Акалічнасці настаўніцтва

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Мастак, які можа даць творчы прагноз
Працягваем узнятую ў мінулым нумары “К” тэму выкладання ў дзіцячых школах мастацтваў. Тады мы закранулі аспекты падыходу як да канкрэтнага курса, так і да сістэмы ды прыярытэтаў у выкладанні наогул. Сёння ж пра асобу выкладчыка мастацкіх дысцыплін і аб прафесійных якасцях разважае выкладчык Гродзенскай дзіцячай мастацкай школы, жывапісец Вікторыя ІЛЬІНА. Дарэчы, яе выстаўка працуе гэтымі днямі ў сталічнай галерэі “Мастацтва”.

/i/content/pi/cult/512/11038/13-1.jpgНе замыкацца

— Пра магчымасць працаваць настаўнікам, вучыць дзяцей выяўленчаму мастацтву я задумвалася яшчэ ў час атрымання вышэйшай адукацыі. У нас быў выкладчык, які арыентаваў студэнтаў — будучых мастакоў на гэтую прафесію. Ён казаў, што творцу не варта замыкацца ў сваёй майстэрні і забываць пра навакольны свет, што творчасць без публікі не мае сэнсу. А выкладаючы выяўленчае мастацтва дзецям, мы якраз і ствараем аўдыторыю. І гэта сапраўды так. Я разглядала такі варыянт сваёй прафесійнай будучыні, але не лічыла яго адзіным. Справа ў тым, што ў мяне перад вачыма быў досвед маёй мамы, якая працавала школьнай настаўніцай. Я бачыла, колькі нерваў ёй тая праца каштавала. Дый заробкі ў школе невысокія…

А здарылася так, што па заканчэнні інстытута я вярнулася ў Гродна і мне прапанавалі працу ў мастацкай школе, дзе якраз набіраўся штат выкладчыкаў. Я пагадзілася. Меркавала, што гэтая работа будзе для мяне дадаткам да асноўнай — на мастацкім камбінаце. Спачатку я да школы прызвычаілася, а потым высветлілася, што работа з дзецьмі ў настаўніцкім калектыве мне пасуе. Мне было б сумна засяродзіцца выключна на карцінах, абмежаваць свой свет сценамі майстэрні, палатном ды фарбамі. Мне патрэбен сяброўскі асяродак, сумоўе. Нарэшце, мне хочацца прыгожа апрануцца ды выйсці ў людзі. Усё гэта я маю на сваёй працы…

Прагназаваць

— Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая робіць настаўніцтва прывабным для мяне. Гэта магчымасць з вялікай доляй верагоднасці прагназаваць вынік сваіх намаганняў. Творчасць прадугледжвае рызыку, нагадвае латарэю: невядома, спатрэбіцца камусьці твая карціна ці не, знойдзецца на яе пакупнік ці не. А тут, маючы пэўны досвед, я бадай адразу бачу, на што скіраваны талент таго або іншага вучня, што з яго ўрэшце атрымаецца. Магу мэтанакіравана спрыяць развіццю ягоных здольнасцей. Так што ў школе бачыш вынік сваёй працы, і мне гэта даспадобы…

Нібыта спорт?

— Адно шкада: сёння настаўнікі, прынамсі, у той сферы, да якой я маю дачыненне, перагружаны складаннем планаў, справаздач, нарадамі, абмеркаваннямі, пацвярджэннем кваліфікацыі… Усё гэта адцягвае ад жывой працы. Ну скажыце, што мне да тых курсаў павышэння кваліфікацыі, дзе мяне вучаць, як нацюрморт маляваць? Я сама гэта ўмею. Вось каб навучылі працаваць з камп’ютарам, карыстацца фотарэдактарамі… Ізноў жа, ад нас патрабуюць, каб нашы выхаванцы абавязкова ўдзельнічалі ў конкурсах і там перамагалі, нібыта выяўленчае мастацтва — гэта спорт!

Пра аўтарытэт

— Я адчуваю, што праца з дзецьмі адбіваецца на маім характары. Я калісьці чула, што ў некаторых краінах чалавек, які сем гадоў прапрацаваў настаўнікам, не можа быць сведкам у судзе. Маўляў, справа ў тым, што ён успрымае рэчаіснасць не такой, якая яна насамрэч ёсць, а такой, якой яна нібыта павінна быць. Гэта вынік таго, што настаўнік прызвычайваецца да таго, што ягоная думка, ягонае слова — закон для вучня. Калі-нікалі я спрабую глядзець на сябе збоку і, бывае, заўважаю ў сябе настаўніцкія інтанацыі нават у размове з сябрамі… У прынцыпе ж, я за даверныя стасункі паміж настаўнікам ды вучнем, але ж на справе трэба і пра аўтарытэт свой дбаць, і ўмець прымусіць вучняў цябе слухаць…

А ён табе згадае Нікаса Сафронава

— Я найперш вучу жывапісу і кампазіцыі. Гісторыя мастацтва — гэта асобны прадмет, які ў нас вывучаюць з другога класа. Але пэўныя веды пра сусветную мастацкую культуру вучні атрымліваюць і ад мяне, бо я спасылаюся на творы вялікіх мастакоў, калі тлумачу тое або іншае заданне. Скажам, дзецям прапануецца маляваць у стылі імпрэсіяністаў ці прадстаўнікоў іншых мастацкіх плыняў.

