Блінцы для Горада Дзяцінства

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

На "кухні" рэжысёра Алены Ледаховіч
20 лістапада ў аграгарадку “Сеніца” прайшоў канцэрт калектываў Мінскага раёна. Выступілі 340 удзельнікаў. Выступілі так, што мерапрыемства ператварылася ў падзею. Шараговы канцэрт становіцца адметным відовішчам, калі яго “выбудоўвае” рэжысёр масавых мерапрыемстваў. Мы, на жаль, мала пра апошніх ведаем, бо іх, яркіх ды непаўторных, па пальцах рукі можна пералічыць. Інакш кажучы, падзея ў Сеніцы стала нагодай для гутаркі з намеснікам дырэктара Мінскага раённага цэнтра культуры Аленай ЛЕДАХОВІЧ — менавіта яна стала рэжысёрам справаздачнай акцыі.

/i/content/pi/cult/512/11037/12-2.jpg

Пад час канцэрта ў Сеніцы.

/i/content/pi/cult/512/11037/12-1.jpg— Якая ў вас адукацыя, Алена Валер’еўна?

— У 2000 годзе скончыла Віцебскае вучылішча мастацтваў, атрымала дыплом рэжысёра народных святаў і абрадаў, у 2005 — Універсітэт культуры па гэтай жа спецыяльнасці, кафедрай рэжысуры загадваў тады Пётр Адамавіч Гуд.

— Тым не менш, працуеце намеснікам дырэктара…

— Рэжысура — тая любімая справа, да якой пастаянна цягнецца душа… У РЦК працуюць метадысты практычна па ўсіх жанрах. Работнікі культуры без нашай падтрымкі не застаюцца. Людзі ў камандзе — натхнёныя і ўпэўненыя ў сваіх сілах. Усё робім сумесна ды незалежна ад канкрэтных абавязкаў кожнага.

— Дакажыце, калі ласка, на яскравым прыкладзе, што рэжысура — справа важная.

— Рэжысура — той інструмент, пры дапамозе якога мы прыцягваем увагу вялікай колькасці людзей. У клубныя ўстановы прыходзяць звычайныя людзі, і трэба абраць правільную форму для гаворкі з імі, каб кожнае слова пра рэчы духоўныя, непарушныя дайшло да сэрца, душы. Канцэрт у Сеніцы, да прыкладу, называўся “Аб вечным, існым, непарушным”. Пры дапамозе канцэртных нумароў вялі гаворку пра тое, на чым свет трымаецца: пра міласэрнасць, любоў, каханне… Тэатралізацыя атрымалася кранальнай…

— Вы даказалі, напэўна, што нічога не атрымаецца без добрага сцэнарыя…

— Рэжысёрская мова — закадзіраваная. Пэўныя рэчы мы не агучваем, а паказваем. Я маю на ўвазе не толькі падводкі паміж нумарамі. І тут без матэматыкі не абысціся. Кожны ўдзельнік павінен выйсці на сцэну строга ў свой час. Кожны крок вывяраецца. Глядач, як правіла, на такіх момантах сваю ўвагу не спыняе. Калі ён іх не заўважае — з нашага боку ўсё зроблена тэхнічна дакладна…

— Вось гэтая незаўважная “закадравая” кухня мяне і цікавіць.

— Мерапрыемства ў Сеніцы мы рыхтавалі цягам месяца. Два тыдні метадысты аб’язджалі раён, адсочвалі нумары… Я як рэжысёр спачатку не ведала, у што гэта ўсё выльецца. Ідэя таксама нараджалася два тыдні. Пэўныя выступленні сталі асновай сцэнарыя. Шмат нумароў рыхтавалася спецыяльна, за вельмі кароткі перыяд: за два тыдні, іншыя — за тыдзень. Вялікі дзякуй тым людзям, якія згадзіліся ў такія сціслыя тэрміны на падрыхтоўку неабходных па задуме канцэрта нумароў! Увесь жа канцэрт, што называецца “падымалі на ногі”, рэпеціруючы толькі звязкі паміж нумарамі. Магчымасцей для паўнацэннага прагону не было.

