І залатое руно...

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Касцюковіцкі раённы цэнтр культуры
Сёння ў структуру ЦКС уваходзяць 224 установы клубнага тыпу, у тым ліку — Раённы цэнтр культуры, Маладзёжны культурны цэнтр “Юнацтва”, РДР, кінавідэацэнтр “Свет”, аўтаклуб.

Пры Цэнтры дзейнічаюць два метадычныя аддзелы: народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці, збольшага забяспечваючы падтрымкай сяло. Лідарам творчых ініцыятыў, пазабюджэтных даходаў з’яўляецца Раённы цэнтр культуры.

"РЦК, — працягвае намеснік дырэктара Касцюковіцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Дробышава, — курыруе ўсе буйныя культурныя акцыі раёна: Абласное свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, раённыя конкурс “Песня года” і конкурс самадзейнасці працоўных калектываў…"

За дзесяць месяцаў РЦК зарабіў звыш 170 мільёнаў пазабюджэтных рублёў пры плане больш за 144 мільёны. Запланаваны навагодні мюзікл “У пошуках залатога руна” абяцае даць неблагі грашовы прыбытак. Лішне казаць, што да Новага года цяпер рыхтуюцца і ў сельскіх установах са складу ЦКС.

На сёння ў раёне 19 народных і ўзорных самадзейных калектываў, у тым ліку 9 — у РЦК. Раённы цэнтр культуры сістэмна займаецца і адраджэннем народнай спадчыны. Наталля Дробышава пераконвае, што ўстанова плануе прадоўжыць вывучэнне праяў нематэрыяльнай культуры. Да прыкладу, цікавыя элементы Купалля існуюць у паселішчы Пралетарскі, дзе для агульнага абрадавага вогнішча дровы збіраюцца з кожнага сельскага падворка. Усё гэта цяпер запісваецца і сістэматызуецца.

Сёлета “К” пісала пра Гусінае свята ў вёсцы Белая Дуброва. Адроджаная традыцыя абяцае стаць для Касцюковіччыны пастаяннай і брэндавай. Над тым, каб мерапрыемства стала больш відовішчным, працуюць метадысты з Цэнтра культуры. Адраджаецца абрад Івана Багаслова. Гэта — своеасаблівыя дажынкі на гародзе. У планах работнікаў РЦК — і рэканструкцыя Журавінавых святаў. У сувязі з гэтым мясцовым даследчыкам успомнілася, што ў раёне існавалі калісьці замовы ад змей, — імі карысталіся паляўнічыя ды грыбнікі з ягаднікамі. Былі звароты да лесу і словы ўдзячнасці яму. Усё гэта будзе адраджацца пры дапамозе Раённага цэнтра культуры.

Яшчэ адна перспектыва дзейнасці РЦК. Калісьці ў вёсцы Новыя Саматэвічы ладзіўся вялізны кірмаш, на які з’язджаліся гандляры ды пакупнікі з Украіны і Расіі. Цяпер Новыя Саматэвічы сталі аграгарадком, у работнікаў культуры раёна з’явілася жаданне больш падрабязна даследаваць гісторыю кірмашу і адрадзіць яго з максімальнай дакладнасцю.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"