Мы звычайна цікавімся ў тых, хто прыходзіць у нашу школу, пра любімага мастака. Як правіла, у адказ чуем славутыя імёны. Цяпер жа, не паверыце, вучыцца мастацтву прыходзяць дзеці, у якіх любімых мастакоў няма… А калі націснеш — ну хоць якога мастака назаві, — ён табе згадае… Нікаса Сафронава. Я гэтую сітуацыю нават каментаваць не буду…

Фота Ільі ГЕЛЕЯ

 

Кажа эксперт

Сяргей ПЕТРАЧЭНКА, дырэктар Клімавіцкай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў:

— Я ганаруся, што амаль усе выкладчыкі школы — гэта нашы былыя выпускнікі. Што іх цягне назад? Напэўна, некаторым з іх і хацелася б па заканчэнні адпаведных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў застацца ў вялікім горадзе, але ёсць такi ўнутраны стан чалавека, як пачуццё малой радзімы, любоў да таго краю, дзе нарадзіўся і вырас, да тых людзей, якія cкіравалі па шляху, што стаў потым прафесіяй. Я не ўзяў бы на сябе смеласць казаць, што ў нас існуюць нейкія асаблівыя традыцыі. Хутчэй, можна сказаць пра нейкую духоўную сувязь — пра адчуванне сябе часцінкай не толькі краіны, але і канкрэтнай вобласці, раёна, горада. Вось гэтая традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне: ад настаўнікаў — вучням, ад вучняў, якія сталі педагогамі, — ізноў дзецям. Дый многія займелі ў Клімавічах уласныя сем’і…

Калі я чую, што дзесьці з кадрамі чахарда, дык мяне гэта, натуральна, засмучае. На шчасце, падобныя ратацыі нас не датычацца. Ці ўплываюць частыя перастаноўкі ў педагагічным складзе на якасць выкладання? Думаю, толькі ў тым выпадку, калі самі гэтыя кадры няякасныя. Калі ж на змену класнаму спецыялісту прыходзіць гэткі ж таленавіты чалавек, то і дзеці возьмуць ад яго толькі добрае…

Занатаваў Алег КЛІМАЎ

 

Хэдлайн рэгіёна

Раскоша (не) выкладаць

Сярод маіх знаёмых мастакоў мала тых, хто можа дазволіць сабе раскошу жыць выключна з творчасці. Большасць мае сталую працу ў выдавецтвах або навучальных установах рознага ўзроўню — ад Дзіцячай школы мастацтваў да Акадэміі мастацтваў.

Прычым выкладальніцтва не цураюцца не толькі пачаткоўцы — учарашнія выпускнікі мастацкіх ВНУ, але і асобы з ганаровымі званнямі. Не для ўсіх настаўніцтва — родная стыхія. Проста, прафесія, запісаная ў дыпломе, не корміць, вось і даводзіцца шукаць дадатковы заробак, які з часам становіцца асноўным. Сам мастак можа ўспрымаць такую сітуацыю як драму, але для культуры зусім някепска, што пачатковыя веды па выяўленчым мастацтве дзеці атрымліваюць ад профі высокага класа.

У школе выяўленчага мастацтва роля першага настаўніка такая ж важная, як і ў звычайнай школе. Я — не мастак, хоць і маю адпаведную адукацыю. Мяркую, аднак, што знаёмства з гісторыяй культуры і ўласныя спробы стварыць нешта вартае з дапамогай алоўка ды пэндзля шмат што вызначылі ў маім характары, маім лёсе. Інакш кажучы, зрабілі мяне тым, хто я ёсць. Дагэтуль памятаю словы свайго настаўніка Аляксея Рыгоравіча ў Дзіцячай мастацкай школе: “Трэба рабіць дакладна, каб атрымалася прыблізна”.

Мне даводзілася чуць пра выдатных майстроў, якія аддавалі свой час і, як прынята казаць, частку сваёй душы дзецям, вучням. Іхнімі намаганнямі ў невялікіх гарадах узнікалі культурныя асяродкі, выхадцамі з якіх сілкаваліся абласныя цэнтры ды сталіца нашай краіны. Першым я назаву Уладзіміра Садзіна, які стварыў у Слуцку мастацкую школу як з'яву. З яе сцен выйшлі такія знаныя майстры, як Уладзімір і Міхась Басалыгі, Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір Голуб, Уладзімір Цэслер… З Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім, мастаком з Маладзечна, я сустракаўся асабіста. З яго школы выйшла нямала тых, хто паспяхова прадаўжаў вучобу ў мастацкіх ВНУ. Выключны педагагічны талент маладзечанскага настаўніка выяўляўся ў тым, што вучні не капіравалі ягоны стыль. Той, хто бачыў іхнія работы, казаў: “Як добра, што вы нідзе не вучыліся і захавалі свежасць успрымання свету”. Між тым, школу яны атрымлівалі выдатную… Шмат зрабіла для родных Бялынічаў Ларыса Журавовіч, мастак адметнага стылю і настаўнік Дзіцячай мастацкай школы.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"