— Канцэрт адбыўся. Шмат было рэжысёрскіх хібаў?

— Будзем спадзявацца, глядзельная зала большасць з іх не заўважыла… Позна прыбралі мікрафоны — адзін з іх зачапіла бальнай сукенкай танцорка… Доўга рэпеціравалі выхад аднаго з калектываў: усё не так было — не здолелі выйсці і ўступіць як след. І пад час канцэрта не атрымалася… Але, калі казаць увогуле, што хацелі гледачу данесці, тое — данеслі.

— Шмат вашых аднакурснікаў засталося ў прафесіі?

— Напэўна, не. Не знайшлі сябе. Паквапіліся на большыя грошы… Я ў вучылішча пайшла толькі таму, што не ведала матэматыкі. Скончыла навучанне з чырвоным дыпломам, таму ва Універсітэце здавала два экзамены толькі. Здала іх на “выдатна” — і прайшла. Аднак не бачыла сябе рэжысёрам і пасля навучання. Чатыры дні на тыдзень працавала ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, а тры дні — прадавала парфуму на рынку… Грошы “рыначныя” былі вельмі вялікія. Брат казаў: “Ды кідай ты сваю капеечную працу па спецыяльнасці…” Праз час рэжысура захапіла, і я ад рынку ўвогуле адмовілася. Займаюся любімай справай і не шкадую. А любімая справа заўжды пракорміць. Я ж яшчэ канцэрты і ў сталіцы вяду…

— “Рэжысура захапіла не адразу”. Мо чагосьці ва Універсітэце не дабралі?

— Толькі досведу. Пакліканне — адна справа. Іншая — досвед, які неабходна пастаянна напрацоўваць…

— Дык мо колькасць навучальных гадзін на практыку трэба павялічыць? Каб з першага курса ВНУ ездзіць на сяло і напрацоўваць навыкі?

— Выязджалі з педагогамі часта, але пакуль сам гузакоў не набе’ш… Памятаю, мяне бабуля вучыла блінцы гатаваць — доўга безвынікова мучылася. Калі ж мяне жыццё прыціснула — я тыя блінцы сама навучылася гатаваць! Пётр Адамавіч Гуд казаў: вы нікому не павінны давяраць — вы і толькі вы адказваеце ў рэжысуры за кожную дробязь! Каманда камандай, але ўсё адсачыць я павінна сваімі вачыма… Думаю, што трэба ўмацоўваць сённяшнюю матэрыяльную базу Універсітэта. У мой час не было мультымедыйных праектараў, экранаў. Асвоіла іх нашмат пазней. Першы вялікі канцэрт у мяне быў у ДК “МТЗ” тры гады таму. Ногі падкошваліся ад страху: ці ж жартачкі — 250 артыстаў на сцэне! І хвалявалі ў той момант менавіта тэхнічныя моманты, тэмпарытм канцэрта, перастаноўкі з нумара на нумар, агучванне калектываў… Тады яшчэ не была гатова размаўляць з гледачом на тэмы, якія турбуюць.

— Вы не будзеце адмаўляць таго, што сёння ў нас — пэўны крызіс рэжысуры нават рэспубліканскіх святаў? Рэжысёраў занадта добра вучаць у ВНУ, каб яны заставаліся ў культуры?

