымі дысцыплінамі, так і мець сур’ёзную падрыхтоўку па мастацтве, а яшчэ, безумоўна, ведаць аўдыторыю, з якой працуюць.

Разам з тым, гаварылася на “круглым стале”, добрыя спецыялісты-менеджэры ў нейкай ступені ўплываюць на фарміраванне рэпертуару.

— А з другога боку, ведамі па асновах менеджменту павінен валодаць кожны спецыяліст у культуры, — падкрэсліла ў сваім выступленні дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна Святлана Сарока. — У маёй установе працуе 151 чалавек, 40 працэнтаў з якіх — людзі творчыя. За 5 гадоў існавання Палаца мы правялі 2 тысячы мерапрыемстваў, 217 з іх — міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога маштабу. Гэта паспяховыя мерапрыемствы, яны збіралі вялікую аўдыторыю, мелі шырокі рэзананс. Каб праводзіць іх у такой колькасці і на такім узроўні, мы кожнага, у тым ліку і творчага супрацоўніка, замацоўваем за пэўным праектам. Займацца яго арганізацыяй трэба ад “А” да “Я” — і творчай часткай, і фінансавай. Сама я па першай сваёй спецыяльнасці харавік, а па другой — менеджэр. І лічу, што менавіта спалучэнне творчых ведаў і менеджменту дае добрыя вынікі. Прытым наша праца скіравана не толькі на заробак грошай і не толькі на шоу-праграмы. Маем у сваім актыве, да прыкладу, пастаноўку оперы: мы выкарысталі тое, што ў Маладзечанскім музычным вучылішчы імя М.К. Агінскага ёсць сімфанічны аркестр, моцнае харавое аддзяленне.

І хоць, з улікам пераводу універсітэта з 5-гадовага на 4-гадовы тэрмін навучання, пашырыць колькасць вучэбных дысцыплін даволі праблематычна, удзельнікамі “круглага стала” зроблены наступныя высновы: студэнтам мастацкіх спецыялізацый патрэбна веданне асноў менеджменту, а студэнтам — будучым менеджэрам — трэба ведаць многае з таго, што вывучаецца на мастацкіх спецыялізацыях.

Выкладчыца Мінскага каледжа культуры і мастацтваў Галіна Малашына ў сваім выступленні адзначыла, штоспецыялісты універсітэцкай кафедры менеджменту дапамаглі стварыць адпаведную спецыялізацыю і ў каледжы. І агучыла прапанову: трэба прымаць лепшых навучэнцаў гэтай спецыялізацыі адразу на другі курс універсітэта. У дачыненні да тых, хто вучыцца на мастацкіх спецыялізацыях, гэта робіцца ўжо зараз.

Абмеркавалі ўдзельнікі “круглага стала” і шэраг пытанняў, звязаных з практычнай падрыхтоўкай будучых менеджэраў. Сёння ўсе буйныя ўстановы культуры займаюцца гастрольна-канцэртнай дзейнасцю. Той жа Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы здзяйсняе такія праекты, як “Ноч оперы ля сцен Мірскага замка”, “Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен Старажытнай Сафіі”, ладзіць гастролі за мяжой. Хочацца далучыць да гэтай працы і студэнтаў, якія праходзяць у тэатры практыку.

Але як гэта зрабіць, калі, згодна з дзеючымі інструкцыямі, выкарыстоўваць студэнтаў можна толькі ў тым населеным пункце, куды яны накіраваны? Відавочна, што патрэбны змяненні ў адпаведных нарматыўных дакументах.

Як лічыць арганізатар студэнцкай практыкі на кафедры менеджменту, старшы выкладчык Ірына Смарговіч, не толькі пераддыпломная практыка, але і не менш паловы студэнцкіх практычных заняткаў увогуле павінны праходзіць ва ўстановах культуры.

Яшчэ адно важнае пытанне — выкарыстанне ў навучальным працэсе досведу лепшых спецыялістаў-практыкаў. Уведзеная ў новы Закон аб адукацыі норма, паводле якой чытаць студэнтам лекцыі могуць толькі тыя, хто мае навуковае званне, з аднаго боку, павышае ўзровень выкладання тэорыі, з другога — стварае праблему з прыцягненнем да гэтай справы ўласна менеджэраў высокага ўзроўню, калі яны не з’яўляюцца кандыдатамі ці дактарамі навук. Вырашэннем можа стаць больш шырокая стажыроўка ва ўстановах культуры саміх выкладчыкаў, гаварылі падчас “круглага стала” дацэнт Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Леанід Сідараў, дырэктар сталічнага Палаца культуры “Лошыцкі” Уладзімір Шавялёў.

Пра запатрабаванасць ведаў у сферы менеджменту сведчыла выступленне начальніка аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргея Сяўко. Ён засяродзіў увагу на тым, што адпаведныяведы трэба даваць таксама культработнікам-практыкам, што прыязджаюць у сталіцу павышаць кваліфікацыю. Метадыст “Мінскканцэрта” Наталля Кавальчук паабяцала сабраць вялікую аўдыторыю з работнікаў сталічных клубных устаноў у выпадку, калі б выкладчыкі кафедры менеджменту пажадалі выступіць перад імі з лекцыямі.

Наконт працы спецыялістаў-менеджэраў у рэгіёнах удзельнікі “круглага стала” сышліся на тым, што гэта павінны быць людзі, якія добра ўяўляюць спецыфіку работы на вёсцы. Прычым, магчыма, не толькі ў культустановах, а ва ўсёй сацыякультурнай сферы.

Дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці, кандыдат педагагічных навук Мікалай Каралёў засяродзіў увагу на стварэнні ў сельскай мясцовасці ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі шэрагу ўстаноў новага тыпу: цэнтраў культуры і правядзення вольнага часу, культурна-адукацыйных комплексаў, дамоў сацыяльна-культурных паслуг, цэнтраў на базе аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны... На яго думку, нават такія, крыху экзатычныя сёння для сельскай мясцовасці віды дзейнасці, як менеджмент у шоу-бізнесе, спорце, турызме, ужо запатрабаваны.

Праўда, з улікам таго, што 80 працэнтаў студэнтаў дзённага аддзялення спецыялізацыі “менеджмент” вучыцца на платнай аснове, складваецца ўражанне, што сельскія рэгіёны наўрад ці атрымаюць гэтых спецыялістаў хутка. Бо той, хто ўкладвае ўласныя сродкі ў менеджэрскую адукацыю, звычайна робіць гэта не дзеля таго, каб працаваць на вёсцы.

Але на кафедры менеджменту спадзяюцца на пашырэнне сферы сваёй дзейнасці. На тое, што спецыялізацыі з цягам часу вырастуць у спецыяльнасці, дый, урэшце, кафедра стане факультэтам.

Прарэктар БДУ культуры і мастацтваў, доктар гістарычных навук Марына Бяспалава ў сваім рэзюме па выніках “круглага стала” зрабіла наступныя высновы. Па-першае, эксперымент са стварэннем кафедры і падрыхтоўкі спецыялістаў-менеджэраў для сферы культуры стаўся паспяховым. Па-другое, у спецыялістаў гэтай сферы шмат напрацовак і досведу, якія ўяўляюць цікавасць як з чыста прафесійнага, так і з навуковага пунктаў гледжання. Але шкада, што гэтыя спецыялісты недастаткова сябе пазіцыянуюць у галіне культуры.

 

Наталля РУСАК