— Гуд быў у Сеніцы і сказаў, што нам трэба на іншы, больш высокі, рэжысёрскі ўзровень выходзіць. Зараз са сцэны прапаноўваюць збольшага забаўкі, шоу. Мы ж закранаем тэматэыку духоўнасці з дапамогай класічных твораў. Паўтаруся: правільная тэма, правільная мова яе раскрыцця — гарантыя поспеху. У адваротным выпадку не будзе прафесійнага росту. Мо ў гэтым прычына крызісу, пра які вы кажаце? Выкладчык Павел Іваноў з Акадэміі мастацтваў нам казаў, што сапраўднымі рэжысёрамі мы станем пасля сарака, калі назапасім пэўны жыццёвы досвед. І ён не памыліўся! Без выпакутаванага ўсведамлення пэўных рэалій праўды са сцэны не скажаш… На апошнім канцэрце перад дзіцячым блокам пра дабрыню на сцэну выйшла адна з нашых салістак — Людміла Пальчык, якая ад імя бабулі вяла гаворку з унукам. Дык вось, гэты вобраз — маёй бабулі, якая вучыла мяне людскасці. Увесь канцэрт пабудаваны на маіх згадках і ўражаннях. А “праз сябе” — гэта заўжды цяжка, але інакш нельга…

— Што рэжа вока, калі бачыце чужое мерапрыемства?

— Седзячы ў глядзельнай зале, я больш пачуваю сябе ў ролі балельшчыка і вучня, а не суддзі. Нават мерапрыемства, якое не ўдалося, не бывае цалкам дрэнным. Заўжды для сябе знайду тое, чым можна ўразіцца, чаму павучыцца, узяць, што называецца, на заметку, як трэба рабіць і як не трэба. А засмучае вось што… На жаль, рэжысёры, не задумваючыся, прапаноўваюць людзям лёгкую, смачную, але зусім не карысную ежу: прыгожыя, яскравыя нумары, спецэфекты — усё лёгка для глядацкага ўспрымання, але не прымушае думаць, не кранае сэрца, не ўзносіць душу… Фіналы амаль аднатыпныя, напрыклад, на песню Анжалікі Агурбаш “Белая Русь”, са спадзяваннем на тое, што праз тыя словы, якія ў ёй гучаць, мы цалкам і поўнасцю выказваем усю любоў да сваёй Радзімы. Між тым, тэму любові да таго месца, дзе ты нарадзіўся, на мой погляд, трэба раскрываць куды глыбей. Каб гэта зразумець, варта ўважліва паслухаць песню “С чего начинается Родина” ў выкананні Марка Бернэса… За адсутнасць тэхнічнасці, пра якую мы ўжо гаварылі, не асуджаю, бо ведаю, наколькі рэжысёрская справа складаная. Урэшце, не ўсё ад рэжысёра залежыць. І ў першую чаргу — чалавечы фактар.

— Рэжысёр павінен гучна крычаць і ўмець лаяцца?

— Ён павінен быць настойлівым. Важна ўмець сумнявацца і слухаць дасведчаных у нейкіх момантах. Але галоўнае слова — за табой. Хоць мае ідэі ажыццяўляе мая каманда, членам якой я бязмежна ўдзячная… Аднойчы да мяне прыйшлі з Універсітэта культуры чатыры старшакурсніцы — узяла адну: не за прыгожыя вочы, а за яснае разуменне таго, што і як трэба рабіць. Засталася ў нас і пасля вучобы. Другая дзяўчынка трапіла па размеркаванні, шчыра прызналася тады, што адпрацуе належнае — і знікне. Чатыры гады прайшло, а ўсё не знікае, бо — спадабалася… Гэта каманда, якую не засмучаюць нізкія заробкі.

— Гаворка ў нас пакуль ішла пра канцэрты. Што яшчэ хацелася б рэалізаваць сваёй камандай у перспектыве?

— Вельмі жадаем стварыць Горад Дзяцінства, дзе будуць сцэна для пастаноўкі казак, памяшканні для гурткоў (не выпадковых, а разумных, выхаваўчых), магчымасці для правядзення Дзён імянінніка… І галоўнае: жыццё тут будзе наладжана супольна з нядзельнымі школкамі ды сямейнымі псіхолагамі. Падтрымкі апошніх нам цяпер хранічна не стае. Пачнём з малога. Горад, як вядома, будуецца не за адзін год...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"